Беларуская Служба

Эміграцыя — гэта цяжка, але я застануся. Шчырая споведзь беларускага студэнта

23.09.2025 07:03
Яму даводзіцца вучыцца на платным аддзяленні і працаваць. З усім спраўляецца. Пра Беларусь больш не думае, не бачыць там перспектывы.
Аўдыё
  • Шчырая споведзь беларускага студэнта.
 . .    1918-1919 .
Ілюстрацыйны здымак. Познань. Музей Вялікапольскага паўстання 1918-1919 год. Фота Паўла Залескага

Аляксандр у Польшчы амаль тры гады. Вучыцца і працуе. Кажа, што некалькі разоў змяняў працу, каб было больш часу на вучобу. Цяпер працуе ў ахове. Лічыць, што галоўнае на гэтым этапе жыцця атрымаць адукацыю, а там, маўляў, будзе лягчэй.

— Я вучуся на платным аддзяленні, і мне трэба працаваць.

Цікаўлюся ў суразмоўцы, як рэальна гэта выглядае — вучыцца і працаваць? Ці стае сілаў на ўсё, ці часам хочацца ўсё кінуць. Хлопец у адказ толькі ўсміхаецца і спакойным голасам кажа:

— Нічога складанага. У мяне камфортны расклад заняткаў, і я спакойна магу сумяшчаць і працу, і вучобу.

Аляксандр вучыцца на платным аддзяленні і павінен плаціць за кожны семестр. Кажа, што пакуль спраўляецца з гэтым. Я цікаўлюся ў яго пра даходы і колькі застаецца на жыццё пасля аплаты за вучобу. Тэма не вельмі цікавая для хлопца, але, паводле яго, многія студэнты так вучацца, і нічога страшнага ад гэтага не адбываецца.

— Плачу каля пяці тысяч злотых за семестр. Працую не кожны дзень і зарабляю чатыры тысячы злотых. Дапамагаюць бацькі, і неяк атрымліваецца жыць. Хочацца знайсці працу, дзе плацяць больш, спадзяюся, што з гэтым у мяне атрымаецца.

Мне тут падабаецца і хачу застацца

У той самы час Аляксандр не хавае, што ў жыцці не ўсё проста, але галоўнае, паводле яго, што ёсць нейкая перспектыва. У Беларусі цяпер, як заўважае суразмоўца, падобных перспектыў наогул не існуе.

— Канечне, усё і тут няпроста, але я спраўляюся. Мне тут падабаецца і нават хачу застацца. Цяжка пакуль па прычыне вучобы, але далей, думаю, будзе значна прасцей.

Пытаюся ў Аляксандра, што канкрэтна яму падабаецца тут і чаму б хацеў застацца ў Польшчы. Хлопец кажа, што, на жаль, гэтага цяпер ужо няма ў Беларусі.

— Мне падабаецца тут свабода, вольнасць такая. Ды і шмат маіх сяброў цяпер жывуць тут. У Беларусі мала хто застаўся з такіх блізкіх людзей.

Большасць маіх сяброў — беларусы, украінцы, часцей размаўляю на рускай мове

Нягледзячы на тое, што Аляксандр жыве ў Польшчы амаль тры гады, асабліва не хваліцца тым, што інтэграваўся ў польскае грамадства. У яго па-ранейшаму сябры беларусы і ўкраінцы, хоць ёсць і палякі.

— Канечне, я не адчуваю, што да канца інтэграваўся ў польскае грамадства. Вучу польскую мову, сачу за польскімі навінамі. Магчыма, недзе на 60–70% інтэграваўся, але не зусім. Большасць маіх сяброў — беларусы, украінцы, часцей размаўляем на рускай мове, хаця для мяне няма праблемы, на якой мове размаўляць. Я магу нават і трохі па-ўкраінску.

Эміграцыя — гэта вельмі цяжка і складана

Мы размаўляем з Аляксандрам пра эміграцыю, вымушаную эміграцыю, і ён з адчувальным сумам глядзіць на гэтыя праблемы. Маладому чалавеку не зразумела, як можна выштурхоўваць людзей з краіны, дзе яны нарадзіліся, і потым не дазваляць туды ўязджаць.

— Эміграцыя — гэта вельмі цяжка і складана. Я нават думаю, што эміграцыя не для ўсіх — гэта вельмі няпроста. Я ўжо да гэтага прывык, але цяжка, што ты знаходзішся ў ізаляцыі ад сваёй краіны. На першых парах — ты проста маргінал, паколькі нічога не разумееш, а трэба шмат працаваць, каб нармальна сябе адчуваць. У сябе ў краіне, якая б яна ні была, усе гэтыя рэчы даюцца лягчэй. А тут — за кватэру заплаціць, купіць паесці, звыклыя рэчы, якія ты рабіў дома, тут даюцца значна цяжэй.

У мяне добрае стаўленне да ўсіх нацыянальнасцяў

У польскім грамадстве Аляксандр бачыць розныя бакі, падкрэслівае, што сустракаў больш дабра, але даводзілася сутыкацца і з не вельмі прыемнымі рэчамі. Напрыклад, з тым, што ў найме кватэры адмаўлялі толькі на той падставе, што ён не паляк. Тым не менш, у яго вельмі добрае стаўленне да палякаў і польскай культуры, якая шмат у чым нагадвае родную.

— У мяне добрыя адносіны з палякамі, але ў мяне добрае стаўленне да ўсіх нацыянальнасцяў. Я лічу, што не мае значэння, якой ты нацыянальнасці, на якой мове ты размаўляеш — галоўнае, каб ты быў добрым чалавекам. Сярод маіх знаёмых беларусаў, украінцаў, палякаў ёсць розныя людзі. І людзі — гэта не пашпарт, не грамадзянства, не мова, гэта нешта большае.

У Беларусі не бачу перспектыў

Цікаўлюся ў Аляксандра, ці часта ён згадвае Беларусь, ці цягне яго туды.

— Насамрэч цяпер ужо не, бо я не бачу там ніякіх перспектыў. І ў будучыні я хацеў бы застацца тут альбо з’ехаць у ЗША. З Беларуссю будучыню сваю, на жаль, не звязваю. Некалі думаў, што міне 2–3 гады і прыеду дамоў, але цяпер разумею, што туды не вярнуся. Магчыма, каб мне было гадоў 50, то сеў бы на першы аўтобус і паехаў на радзіму. Але я малады чалавек, магу тут зрабіць сабе кар’еру, зарабіць больш грошай, а таму не бачу сэнсу вяртацца.

Беларусам варта пераняць у палякаў прыватную ініцыятыву

Напаследак я запытаўся ў Аляксандра, што б ён параіў Беларусі пераняць у Польшчы, паколькі ў яго ўжо ёсць тут пэўны досвед. Але суразмоўца на доўга задумаўся і адказаў не адразу.

— Цяжка сказаць. Магчыма, больш прыватнай ініцыятывы… Яшчэ можа свабоды… Але не ведаю, напэўна, нідзе няма поўнай свабоды, бо ў кожнай краіны свая праўда і свае абмежаванні.

На развітанне Аляксандр пажадаў усім, хто імкнецца вярнуцца дадому, наблізіць гэты час як мага хутчэй. Але сам ён паедзе яшчэ глядзець свет.

Павел Залескі

слухайце далучаны гукавы файл