Апошнія падзеі, калі ў польскую паветраную прастору пачалі залятаць расійскія беспілотныя лятальныя апараты, паказалі неабходнасць рыхтаваць грамадства да такіх выклікаў. І таму розныя дзяржаўныя органы нагадваюць пра магчымасць карыстацца дапаможнікам для жыхароў, як сябе паводзіць у выпадку карытычных абставін. Таксама рыхтуюць такі даведнік для дзяцей.
Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі рыхтуюць даведнік бяспекі для дзяцей і моладзі. Ужо цяпер на дзяржаўных інтэрнэт-сайтах ёсць дарослая версія даведніка па бяспецы. Як мы ўжо паведамлялі, у пачатку наступнага года яго папяровы варыянт будзе разасланы ўсім грамадзянам. Намесніца міністра адукацыі Паўліна Пехна-Венцкевіч (Paulina Piechna-Więckiewicz) паведаміла ў эфіры Польскага радыё, што праца над даведнікам для дзяцей ужо ідзе, неўзабаве ён трапіць у школы. Адукацыйныя ўстановы ўжо атрымалі рэкамендацыі, як размаўляць з вучнямі пра пытанні бяспекі.
— Міністэрства лічбавых спраў, даследчы інстытут NASK прапануюць навучальныя праграмы ды іншыя інструменты. На гэтым тыдні мы разаслалі школам і настаўнікам кароткі дапаможнік, як размаўляць з вучнямі, бо дзеці і моладзь таксама гавораць пра гэта, і вельмі важна адказваць на іх пытанні і падказваць ім надзейныя крыніцы інфармацыі.
Даведнік будзе даступны між іншым у мабільнай праграме mObywatel, дзе можна будзе праверыць, як падрыхтавацца да надзвычайных сітуацый. Адзін з ключавых элементаў падрыхтоўкі — гэта выбраць бяспечнае месца ў кватэры, напрыклад у ванным пакоі або падвале, калі такое памяшканне ёсць у будынку. Аб гэтам нагадаў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Веслаў Леснякевіч (Wiesław Leśniakiewicz), былы галоўны камендант Дзяржаўнай пажарнай службы. Ён таксама заклікаў звяртацца да «Даведніка бяспекі», дзе сабраная ўся неабходная інфармацыя.
— Ён даступны на сайтах розных устаноў, у тым ліку мінабароны, МУС, пажарных службаў і гэтак далей. Мы яго хутка апублікуем яго і пачнём распаўсюджваць. Самае галоўнае ў гэтай сферы нашай абароны — знайсці бяспечнае месца, нават ва ўласным доме. У ідэале гэта павінна быць памяшканне без вокнаў.
Эксперты адзначаюць, што польскі даведнік быў створаны па прыкладзе шведскага крызіснага дапаможніка. У Польшчы такі дапаможнік быў нядаўна складзены экспертамі і пакуль што ён даступны толькі ў віртуальным выглядзе. Гэта карысная кніжка, якая ўпарадкоўвае веды, патрэбныя не толькі падчас ваенных дзеянняў, але і ў выпадку стыхійных бедстваў, - адзначае ваявода Вялікапольшчы Агата Собчык (Agata Sobczyk).
— Вы ў ім знойдзеце інфармацыю пра розныя сігналы бяспекі. Яны бываюць розныя і трэба ведаць, што кожны з іх азначае.
У дапаможніку таксама прыведзены прыклад, як падрыхтаваць так званы трывожны чамадан, якія прадметы павінны ў яго трапіць, - кажа эксперт па пытаннях крызісных сітуацый Пётр Петракоўскі (Piotr Pietrakowski).
— Гэта сітуацыі, звязаныя са стыхійнымі бедствамі, напрыклад, паводкамі. Скажам, на выпадак адключэння падачы электраэнергіі неабходна мець паўэрбанк, які дазволіць зарадзіць тэлефон, калі ёсць яшчэ тэлефонная сувязь. Варта мець таксама радыёпрыёмнік, які працуе як на сонечных батарэйках, так і ад ручнога генератара. І ёсць сувязь.
Тым часам, у гарадах ідзе праверка памяшканняў, якія могуць стаць месцамі часовага сховішча. У Познані такая інвентарызацыя ўжо заканчваецца. Улады горада і камунальныя прадпрыемствы правяраюць, колькі такіх аб’ектаў існуе і колькі каштавала б іх адаптацыя. Спецыялісты па грамадзянскай абароне і будаўнічы нагляд складаюць спіс памяшканняў, што маглі б паслужыць жыхарам у выпадку небяспекі. Намеснік мэра Познані Марцін Голэк (Marcin Gołek) падкрэсліў, што гэтыя дзеянні пачаліся некалькі тыдняў таму.
— Каб не чакаць фінансавання з праграмы ваяводы ці з іншых дзяржаўных сродкаў, мы павінны правесці такі аналіз у межах уласных магчымасцей. Часам мы бачым, што нейкае памяшканне, падвал, хутчэй за ўсё, не будзе адпавядаць патрабаванням, вызначаным у законе. Тым не менш, мы павінны прыкласці намаганні, пагаварыць з уладамі жыллёвых кааператываў і падумаць, ці можна падрыхтаваць гэтыя памяшканні такім чынам, каб жыхары маглі адчуваць сябе ў іх бяспечна.
Як павінна выглядаць такое памяшканне, дзе можна схавацца ў выпадку паветранай трывогі? Гаворыць старшыня Упраўлення камунальнай службы ў Познані Міхал Прымас (Michał Prymas).
— Мы шукаем памяшканні з жалезабетоннымі столямі. Мы шукаем памяшканні, якія можна падрыхтаваць пры адносна мінімальных выдатках. На нашу думку, у некаторых выпадках дастаткова прыбраць памяшканні, якія раней былі пральнямі, месцамі для захоўвання калясак ці ровараў, кацельнямі, якія былі дэмантаваны і заменены ацяпляльнымі ўстаноўкамі.
Інфармацыю пра месцы ўкрыцця і сховішчы можна знайсці ў «Даведніку бяспекі» (poradnik bezpieczeństwa), які даступны на сайтах польскіх дзяржаўных устаноў.
IAR/Polskie Radio Jedynka/нг