30 верасня 1921 года ў Польшчы правялі першы пасля атрымання краінай незалежнасці ўсеагульны перапіс насельніцтва. Польшча, якая ў 1918 годзе стала зноў незалежнай дзяржавай, займала тэрыторыю, што цягам 123 гадоў уваходзіла ў склад трох імперый. Таму для краіны было вельмі важна атрымаць статыстычныя дадзеныя пра этнічны склад, урбанізацыю, эканоміку, адукацыю і іншыя галіны грамадскага жыцця.
Як насельніцтва, так і інфраструктура маладой краіны моцна пацярпелі падчас Першай сусветнай і польска-савецкай войнаў. Менавіта канфлікт з бальшавікамі не дазволіў правесці перапісу раней, які планаваўся ў 1920 годзе.
Перапіс у варшаўскай бальніцы. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Задача правядзення перапісу была ўскладзеная на створанае ў 1918 годзе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. У перапісе ўдзельнічалі 70 тыс. чалавек: прадстаўнікі статыстычнага ведамства, мясцовых грамадзянскіх і ваенных улад і перапісчыкі.
У анкеце былі пытанні адносна полу, узросту, сямейнага становішча, адукацыі, прафесіі, нацыянальнасці, мовы і веравызнання. Таксама дзяржаўныя ўлады цікавілі пытанні, датычныя жылых і гаспадарчых будынкаў, памераў гаспадаркі і колькасці хатняй жывёлы.
Вынікі перапісу былі сабраныя ў 29 тамах, якія былі апублікаваныя толькі ў 1932 годзе, пасля чарговага перапісу, праведзенага ў 1931 годзе.
Па выніках усеагульнага перапісу насельніцтва 30 верасня 1921 года на тэрыторыі Польшчы пражывала 25 млн 690 тыс. 899 чалавек. Гэта зрабіла Польшчу шостай па колькасці насельніцтва краінай у Еўропе.
Сход перапісчыкаў перад працай з грамадзянамі. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Пераважная большасць жыхароў тагачаснай Польшчы (каля 19 млн) жыла ў вёсцы. Найбольшым па лічбе насельніцтва было Львоўскае ваяводства (2 млн 700 тыс.), на другім месцы – Келецкае (2 млн 500 тыс.), на трэцім – Лодзінскае (2 млн 200 тыс.), а на чацвёртым – Варшаўскае ваяводства (2 млн 100 тыс.). Найменшымі былі ваяводствы, размешчаныя на этнічных беларускіх землях: Палескае (880 тыс.) і Навагрудскае (820 тыс.). У абодвух рэгіёнах больш за 80% людзей жыло ў вёсках.
Палескае ваяводства. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Па ўсёй краіне амаль 45% грамадзян не ўмелі чытаць і пісаць. У многіх усходніх рэгіёнах паказчык непісьменнасці перавышаў 80%, а ў Камень-Кашырскім павеце Валынскага ваяводства дасягаў 92%. Праблема была асабліва бачная сярод праваслаўнага і грэка-каталіцкага насельніцтва. Барацьба з непісьменнасцю была адной са шматлікіх задач, з якімі сутыкнуліся ўлады адроджанай польскай дзяржавы. У наступныя гады яны эфектыўна змагаліся з гэтай негатыўнай з’явай, бо перапіс, арганізаваны праз дзесяць гадоў, паказаў скарачэнне ўзроўню непісьменнасці да 27%.
Даваенная Польшча была шматнацыянальнай краінай. Па выніках перапісу 1921 года палякі складалі 69% ад усіх жыхароў краіны. Буйнешымі нацменшасцямі былі ўкраінцы (15%), яўрэі (8%), беларусы (4%) і немцы (3%).
Апрацоўка статыстычных дадзеных. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Палякі пераважалі толькі ў цэнтральных і заходніх ваяводствах, дзе яны складалі больш за 80% насельніцтва. У паўднёвых ваяводствах (Кракаўскае, Львоўскае, Станіславаўскае, Тарнопальскае) адсотак польскага насельніцтва складаў 57%, а ва ўсходніх (Валынскае, Палескае, Навагрудскае) – толькі 31%. У згаданых рэгіёнах больш за 31% насельніцтва дэклараваліся ўкраінцамі, больш за 26% – беларусамі і каля 9% – яўрэямі.
Перапіс 1921 года хоць і меў важнае значэнне, то аднак не цалкам адлюстроўваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Польшчы. Справа ў тым, што Польшча не да канца была сфармаваная тэрытарыяльна, бо Сярэдняя Літва і Верхняя Сілезія былі далучаныя да краіны ў 1922 годзе. А на гэтых землях пражывала больш за 1 млн 500 тыс. чалавек.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл