Беларуская Служба

Польшчы расце колькасць «вязняў чацвёртага паверха»

06.10.2025 16:30
Улічваючы дынаміку старэння польскага насельніцтва, колькасць такіх людзей будзе павялічвацца.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Admiral_Lebioda/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы можа быць да 1 мільёна гэтак званых вязняў чацвёртага паверха, то бок адзінокіх, пажылых людзей, якім усё цяжэй схадзіць у краму, да лекара, вырашаць афіцыйныя справы ці проста працягваць міжчалавечыя зносіны.

Згаданая праблема асабліва балючая ў меншых, раённых гарадах, дзе дамінуюць чатырохпавярховыя шматкватэрныя дамы, без ліфтаў, у якіх – на верхніх паверхах – часта жывуць адзінокія старэйшыя людзі, нагадвае Dziennik Gazeta Prawna.

Улады прапануюць увесці гэтак званую арэнду жылля для пажылых людзей, якія жывуць у памяшканнях, што абмяжоўваюць іх незалежнасць. Згодна з праектам, дамова будзе заключана з муніцыпалітэтам і дазволіць пенсіянерам пераехаць у кватэру без архітэктурных бар'ераў. У гэтым часе, яны часова перададуць свае кватэры мясцовым органам улады, якія змогуць іх арандаваць. Калі пажылы чалавек вырашыць больш не здымаць кватэры ў муніцыпалітэта, то яго ўласная кватэра будзе яму вернутая.

У інтэрвʼю газеце дзяржсакратар з Канцылярыі прэмʼера і міністр па пытаннях палітыкі ў адносінах да пажылых людзей Мажэна Окла-Дрэўновіч (Marzena Okła-Drewnowicz) адзначыла, што той факт, што ў Польшчы ёсць «вязні чацвёртага паверха», агульнавядомы, а ўлічваючы дынаміку старэння насельніцтва, колькасць такіх людзей будзе павялічвацца.

«Аднак, калі мы пачалі шукаць канкрэтныя дадзеныя, яны аказаліся недаступнымі. Таму мы скарысталіся міжнародным даследаваннем: «Апытанне здароўя, старэння і выхаду на пенсію» (SHARE). Паводле яго, у Польшчы можа быць да 1 мільёна такіх асобаў. Між тым, «чацвёрты паверх» – гэты ўмоўны тэрмін, бо мы таксама маем на ўвазе ніжэйшыя паверхі ў будынках без ліфтаў. Такім чынам, маштаб зʼявы вялікі і пастаянна расце», – адзначыла палітык.

Іншая праблема, хоць 60% пажылых людзей валодаюць сваім жыллём, то 80% з іх не зацікаўленыя зменай кватэры.

«Між тым, сітуацыя асобаў, якія жылі на трэціх ці чацвёртых паверхах будынкаў некалькі дзясяткаў ці нават больш за дзесяць гадоў таму, была іншай, чым сёння. Тады яны мелі вакол сябе дзяцей. Цяпер, асабліва ў раённых гарадах, дзе пераважаюць чатырохпавярховыя шматкватэрныя дамы, адзінокія людзі часта жывуць на верхніх паверхах у двух- ці трохпакаёвых кватэрах, у якіх раней яны жылі са сваімі семʼямі», – адзначыла міністр. Цяпер гэтым людзям каля 80-ці гадоў, а іхным дзецям, якія ў 1990-х гадах мігравалі ў буйныя гарады на працу, па пяцьдзясят.

«Я была здзіўлена, колькі людзей падчас аднаго з вулічных апытанняў сказалі: «Сёння я добра спраўляюся, але не ведаю, якой будзе будучыня(…) Нават, калі 80% не скарыстаюцца гэтым рашэннем, то гэтыя 20%, якія скарыстаюцца – гэта ж тысячы людзей. Чаму б не даць ім гэтую магчымасць?» – канстатуе ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna міністр па пытаннях палітыкі ў адносінах да пажылых людзей Мажэна Окла-Дрэўновіч.

аз

Турызм для пажылых людзей у Польшчы. Куды варта паехаць?

28.09.2025 11:12
Людзі сталага веку ўсё часцей выбіраюць падарожжы не толькі як спосаб палепшыць здароўе, але і як магчымасць адкрываць новыя мясціны, удзельнічаць у культурным жыцці, адчуваць сябе часткай сучаснага грамадства.