Беларуская Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org адзначае ў гэтым годзе свой юбілей — 25 гадоў з дня заснавання. І вось Міністэрства інфармацыі Беларусі падрыхтавала для яе своеасаблівы падарунак — некалькі дзён таму занесла сайт бібліятэкі, а таксама яе сацыяльныя сеткі ў Facebook, X і Telegram у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Заснавальнік і кіраўнік праекту Яраслаў Іванюк адказвае на пытанне, ці гэта нешта зменіць у працы рэдакцыі.
— Калі рэжым баіцца літаратуры, баіцца сайтаў, якія папулярызуюць літаратуру, гэта жахліва. Рэжым не ведае, што зрабіць і такімі дзеяннямі пачынае кіравацца. У прынцыпе, гэта не надта нас здзівіла, таму што ў 2023 годзе нас прыблакавалі, але ў нас некалькі «люстэрак», а беларусы дасканала карыстаюцца тэхналогіяй vpn. Таму гэта не паўплывала на наведванне нашага сайту. Магчыма, цяпер паўплывае, бо за лайкі пад нашымі постамі пагражае фінансавая кара — штраф, а за рэпост — нават суткі. Нібыта за карыстанне сайтам нічога не пагражае, але ў Беларусі, як гаварыў сам Лукашэнка, «часам не да законаў», таму можа быць па-рознаму.
На нашу працу гэта не паўплывае. Нас заблакавалі, таму што мы — беларуская Інтэрнэт-бібліятэка, а рэжым стварае нейкую іншую нацыю, не беларусаў, залежыць яму на як найбольшым набліжэнні да ўсходняга суседа.
А што сярод навінак на вашым сайце, што можна параіць слухачам паслухаць, пачытаць?
— На нашым youtube-канале больш за 60 аўдыё-букаў, апошнім часам мы дадалі раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Неўзабаве з’явіцца другая частка кнігі Ігара Бабкова «Хвілінка», якая, на маю думку, лепшая за першую. Акрамя таго, надалей з’яўляюцца аблічбаваныя архіўныя нумары беларускай прэсы. Мы пачалі нашу працу з аблічбоўвання беларускай незалежнай прэсы, і цяпер яна даступная на «Камунікаце». А цяпер, у сувязі з тым, што ні незалежныя даследчыкі, якія з’ехалі пасля 2020 года, ні заходнія даследчыкі не могуць спакойна паехаць у Беларусь, мы вырашылі, што трэба даць таксама магчымасць карыстацца беларускай дзяржаўнай прэсай. Гэтая прэса з пачатку 90-ых гадоў была сапраўды беларускай.
У Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве (OSW — Ośrodek Studiów Wschodnich — рэд.) я знайшоў бюлетэні Вярхоўнага Савета з пачатку 90-ых. Выстаўляючы адзін з іх на Фэйсбуку, я напісаў, што гэта, відаць, мала дзе даступнае. На што Сяргей Навумчык, якія тады быў дэпутатам ВС, адпісаў: «Яраслаў, не „мала дзе“, а нідзе не даступнае». Таму што нават у Беларусі гэты бюлетэнь быў перададзены ў спецсховішча, ім не можна пакарыстацца проста так.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
нг