Беларуская Служба

Палякі змагаюцца з крызісам псіхічнага здароўя, б’юць трывогу эксперты

09.10.2025 16:30
«У настолькі складаны час у псіхіятрыю трэба абавязкова інвеставаць», – пераконваюць псіхіятры.
Аўдыё
  • Палякі змагаюцца з крызісам псіхічнага здароўя
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. PDPics/pixabay.com/CC0 Public Domain

10 кастрычніка – адзначаецца Сусветны дзень псіхічнага здароўя. Яго мэта – садзейнічаць ахове псіхічнага здароўя і прасоўваць ведаў аб праблемах псіхічнага здароўя, з якімі сутыкаецца ўсё большая колькасць людзей. Ён таксама накіраваны на барацьбу са стыгмай, забеспячэнне шырокай адукацыі і дапамогу тым, хто мае такую патрэбу.

Сусветны дзень псіхічнага здароўя быў ініцыяваны Сусветнай федэрацыяй псіхічнага здароўя і ўпершыню ён быў адзначаны 10 кастрычніка 1992 года. З таго часу ён праводзіцца штогод, кожны раз пад іншым лозунгам. Сёлета яго галоўная тэма сканцэнтравана на доступе да паслуг па ахове псіхічнага здароўя ў крызісных сітуацыях.
Тэму працягвае Анна Задрожна:

На жаль, псіхічнае здароўе палякаў пагаршаецца. Колькасць людзей, якія змагаюцца з рознымі відамі псіхічных расстройстваў, пастаянна расце, а гэта, у тым ліку, стварае дадатковыя выдаткі ў сістэме аховы здароўя.
Напрыклад, у мінулым годзе Установа сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych, ZUS) выдаткавала на бальнічныя, выдадзеныя з-за псіхічных расстройстваў рэкордную суму, то бок больш за 10 мільярдаў злотых (больш за 2 мільярды еўра).

Адна з прычын працяглай непрацаздольнасці – вынік таго, што пацыенты не атрымліваюць своечасовай спецыялізаванай дапамогі, падкрэслівае псіхіятр з Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Марцін Войнар (Marcin Wojnar):

- Некаторыя псіхічныя расстройствы становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. У сваю чаргу кошт бальнічных вынікае з таго, што непрацаздольнасць, як правіла, працяглая. Але гэта таксама віна такіх перашкодаў, як доўгія чэргі да лекараў спецыялістаў – на візіт у лекара-псіхіятра трэба чакаць некалькі месяцаў. Калі б пацыент хутчэй атрымаў неабходную дапамогу, то ён бы хутчэй выздаравеў і вярнуўся на працу.

Адным з найбольш распаўсюджаных псіхічных расстройстваў з'яўляецца дэпрэсія, якая доўжыцца працяглы час і ўскладняе вяртанне на працы, кажа псіхолаг і старшыня Фонду «Твары дэпрэсіі» Анна Мараўска-Баровец (Anna Morawska – Borowiec):

- Пасля працяглага бальнічнага ўзнікае страх перад вяртаннем на працу. У тым ліку, пацыенты баяцца, што іх звольняць з-за дэпрэсіі. Гэта надалей актуальная праблема, хоць працадаўцы ставяцца больш адкрыта да тэмы псіхічнага здароўя.

Паводле агульных ацэнак, да 1,5 мільёна чалавек у Польшчы могуць змагацца з дэпрэсіяй. Псіхіятры звяртаюць увагу на неабходнасць павелічэння сродкаў на фінансаванне псіхіятрыі ў Польшчы і працягу пілотнай праграмы, якая абапіраецца на Цэнтрах псіхічнага здароўя.

Псіхіятр і былы міністр аховы здароўя, доктар Марэк Баліцкі (Marek Balicki), папярэджвае, што ў праекце бюджэту на наступны год выдаткі на псіхіятрыю скарочаныя на 1,2 мільярда злотых(больш за 282 мільёны еўра):

- Выдаткі на псіхіятрыю ў Польшчы ў працэнтах удвая ніжэйшыя, чым у суседніх краінах.

Доктар Яанна Кшыжаноўска-Збуцка (Joanna Krzyżanowska-Zbucka), дадае, што пасля пандэміі COVID-19 і ва ўмовах працяглай вайны за мяжой, псіхіятрычная дапамога стала асабліва важнай:

- Актуальныя геапалітычныя падзеі моцна ўплываюць на псіхічнае здароўе кожнага з нас. Калі дапамога не будзе даступная блізка, хутка і на адпаведным узроўні, то псіхічнае здароўе і ўстойлівасць насельніцтва будуць пагаршацца. У настолькі складаны час у псіхіятрыю абавязкова трэба інвеставаць.

Паводле экспертаў, у часы павелічэння колькасці асобаў, якія змагаюцца з дэпрэсіяй, прафесійным выгараннем і г.д. прафілактыка псіхічнага здароўя асабліва важная.

Між тым, змагацца з дэпрэсіяй дапамагае таксама фізічная актыўнасць, пераконваюць эксперты ў рамках апошняй сацыяльнай кампаніі: «Твары дэпрэсіі. Я не асуджаю. Я пагаджаюся», тэмай якой сёлета зʼяўляецца: «Дэпрэсія і спорт». Яны падкрэсліваюць, што любы від фізічнай актыўнасці можа падтрымліваць псіхічнае здароўе. «Найлепш прывіваць гэта дзецям з ранняга ўзросту», – кажуць яны.

«Гэта не абавязкова павінен быць джогінг», – лічыць ваяводскі кансультант па дзіцячай псіхіятрыі ў Куяўска-Паморскім ваяводстве Катажына Войцехоўская (Katarzyna Wojciechowska):

- Можна пайсці на шпацыр. Калі пацыент хварэе дэпрэсіяй, можна запланаваць прагулку, канкрэтна – з пункта «А» ў пункт «Б». Аднак, калі мы загадзя выпрацуем у дзяцей звычку фізічнай актыўнасці, то не трэба будзе асабліва заахвочваць, бо яны проста будуць адчуваць, што гэта добрае для іх.

На псіхічнае здароўе можа паўплываць таксама дыета. «Гэта асабліва важнае на пачатку восені», – падкрэслівае дыетолаг Кінга Глашэўска-Фурман (Kinga Głaszewska-Furman):

- Пры дапамозе дыеты і харчовых дабавак можна паўплываюць на самаадчуванне і якасць сну. Восенню менш сонца, менш вітаміну D. Напрыклад вельмі важныя ў дыеце вітаміны групы B, якія падтрымліваюць нервовую сістэму. Важны ў дыеце таксама магній.

Справаздача Інстытута псіхалогіі Польскай акадэміі навук за 2024 год паказала, што кожны чацвёрты дарослы паляк адпавядае крытэрыям дэпрэсіі. Да 66% рэспандэнтаў адчуваюць хранічную стомленасць, а 23% змагаюцца з дрэнным настроем. Толькі 38% рэспандэнтаў звярнуліся па прафесійную дапамогу, нягледзячы на тое, што палова разглядала гэтую магчымасць.

Вынікі сведчаць аб неабходнасці большай псіхалагічнай адукацыі і барацьбы з негатыўнымі стэрэатыпамі адносна псіхічнага здароўя.

IAR/аз