Томаш Л., супрацоўнік архіва варшаўскай мэрыі, абвінавачваецца ў перадачы расійскім спецслужбам дакументаў, якія маглі быць выкарыстаныя для стварэння фальшывых легендаў для так званых «нелегалаў» — агентаў, якія дзейнічаюць пад падробленымі ці скрадзенымі ідэнтычнасцямі, — піша Rzeczpospolita.
Паводле звестак Мазавецкага аддзела ў справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі Польскай нацыянальнай пракуратуры, на першы погляд непрыкметны архівіст цягам пяці гадоў супрацоўнічаў з расійскай разведкай. Аб’ём патэнцыйных страт ацаніць цяжка — гаворка можа ісці пра сотні дакументаў.
Працуючы ў архіўным аддзеле кніг актаў грамадзянскага стану, Томаш Л. капіраваў метрыкі, карэспандэнцыю з дыпламатычнымі ўстановамі, службовыя шаблоны і інструкцыі. Затым чыноўнік перадаваў іх афіцэру-куратару — фармальна супрацоўніку амбасады Расійскай Федэрацыі, які быў высланы з Польшчы ў сакавіку 2022 года. Для перадачы матэрыялаў архівіст выкарыстоўваў асабістыя носьбіты і мабільны тэлефон.
Менавіта затрыманне Томаша Л. у 2022 годзе, паводле газеты Rzeczpospolita, прывяло да высылкі 45 расійскіх «дыпламатаў», у тым ліку ягонага куратара.
Rzeczpospolita падкрэслівае, што выкрадзеныя дадзеныя маглі служыць для стварэння так званых «дублікатаў» — падробленых ідэнтычнасцяў, пад якімі «спячыя» агенты могуць легальна дзейнічаць у іншых краінах. Такія «нелегалы» атрымліваюць новае жыццё з добра прадуманай біяграфіяй на аснове жыццярысаў рэальных польскіх або замежных грамадзян. Цяпер справу архівіста-шпіёна разгледзіць суд.
эж