Беларуская Служба

Papa Bo Selektah: Aд пратэстаў да еўрапейскіх сцэн

14.10.2025 06:12
Арт-менеджар, прадзюсар і дыджэй Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah) распавядае нашаму карэспандэнту пра жыццё ў эміграцыі, беларускую музыку і тое, ці сумуе па доме.
Аўдыё
  • Дыджэй Papa Bo Selektah распавядае пра жыццё ў эміграцыі і пра беларускую музыку
 : -,      (Papa Bo Selektah).
На здымку: арт-менеджар, прадзюсар і дыджэй Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah). Фота Паўла Залескага

— Вы, Саша, напэўна, у Польшчы каля чатырох гадоў. Як вам тут?

— У Польшчы я тры гады. Я не адразу з’ехаў, пасля пратэстаў давялося адсядзець у турме, потым эвакуіраваўся ў Грузію і там жыў больш за год.

— Ці ўзгадваюцца вам тыя падзеі 2020 года?

— Канечне ўзгадваюцца, бо гэта былі падзеі, якія ўсё паставілі з ног на галаву, змянілі жыццё маё і маіх сяброў, калег, блізкіх. Вельмі яскравыя і цёплыя эмоцыі ўзнікаюць, калі ўспамінаю тое, што тады адбывалася.

— А што канкрэтна?

— Я заўсёды ўспамінаю дваровыя канцэрты. Пасля майго перформансу на першых вялікіх акцыях пратэсту мяне пачалі запрашаць на дваровыя канцэрты, якія я кожныя выходныя граў у дварах. Гэта было вельмі цікава, бо гэта былі вельмі розныя імпрэзы, вельмі розныя людзі. Недзе гэта была больш лампавая атмасфера, а недзе, як у жылым комплексе «Мір», зусім іншая. Але гэта адчуванне кансалідацыі вельмі розных людзей — дагэтуль адзін з самых яскравых успамінаў. Я іграю электронную музыку, і гэта ўсё ж субкультура больш для моладзі, але заўсёды было цікава назіраць, як на яе рэагуюць звычайныя людзі — дарослыя жанчыны, мужчыны з заводаў і дзеці. Мяне вельмі ўразіла тое, што за ўвесь час гэтых канцэртаў да мяне не падышоў ніводзін чалавек і не папрасіў змяніць музыку. Усім вельмі падабалася.

— Вас тады ведалі ўжо тысячы людзей. Як вы сябе адчувалі?

— Знакамітасцю сябе не адчуваў. Да гэтых падзей больш за дзесяць гадоў займаўся канцэртнай дзейнасцю, прадзюсіраваў артыстаў. На той момант на працягу пяці гадоў мы рабілі «Культурны корпус» у Мінску. Я быў дастаткова вядомым і як дыджэй, і як культурны арганізатар. Для мяне гэта не выглядала нечакана.

— Саша, а як склалася ваша жыццё ў эміграцыі?

— Ідзе цяжкавата, але круцімся: граю там-сям дыджэй-сэты, раблю канцэрты, вечарыны, дапамагаю ў культурных праектах. Таксама мы робім серыю дабрачынных фестываляў, якія спалучаюць дабрачыннасць, сучасную беларускую музыку і збор сродкаў для палітвязняў. Правялі ўжо два фестывалі ў Вільні, адзін у Тбілісі, тры ў Варшаве і два ў Берліне.

— На ваш погляд, як пачуваецца ў Еўропе беларуская музыка, яна не знікае?

— Я ўпэўнены, што яна не знікне. Беларускія артысты ў эміграцыі спрабуюць інтэгравацца, выходзіць на рынкі тых краін, дзе апынуліся. І ў той жа час яны нясуць беларускасць са сцэны. Усе яны, легалізаваўшыся, напрыклад у Польшчы, заўсёды прадстаўляюць сябе беларускімі артыстамі.

— Цікава, як іх успрымаюць у Еўропе?

— Іх успрымаюць як нешта дзіўнае, бо беларуская музыка вельмі непадобная да сучасных еўрапейскіх трэндаў. Яна вельмі аўтэнтычная, але пры гэтым вельмі якасная, і гэта прыемна здзіўляе еўрапейскіх гледачоў і прафесіяналаў.

— Вы запомніліся падчас пратэстаў як майстар перформансаў. А што цяпер з гэтым?

— Тут, у Познані, мы ўпершыню адновім мабільную саўндсістэму, якая была задзейнічана падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе, каб з ёй прайсці праз цэнтр Познані, зацікавіць мінакоў і аб’яднаць беларускую супольнасць вакол музыкі. Мы хочам прайсці па маршруце беларускіх месцаў у Познані, якія ўжо тут існуюць.

— Саша, а па доме сумуеце?

— Я сумую па тым доме, які быў да 2020 года. Але тое, што цяпер ёсць у Мінску, гэта ўжо не тое, па чым я сумую. І Мінск ужо іншы. Калі б мне далі магчымасць цяпер туды паехаць, я б яго не пазнаў, і гэта быў бы чужы для мяне горад. Там няма ўжо нікога з маіх сяброў, з маіх родных, няма тых месцаў, да якіх я меў дачыненне — тых клубаў, галерэй, атмасферы. Увогуле, там шмат што змянілася, і вайб таксама іншы…

Павел ЗАЛЕСКІ

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы

Ctrl+S = захаваць культурную спадчыну

05.10.2025 06:03
З гісторыкам і культурным антраполагам Сцяпанам Стурэйкам размаўляем пра новы культурніцкі альманах Ctrl+S.

«Белая кніга»: дапаможнік для аднаўлення і падтрымкі беларусаў

07.10.2025 07:00
Гэта кніга, якая дапамагае разабрацца з тым, што мы адчуваем, у якіх псіхалагічных станах знаходзімся і чаму так адбываецца.

Паліна Шарэнда-Панасюк: Наступны год — і мы ў Беларусі 

11.10.2025 08:04
Паліна Шарэнда-Панасюк дзеліцца ўспамінамі пра суд, гады ў ізаляцыі, сустрэчу на волі і пра тое, што лічыць галоўным для беларусаў у выгнанні.