Беларуская Служба

Адносіны з бацькамі – часта самая складаная частка працы настаўніка, кажа сёлетняя лаўрэатка тытулу «Настаўнік года»

14.10.2025 14:01
Вучні цэняць, калі настаўнік патрабавальны да іх, але і справядлівы, кажа Настаўніца 2025 года Агнешка Копач.
Здымак мае ілюстрацыйны характарAlexas_Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Школа можа заахвоціць вучняў да чытання, але большая частка абавязковых кніг нецікавая для іх і напісана на такой мове, што, як бы настаўнікі не стараліся, вучні і так іх не прачытаюць, пераконвае ў размове з агенцтвам PAP сёлетняя лаўрэатка конкурсу «Настаўнік года» Агнешка Копач, якая выкладае польскую мову і інфарматыку ў Першым Агульнаадукацыйным і спартовым ліцэі імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Сопаце.

Нагадваем, конкурс «Настаўнік года« ўшаноўвае педагогаў, якіх асабліва цэняць вучні, бацькі і мясцовыя супольнасці. Пераможцы традыцыйна абвяшчаюцца напярэдадні Дня нацыянальнай адукацыі, інакш Дня настаўніка, які адзначаецца ў Польшчы 14 кастрычніка.

Bучні цэняць, калі настаўнік патрабавальны да іх, але справядлівы

Паводле Агнешкі Копач, самае галоўнае – гэта адносіны паміж настаўнікам і вучнем; настаўнік павінен быць шчырым. Паводле яе, вучні цэняць, калі настаўнік патрабавальны да іх, але справядлівы.

«Яны таксама бачаць, ці сапраўды я спрабую зацікавіць іх нейкай тэмай і часта стараюцца засяродзіцца на ёй. Аднак не ўсе вучні ў маіх класах сядзяць спакойна, ветліва слухаюць іг.д. Спецыфіка праграмы навучання заключаецца ў тым, што не ўсе тэмы надзвычай цікавыя. Зразумела, можна ўключыць кантэнт, які спадабаецца моладзі, але, усё роўна, немагчыма ўтрымаць поўную ўвагу вучняў на працягу 40 хвілін», – адзначыла настаўніца.

«Паводле даследаванняў, на тое, ці возьме вучань кнігу ў руку, уплывае, напрыклад, колькасць кніг і культура чытання ў яго дома, хоць і не заўсёды», – адзначыла Агнешка Копач, падкрэсліваючы, што ў школьнай праграме шмат тэкстаў, якія абсалютна нецікавыя моладзі.

Настаўніца 2025 года таксама прызналася, што, час ад часу, думае пра тое, ці не пакінуць прафесіі, але тады кожны раз з'яўляецца вучань ці хтосьці іншы, хто дае ёй «гэтае маленькае полымя надзеі» і прымушае заставацца.

Cамым складаным аспектам працы настаўніка зʼяўляюцца адносіны з бацькамі

«Давайце будзем шчырымі, гэтая прафесія не вельмі добра аплачваецца, хоць гэта ніколі не было маім прыярытэтам. Думка пра змену прыйшла мне ў галаву, напрыклад, калі я адчувала, што сама школа, то бок, скажам так, сістэма, мяне не хоча, а значыць, тое, чым я займаюся, проста не мае сэнсу… альбо тады, калі агульны імідж настаўнікаў быў настолькі дрэнны, што я проста не магла з гэтым справіцца. Ведаеце, гэтыя размовы пра настаўнікаў, якія, быццам бы, працуюць толькі 18 гадзін ля дошкі; пра доўгія канікулы... Не буду ўтойваць, калі надыходзяць канікулы, першае, што я раблю, то хварэю, і так ужо шмат гадоў. І гэта вельмі дрэнна сведчыць пра агульны стан прафесіі настаўніка», – сказала Копач.

Настаўніца таксама прызналася, што самым складаным аспектам працы настаўніка зʼяўляюцца адносіны з бацькамі, складанасць якіх заключаецца ў тым, што гэта сукупнасць людзей з рознымі поглядамі і вопытам.

аз