Беларуская Служба

Штодня каля 50 чалавек у Польшчы чуюць дыягназ «рак грудзей». Кастрычнік — месяц інфармавання пра гэтае захворванне

14.10.2025 16:52
Рак малочнай залозы — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў анкалагічных захворванняў ва ўсім свеце.
Аўдыё
  -     .
Ружовая стужка - сімвал барацьбы з ракам грудзей.Shutterstock/siam.pukkato

Рак грудзей — гэта хвароба нашай цывілізацыі, найбольш распаўсюджаны від анкалогіі ў жанчын ва ўсім свеце. Аднак, на што варта звярнуць увагу, ён можа сустракацца і ў мужчын, хоць і вельмі рэдка. Рак грудзей з'яўляецца галоўнай прычынай смерці ад анкалогіі.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Польшчы, у 2022 годзе гэтае захворванне датычыла 2,3 мільёна жанчын (24% усіх дыягназаў раку) ва ўсім свеце, а 670 тыс. па гэтай прычыне памерла (15% усіх смерцяў ад анкалогіі). У сваю чаргу, у Польшчы кожны год ад яго памірае каля 6 тыс. жанчын. Як у Польшчы, так і ва ўсім свеце, колькасць выпадкаў раку хутка расце. Аднак у Польшчы, нягледзячы на прафілактыку, смяротнасць не змяншаецца. У чым можа быць прычына? Перш за ўсё гэта адсутнасць добрай прафілактыкі і адыход ад рэкамендацый лекараў, аб чым казала ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё доктар медыцынскіх навук Агнешка Ягела-Грушфельд (Agnieszka Jagiełło-Gruszfeld).

 Безумоўна, у параўнанні з іншымі краінамі, напрыклад, скандынаўскімі, дзе жанчыны рэгулярна праходзяць прафілактычныя агляды, пад якімі я маю на ўвазе мамаграфію, у Польшчы, на жаль, гэта не ўсе робяць. Такім чынам, жанчыны, якія звяртаюцца да анколага і пачынаюць лячэнне, значна часцей маюць запушчаныя стадыі захворвання. І шанцы на поўнае выздараўленне ніжэйшыя. Важна таксама памятаць, што, як і ў выпадку з іншымі відамі раку, чым раней пачаць лячэнне, тым больш шанцаў на поспех, гэта значыць, што хвароба ніколі не вернецца. Калі лячэнне пачаць на позніх стадыях, шанцы на выздараўленне значна ніжэйшыя. У Польшчы на прафілактычныя мамаграфічныя агляды ходзіць прыблізна 30% жанчын.

У Польшчы мамаграфічнае абследаванне бясплатна могуць прайсці ўсе жанчыны ва ўзросце 45-74 гады. Гэта тая ўзроставая група, у якой часцей за ўсё дыягнастуюць дадзеную хваробу. Тым не менш, як згадала доктарка, толькі каля адной трэцяй жанчын карыстаецца гэтай магчымасцю. Пры гэтым, нават тыя жанчыны, хто прайшоў лячэнне, не заўсёды прытрымліваюцца рэкамендацыі дактароў. Напрыклад, па розных прычынах пацыенткі адмаўляюцца ад некаторых відаў тэрапіі, - адзначае лекар.

 Я маю на ўвазе перш за ўсё гарманальную тэрапію, якая з’яўляецца стандартам лячэння пасля аперацыі з прычыны раку грудзей. Частка пацыентак знікае з назірання. Найбольш верагодна, што пацыенткі дрэнна спраўляюцца з пабочнымі эфектамі гармонатэрапіі. Гэта рост вагі, дрэннае самаадчуванне, зніжэнне лібіда, болі ў костках і суставах. Праблема ў тым, што анколагаў надта мала, пацыентка не атрымлівае падтрымкі з боку анколага. Большасць анкалагічных цэнтраў канцэнтруецца на хіміятэрапіі, лячэнні. А тыя пацыенткі, якія атрымліваюць гарманальную тэрапію на 5 або 10 гадоў, застаюцца самі са сваёй хваробай. Некаторыя спыняюць піць гармоны або робяць нейкія мадыфікацыі лячэння — напрыклад, прымаюць таблеткі праз дзень, а не штодзённа. У выніку гэта можа прывесці да таго, што хвароба вернецца. Калі б пацыенткі пілі лякарствы паводле схемы, прапісанай лекарам, тады вынікі лячэння раку грудзей маглі б быць лепшыя.

А якія фактары рызыкі захворвання? Хварэюць як правіла пажылыя жанчыны (у мужчын рак грудзей таксама здараецца, але гэта толькі каля 1% усіх выпадкаў дадзенай хваробы). І, што важна, асабліва калі ў мужчын былі выпадкі хваробы, жанчыны павінны памятаць аб прафілактыцы, – кажа доктар.

 Звычайна хварэюць жанчыны ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў. Гэта фактар, на які мы не маем уплыву. Таксама, як і на генетычныя фактары, напрыклад, мутацыі генаў BRCA1 або BRCA. Калі ў блізкіх сваякоў былі выпадкі хваробы, тады ўзрастае рызыка таго, што мы можам мець нейкія генетычныя мутацыі. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на выпадкі раку грудзей у мужчын, таму што гэта рэдкая з’ява, і калі такі выпадак ужо быў у сям’і, гэта можа сведчыць пра высокую верагоднасць мутацыі генаў. Гэта можна праверыць, існуюць адпаведныя аналізы крыві. Але ёсць і такія фактары, на якія мы маем пэўны ўплыў. Гэта, перш за ўсё, атлусценне — асабліва ў жанчын пасля менапаўзы. І другая праблема — злоўжыванне алкаголем. Справа не ў вялікай колькасці, а ў тым, што нават спажыванне аднаго алкагольнага напою штодня павышае рызыку ўзнікнення раку грудзей.

Многія хваробы можна прадухіліць, многія можна вылечыць. Ёсць шмат рэкамендацый па прафілактыцы. Акрамя рэгулярных абследаванняў, гэта простыя правілы здаровага ладу жыцця – шмат рухацца, па меры магчымасці адмаўляцца ад транспарту, хадзіць пехатой, харчавацца простай ежай, як мага больш натуральнай, менш цукру і белай мукі, а больш садавіны. І, паводле апошніх даследаванняў, лячэнню анкалогіі можа спрыяць часовы пост (скарачэнне колькасці спажыванай ежы або адмаўленне ад некаторых відаў ежы), але падчас актыўнай стадыі хваробы яго абсалютна нельга ладзіць без назірання лекара. 

нг