Беларуская Служба

Сейм Польшчы прыняў законапраект аб забароне зверагадоўлі на футра

17.10.2025 11:38
За гэта гадамі змагаліся экаактывісты і абаронцы правоў жывёлы. Яны кажуць пра велізарны крок да спынення пакут мільёнаў лісіц, норак і янотаў, якіх вырошчваюць дзеля футра.
.
. Jeanette Atherton/Pixabay/CC0

Вельмі верагодна, што Польшча далучыцца да больш за 20 краін Еўропы, у тым ліку Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Італіі, Літвы, Чэхіі і Славакіі, якія ўжо ўвялі поўную забарону на развядзенне жывёлы на футра.

Гэта была ўжо сёмая спроба ўвесці такую забарону. Відавочна, што палітычная воля паяўлялася з гадамі, але, перш за ўсё, велізарнай з'яўляецца грамадская падтрымка забароны на развядзенне пушных жывёл і застаецца на ўзроўні каля 60-70%.

Польшча зʼяўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў футра ў свеце. Прыняцце забароны так важна і так тэрмінова, бо штогод некалькі мільёнаў жывёл разводзяць і забіваюць выключна дзеля іх футра, гаворыць мэнэджэрка кампаніі «Цана футра» Марта Кажэняк:

- Гаворка ідзе прыкладна пра тры мільёны жывёл у год. У асноўным гэта норкі, лісы, яноты і шыншылы. Гэта дзікія, драпежныя і мясаедныя жывёлы, якія ў натуральных умовах вандруюць па велізарных тэрыторыях у дзікай прыродзе. На зверафермах
у іх няма абсалютна ніякай магчымасці задавальняць асноўныя патрэбы, як фізічныя практыкаванні, даследаванне тэрыторыі і гульні. Лісы не могуць капаць норы, норкі не могуць плаваць. Гэтыя жывёлы праводзяць усё сваё жыццё ў цесных клетках, ледзь большых за іх саміх. Гэта проста не адпавядае іх натуры. Гэта сацыяльная праблема, якая пераследуе нас ужо больш за дзесяць гадоў.

З 2007 года грамадскія арганізацыі выступаюць у абарону пушных жывёл. Дзякуючы іх расследаванням, кампаніям і пратэстам пытанне пакут жывёл нарэшце дайшло да парламента. Законапраект зʼяўляецца кампрамісным, але ён адкрывае рэальны шлях да спынення адной з самых жорсткіх галін прамысловасці ў Польшчы.

Марта Кажэняк расказвае пра асноўныя палажэнні законапраекту:

- У першапачатковай версіі ён прапанаваў пяцігадовы пераходны перыяд, гэта значыць перыяд паступовага спынення дзейнасці, кампенсацыі заводчыкам і работнікам. Другі праект меркаваў пятнаццацігадовы пераходны перыяд і адсутнасць кампенсацыі. Менавіта тут, у рамках кампрамісу, Камісія прапанавала канчатковыя перадумовы, такія як васьмігадовы перыяд спынення працы фермаў, які зʼяўляецца менавіта часам паступовага спынення дзейнасці. Адразу пасля прыняцця законапраекта ўступіць у сілу забарона на новыя фермы. Гэта азначае, што новыя зверафермы больш не будуць мець права стварацца, а тыя, хто ўжо працуе, будуць мець максімум восем гадоў, каб паступова спыніць сваю дзейнасць. У нас таксама ёсць пяцігадовая сістэма кампенсацыі. Чым раней фермер спыніць сваю дзейнасць, тым вышэйшую кампенсацыю ён атрымае. І дзякуючы гэтаму мы таксама спадзяемся, што гэта заахвоціць фермераў спыніць сваю дзейнасць раней, чым праз восем гадоў. Закон таксама прадугледжвае выходную дапамогу для работнікаў.

На працягу доўгіх гадоў актывісты і абаронцы правоў жывёлы праводзілі шматлікія расследаванні, якія паказвалі хлусню ўладальнікаў такіх фермаў. Марта Кажэняк звяртае ўвагу, што гадамі фермеры хлусяць і ўводзяць у зман грамадства:

- Тут ёсць шмат момантаў, калі фермеры хлусяць. Перш за ўсё, дабрабыт жывёл. Гадамі фермеры запэўнівалі нас, што жывёлам на зверафермах забяспечваецца належны дабрабыт і ўмовы ўтрымання, і яны ўсё яшчэ настойваюць на гэтым. Аднак шматлікія расследаванні і ўмяшанні на фермах выразна паказалі, што гэта не так, і што жывёлы ў клетках проста моцна пакутуюць. У гэтым годзе было апублікавана навуковае заключэнне Еўрапейскага агенцтва па бяспецы харчовых прадуктаў, якое пацвярджае гэта. Гэта значыць, у ім прааналізаваны ўмовы вырошчвання пяці відаў, якія вырошчваюцца дзеля футра: рудой лісіцы, пясца, норкі, янота і шыншылы. І для кожнага з гэтых відаў была зроблена выснова, што немагчыма забяспечыць належны дабрабыт гэтых жывёл на зверафермах.

Другая рэч – гэта проста грынвошынг, бо шмат гаворыцца пра тое, што натуральнае футра больш экалагічна чыстае, чым, напрыклад, сінтэтычныя альтэрнатывы. Аднак дадзеныя паказваюць, што вытворчасць натуральнага футра можа быць больш шкоднай і экалагічна небяспечнай, чым яго сінтэтычны аналаг, таму што мы павінны ўлічваць увесь вытворчы працэс, а не толькі канчатковы прадукт. Важна таксама памятаць, што для прадухілення раскладання натуральнага футра ў нашых гардэробах яго трэба стабілізаваць агрэсіўнымі хімікатамі, часта таксічнымі, якія таксама аказваюць значны негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Гэта таксама можа негатыўна адбіцца на здароўі людзей, якія носяць футра, і, вядома, людзей, якія працуюць над яго апрацоўкай.

І трэцяя рэч, на маю думку, якая вельмі важная, гэта фермы як частка сельскага ландшафту. Тым часам сельскія жыхары пратэстуюць амаль паўсюль у Польшчы ўжо 12 гадоў. Там, дзе размешчаны норкавыя фермы, вяскоўцы пратэстуюць, бо пражыванне побач з такой фермай асацыюецца з невыносным смуродам, нашэсцем мух і грызуноў, зніжэннем кошту нерухомасці і забруджваннем навакольнага асяроддзя. Ёсць таксама шмат іншых непрыемнасцей, пра якія заводчыкі не згадваюць, і на самой справе яны сцвярджаюць, што дзякуючы гэтым фермам мясцовая супольнасць можа развівацца. Аднак мы бачым, што на самой справе гэта не так, і што наяўнасць такіх ферм проста перашкаджае развіццю муніцыпалітэтаў. Тут таксама, на жаль, фермеры адхіляюцца ад праўды на розных узроўнях і ў розных аспектах.

За прагаласавалі 339 дэпутатаў, 78 былі супраць, 19 устрымаліся. Але гэта яшчэ не канец – цяпер законапраект павінен прыняць Сенат і падпісаць прэзідэнт.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце