Урад Германіі разглядае прапанову аднавіць абавязковы вайсковы прызыў… праз жараб'ёўку. Мэта — хутка ўмацаваць армію перад пагрозай з боку Расіі. Гэты план выклікаў вялікія эмоцыі за Одэрам — моладзь хвалюецца, а палітыкі востра спрачаюцца. Але падобная дыскусія — хоць пакуль цішэй — пачынае гучаць і ў Польшчы – піша Forsal.
На працягу апошніх гадоў Бундэсвер імкнуўся палепшыць свой імідж і прыцягнуць добраахвотнікаў, робячы стаўку на сучаснасць. Аднак расійскае поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну цалкам змяніла прыярытэты. Канцлер Фрыдрых Мерц адкрыта гаворыць пра неабходнасць «стварыць самае магутнае войска ў Еўропе», а яго ўрад плануе набор на ўзроўні 40 тысяч чалавек штогод.
Прапанову аднавіць прызыў праз лёсаванне сустрэлі бурна — не толькі ў парламенце, але і ў грамадстве. Міністр абароны Борыс Пісторыус назваў гэты план «лянівым кампрамісам», а маладыя людзі, якіх можа закрануць прызыў, рэагуюць з непакоем. Шмат хто ў Германіі, асабліва бацькі і васямнаццацігадовыя юнакі адчуваюць, што рашэнні прымаюцца без іх удзелу. Нямецкія і міжнародныя СМІ цытуюць іх словы: «Гэта як латарэя. Табе можа не пашанцаваць — і ты трапіш у войска», «Недапушчальна вызначаць па лёсе, хто павінен ісці на вайну».
Польшча назірае і… пачынае абмеркаванне
У Польшчы пакуль не гавораць адкрыта пра «вайсковую латарэю», але ўсё часцей чуваць галасы пра неабходнасць падрыхтоўкі ўсіх маладых грамадзян. Рост напружання ў рэгіёне, рэальная пагроза з боку Расіі і змены ў палітыцы бяспекі нашых суседзяў робяць польскую дыскусію пра ўсеагульную вайсковую службу пытаннем часу.
Ужо сёння Міністэрства нацыянальнай абароны актыўна развівае навучальныя праграмы, такія як Добраахвотная асноўная вайсковая служба, а эксперты ўсё часцей гавораць пра патрэбу адпаведнай падрыхтоўкі.
Нямецкая армія налічвае сёння каля 182 тысяч вайскоўцаў, а НАТА чакае, што ў Германіі будзе 460 тысяч салдат. Гэта велізарная розніца. Таму ўрад у Берліне ўжо не выключае ніводнага рашэння — нават спрэчнай жараб'ёўкі прызыўнікоў. Аднак эксперты папярэджваюць, што непрадуманыя рашэнні могуць адпужнуць моладзь і падарваць давер да арміі. «Гэта тэма, якая патрабуе сур’ёзнай і адкрытай дыскусіі», — адзначаюць аналітыкі.
нг