Беларуская Служба

«Польшча – ТАК!». Кампанія, якая паказвае вялізныя пазітыўныя змены, што адбываюцца ў дзяржаве

21.10.2025 18:23
Слоган «Польшча - ТАК!» гучыць, каб аб'яднаць палякаў у святкаванні 11 лістапада.
Аўдыё
:
Графіка: Polskie Radio

Ужо неўзабаве палякі будуць адзначаць гадавіну дзяржаўнай незалежнасці. Польшча зноў паявілася на карце Еўропы 11 лістапада 1918 года. І менавіта 11 лістапада адбудзецца кульмінацыя нацыянальнай кампаніі «Польшча – ТАК!». Гэта сумесны праект Польскага радыё і Польскага тэлебачання з нагоды Дня незалежнасці краіны. 

«Polska na TAK» — гучыць на польскай мове лозунг кампаніі, якую зладзілі разам Польскае тэлебачанне і Польскае радыё. На беларускую мову яго можна перакласці «Польшча – ТАК!». Цэнтрам кампаніі з'яўляецца сімвалічная лічба «адзінаццаць». У рамках мерапрыемства 11 вядомых асоб распавядаюць пра сваё жыццё ў Польшчы, рэкламуюць краіну як месца, добрае для жыцця. У рамках акцыі адбываюцца таксама канцэрты, у тым ліку спецыяльны - 11 лістапада ў Любліне, ствараюцца муралы (таксама 11).

Кампанія, якая стартавала роўна за месяц да Дня незалежнасці, мае на мэце аб'яднаць пакаленні, рэгіёны і розныя грамадскія групы, паказаць гонар за краіну, пазітыўную энергію і сучасны патрыятызм, паколькі аўтары кампаніі мяркуюць, што палякам ёсць чым ганарыцца. Слоган «Польшча - ТАК!» гучыць, каб аб'яднаць палякаў у святкаванні 11 лістапада. Пра сімвалічную лічбу 11, а таксама ход кампаніі расказвае дырэктар Інфармацыйнага агенцтва Польскага грамадскага тэлебачання Гжэгаж Саюр (Grzegorz Sajór).

 У гэтай кампаніі 11 паслоў. Перад 11-га лістапада ў выходныя дні мы наведваем 11 польскіх гарадоў. Слухачы і гледачы могуць паведамляць, што адбываецца вакол іх, якія месцы варта ўбачыць, у чым прыняць удзел. Інфармацыю можна дасылаць на электронную пошту polskanatak@tvp.pl. Кожны жыхар Польшчы можа падзяліцца сваімі думкамі пра тое, што адбываецца навокал, нешта, што людзі заўважаюць, цэняць, чым ганарацца. Мы, разам з рэпарцёрамі Польскага радыё і Польскага тэлебачання наведаем гэтыя гарады. Фінал адбудзецца 11 лістапада, але ён не стане канцом гэтай кампаніі, бо мы хочам, каб яна працягвалася яшчэ 11 месяцаў. І на працягу гэтых 11 месяцаў мы наведаем 11 гарадоў у Польшчы, 11 школ у нашай краіне. У нас будуць розныя сюрпрызы для вучняў і жыхароў гэтых гарадоў.

У рамках кампаніі «Польшча – ТАК!» былі выбраныя 11 спецыяльных паслоў акцыі, якія прадстаўляюць розныя сферы грамадскага жыцця. Сярод іх спартсмены, журналісты, музыканты, вядомыя блогеры. Гэта Адам Малыш, Каміль Беднарэк, Мая Влaшчоўска, Яцэк Цыган, Роман Чэярэк, Караль Стэфановіч (Kolorek), Гжэгаж Маркоўскі ды іншыя.

Кожны пасол выбірае адзін горад і ініцыятыву, каб стаць часткай нацыянальнай карты «Польшча - ТАК!». Вось што распавяла спартсменка, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па маунтынбайку Мая Влашчоўска (Maja Włoszczowska).

 Я неверагодна ганаруся, што на працягу шмат гадоў сваёй спартыўнай кар'еры я магла прадстаўляць бела-чырвоныя польскія колеры. У Польшчы ёсць усё, што патрэбна для жыцця – ёсць мора, ёсць азёры, ёсць горы. І менавіта горы – мая самая вялікая любоў. Мы цяпер знаходзімся ў Еленяй Гуры, і тут, у Еленяй Гуры, нарадзілася мая любоў да спорту, асабліва да маунтынбайку. Еленя Гура і наваколле – ідэальнае месца, каб займацца горнымі гонкамі на роварах. А на працягу апошніх гадоў умовы яшчэ палепшыліся, дзякуючы вялікім фінансавым укладанням у роварныя дарожкі. У нас вельмі часта бываюць госці з Аўстрыі, з Германіі, якія прыязджаюць, паколькі ў іх гэтага няма. Кожны, хто сюды прыязджае, захапляецца нашым рэгіёнам, і ахвотна вяртаецца.

Іншы пасол кампаніі «Польшча - ТАК!» вакаліст Каміль Беднарэк (Kamil Bednarek) кажа, што, нягледзячы на ​​нашы адрозненні, мы ўсе можам атрымліваць асалоду ад месца, дзе жывём. Музыкант адзначыў у эфіры Польскага радыё, што ўважлівае стаўленне да галасоў ранейшых пакаленняў важна для фарміравання сучаснага патрыятызму.

 Я лічу, што ў кожным з нас ёсць праменьчык надзеі. Цудоўная рэч, якую я адчуваю, будучы на сцэне – гэта глядзець на людзей, якія могуць вельмі адрознівацца адзін ад аднаго, але ў гэты момант яны разам. Яны ўсміхаюцца, мы ствараем нешта разам. На маю думку, гэтая ініцыятыва павінна паказаць, што, нягледзячы на ўсе адрозненні, мы можам ствараць нешта разам і цешыцца месцам, у якім жывём. Варта размаўляць з іншымі. Я, напрыклад, часта запісваю на мікрафон свайго дзядулю, які расказвае пра мінулае жыццё. Нават слёзы выступаюць, калі думаеш, у якіх часам яны жылі, як змагаліся за тое, каб нам жылося лепш. А пра гэта рэдка гавораць. Я прапаную, калі такая магчымасць яшчэ ёсць, папрасіць дзядуль і бабуль, каб яны расказалі пра мінулае жыццё. Гэта неверагодна цікава.

Галоўная мэта кампаніі «Польшча – ТАК!» — паказаць добрыя рэчы, якія адбыліся ў Польшчы, як змяніліся ў лепшы бок польскія гарады і вёскі.

Jedynka Polskie Radio/IAR/нг