У Польшчы грамадзяне маюць права падаваць петыцыі ўладам. І яны гэтым карыстаюцца, нярэдка ўносячы вельмі спрэчныя прапановы. Апошнім часам шырокі рэзананс выклікала петыцыя, паводле якой бяздзетныя жанчыны павінны працаваць да 65 гадоў — так, як мужчыны (па польскіх законах, жанчыны працуюць да 60 года жыцця - рэд.). Дакумент, унесены ананімным аўтарам у Канцылярыю прэзідэнта, стаў тэмай нумар адзін у СМІ і сацыяльных сетках – чытаем у Rzeczpospolita.
Карыстальнікі абмяркоўваюць, ці справядліва дзяліць жанчын на маці і бяздзетных. Некаторыя прыводзяць аргументы, што не ўсе могуць ці хочуць мець дзяцей, а бяздзетныя і так плацяць вышэйшыя падаткі, не карыстаюцца сацыяльнымі праграмамі, не бяруць адпачынкаў у школьныя канікулы.
Эксперты заклікаюць не паддавацца эмоцыям і не распаўсюджваць неправераных звестак. Большасць петыцый ніколі не ператвараецца ў рэальныя рашэнні — дзеля гэтага патрэбная падтрымкі парламента, якой амаль ніколі няма.
Прафесар Яраслаў Фліс з Ягелонскага ўніверсітэта адзначае, што патрабаванне павышэння пенсійнага ўзросту для бяздзетных жанчын — хутчэй правакацыя, чым рэальная ініцыятыва.
«Такія прапановы могуць быць непрымальныя для большасці, але забараніць іх падачу немагчыма. Інакш неабходна было б увесці цэнзуру», — падкрэслівае прафесар.
Петыцыя — гэта канстытуцыйнае права грамадзяніна. Абмежаваць яго можна толькі ў выпадках, калі дакумент пашырае, напрыклад, ідэалогію нацызму або камунізму. Фліс адзначае, што сацыяльныя сеткі часта не спрыяюць дыялогу, бо распаўсюджваюць неправераную інфармацыю і выклікаюць эмоцыі замест разумення.
нг