Беларуская Служба

Беларусы Уроцлава: Пакуль мы памятаем, ніводная куля не перакрэсліць наш народ

30.10.2025 06:40
Гэта дзень памяці прадстаўнікоў беларускай культуры, расстраляных сталінскімі карнікамі ў Мінску 1937-га года. У гэты дзень ва ўсім свеце беларусы ладзяць вечарыны памяці.
Аўдыё
  • Беларуская дыяспара Уроцлава ўшанавала памяць ахвяр сталінскіх чыстак
Ноч /не/расстраляных паэтаў ва УроцлавеІрына Міхеева/instagram.com/fotograf_irene.wroclove

Шмат такіх урачыстасцяў сёлета прайшло ў Польшчы. 29-га кастрычніка ва Уроцлаўскім Цэнтры ўкраінскай культуры адбылася вечарына памяці, прысвечаная беларускім тварцам, мастакам, дзеячам культуры, якія былі расстраляныя НКУС ва ўрочышчы Курапаты. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску расстралялі больш за сотню выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры, мастацтва, навукі і грамадскага жыцця. Сярод іх было 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Вечар памяці зладзіла суполка беларусаў Уроцлава. Пра важнасць гэтай гістарычнай даты распавёў старшыя суполкі  Сяржук Дубіна.

— Варта падкрэсліць, што гэта ноч нерасстраляных паэтаў, гэта не проста ўшанаванне людзей, якія ў 1937 годзе пацярпелі за свае погляды, а беларускай эліты, якая была расстраляная ў Курапатах. Мы ж кажам, што гэта нерасстраляныя паэты, бо пакуль мы памятаем, ніводная куля не зможа іх перакрэсліць. 


Ноч /не/расстраляных паэтаў ва Уроцлаве Ноч /не/расстраляных паэтаў ва Уроцлаве

У вечар 29-га кастрычніка беларусы Уроцлава згадвалі таксама тых, хто цяпер за кратамі ў Беларусі і не мае магчымасці выказвацца і свабодна займацца творчасцю. У цяперашняй Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадства за іншадумства, як у сталінскія часы, нагадаў Сяржук Дубіна.

— Падчас вечарыны мы хочам чытаць вершы нерасстралянаых паэтаў. Былі прачытаныя вершы 12 паэтаў, таксама была музычная частка з выкананнем твораў цяперашніх палітвязняў, пра якіх мы таксама заўсёды памятаем і не забываем.

Беларуская ўрачыстасць «Ноч нерасстраляных паэтаў» прайшла ва Уроўцлаўскім цэнтры ўкраінскай культуры. Украінцы падтрымліваюць беларусаў ва Уроцлаве, таксама як палякі, кажа Сяржук Дубіна.

— Нашыя сябры з Украіны нас заўсёды падтрымліваюць. У іх большая пляцоўка, мы з імі вельмі часта супрацоўнічаем, мы заўсёды ім дзякуем. Таксама маем падтрымку ад мясцовых уладаў. Ва Уроцлаве ёсць мурал, прысвечаны беларускім пратэстам, яны абяцаюць падтрымаць нас не толькі сімвалічна.

29 кастрычніка беларусы ўспамінаюць трагічную дату — Ноч расстраляных паэтаў 1937 года. Беларусы, якія ў гэты вечар сабраліся ва Уроцлаве зазначылі, што памяць самае важнае, што цяпер ёсць у народа. Памяць кулямі не знішчыць.

Юры Ліхтаровіч


Ноч /не/расстраляных паэтаў ва Уроцлаве 
.  
. 
Ноч /не/расстраляных паэтаў ва Уроцлаве Ноч /не/расстраляных паэтаў ва Уроцлаве Фота: Ірына Міхеева/instagram.com/fotograf_irene.wroclove