Беларуская Служба

Апытанне: Большасць палякаў не падтрымлівае вяртанне абавязковай вайсковай службы

03.11.2025 13:31
Паводле вынікаў апытання, толькі 39,2 % рэспандэнтаў падтрымліваюць вяртанне абавязковай службы з улікам актуальнай міжнароднай сітуацыі. 
Polscy żołnierze
Polscy żołnierzeFoto: shutterstock/DarSzach

У Польшчы павялічваецца колькасць грамадзян, якія выступаюць супраць аднаўлення абавязковай вайсковай службы. Пра гэта паведамляе выданне Rzeczpospolita, спасылаючыся на вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага інстытутам IBRiS.

Паводле вынікаў апытання, толькі 39,2 % рэспандэнтаў падтрымліваюць вяртанне абавязковай службы з улікам актуальнай міжнароднай сітуацыі. Супраць гэтага рашэння выказаліся 45,5 % палякаў, а 15,3 % не маюць выразнай пазіцыі.

За аднаўленне вайсковай службы пераважна выступаюць прыхільнікі дзейнага ўраду, людзі старэйшыя за 70 гадоў (59 %), а таксама жыхары вёсак (42 %). Як адзначае газета, гэтыя рэспандэнты найчасцей атрымліваюць інфармацыю пра падзеі ў свеце з праграмы Wydarzenia тэлеканала Polsat і схіляюцца да левых палітычных поглядаў.

Супраць вяртання абавязковай службы найчасцей выступаюць жанчыны (49 %), трыццацігадовыя (59 %), прадстаўнікі пакалення Z (58 %), жыхары буйных гарадоў (54 %) і асобы з вышэйшай адукацыяй (52 %). Сярод іх шмат тых, хто не ўдзельнічае ў выбарах (50 %).

Паводле газеты Rzeczpospolita, гэтыя палякі часцей карыстаюцца інфармацыяй з канала TVP Info і пазіцыянуюць сябе як цэнтрыстаў у палітычных поглядах.

эж