У горадзе Новы Тарг дзевяцігадовы хлопчык разам з бацькамі папрасіў прабачэння ў пілотаў, у якіх некалькі дзён таму свяціў лазерам – чытаем на сайце TVN24.
Здарэнне мела месца падчас начных авіявучэнняў над горадам. У бок пілотаў была накіравана зялёная лазерная кропка з аднаго з жылых дамоў. Улады лётнішча адзначылі, што гэтая сітуацыя была вельмі небяспечнай, паколькі магла прывесці да асляплення пілотаў.
Паліцыя хутка знайшла кватэру, адкуль свяцілі лазерам. Аказалася, што гэта быў дзевяцігадовы хлопчык. Лазер канфіскаваны, а матэрыялы справы перададзены ў суд па справах непаўналетніх. У панядзелак бацькі разам з хлопчыкам самі прыйшлі на лётнішча, сустрэліся з пілотамі і папрасілі прабачэння. У адміністрацыі аэрапорта адзначаюць:
«Не кожны здольны на такі жэст. Мы заўсёды адкрытыя і добразычлівыя да жыхароў, бо самі звычайныя людзі і таксама калісьці былі дзецьмі».
Авіяцыйныя службы яшчэ раз нагадалі, што накіроўваць лазер у самалёт — гэта не гульня, а сур’ёзная пагроза. Асляпленне можа пазбавіць пілота зроку і прывесці да трагедыі. Падобныя выпадкі здараюцца. Улады лётнішча прывялі прыклад, калі ў 2019 годзе ў Варшаве лекар з Авіяцыйнай службы хуткай дапамогі атрымаў сур’ёзнае пашкоджанне сятчаткі вока, калі яго асляпілі лазерам падчас палёту.
За накіраванне лазернага променя ў бок пілота прадугледжаны штраф, абмежаванне волі або нават пазбаўленне свабоды тэрмінам да аднаго года. Калі дзеянне створыць пагрозу авіякатастрофы, пакаранне можа скласці да васьмі гадоў турмы.
нг