Госць нашай студыі – Іна Сянкевіч, якая займаецца дапамогай іншаземцам, перш за ўсё беларусам, у афармленні дакументаў у Польшчы. Польскі парламент прыняў пастанову, дзякуючы якой заявы на від на жыхарства можна будзе падаваць у электронным выглядзе — праз сістэму Moduł Obsługi Spraw. Адпаведныя папраўкі ў закон аб замежніках прыняў Сейм (ніжэйшая палата парламента). Ці электронная падача заяў можа значна спрасціць працэдуру?
— Паглядзім. Ёсць такая прапанова, але невядома, колькі часу спатрэбіцца на яе рэалізацыю. Год таму ўжо казалі, што будзе электронная падача для ўкраінцаў, якія маюць статус UKR. Для іх планавалі зрабіць спецыяльную сістэму, але яе ўсё яшчэ няма. Калі б так сталася, было б значна хутчэй і зручней.
— Вядома, што Сейм прыняў пастанову, яе яшчэ павінен зацвердзіць Сенат і падпісаць прэзідэнт. А што дакладна гэта дасць? Ці ўдасца абмінуць чаргу, ці хутчэй яе прайсці? Наколькі мне вядома, самая вялікая праблема – запісацца ў чаргу.
— Так, самая вялікая праблема – запіс. Таму што ў Мазавецкім ваяводстве, калі не памыляюся, 250 тысяч замежнікаў, а ў дзень прымаюць толькі 135 чалавек. Так што складана ўсіх прыняць, самая вялікая праблема з запісам. Іншая праблема – доўгія тэрміны разгляду справы. Нават да года.
— Але ж ёсць нейкія законныя тэрміны разгляду справы. Яны настолькі доўгія, ці іх ніхто не трымаецца?
— Так, ёсць, але дзейнічае спецзакон, які дазваляе не разглядаць справы да сакавіка 2026 года. У некаторых ведамствах гэта датычыць толькі ўкраінцаў, але Мазавецкае адпісвае, што датычыць усіх. Тэрміны для ўсіх аднолькавыя, незалежна ад грамадзянства.
— Калі мы дамаўляліся на інтэрв'ю, Вы мяне папярэдзілі, што не займаецеся афармленнем міжнароднай абароны. Гэта зусім іншы шлях?
— Так, зусім іншы шлях, іншае месца падачы дакументаў, іншы закон.
— А пытаюся я таму, што слухала інтэрв’ю з юрысткай Ганнай Маціеўскай, якая папярэджвала беларусаў, што калі хтосьці не ўпэўнены на 100%, ці яму ўдасца аформіць побыт праз міжнародную абарону, тады лепш, каб ён спрабаваў іншы шлях. Паколькі, калі яму адмовяць, не будзе іншай магчымасці застацца ў Польшчы. Чаму?
— Таму што трэба будзе выехаць з краіны. Міжнародную ахову лепш пакінуць як апошні шанец. Калі ёсць хоць якая падстава, трэба падацца на часовы від на жыхарства. У кожнага свой шлях – у кагосьці вучоба, у кагосьці – праца або побыт з партнёрам. Калі легальная праца, падаткі плацяцца, можна падаваць дакументы на часовы від на жыхарства, пасля пяці гадоў – на карту рэзідэнта ЕС.
— Гэта як stały pobyt?
— Так, як stały pobyt (ПМЖ), але ёсць розніца. Рэзідэнт – калі чалавек пражыў пяць гадоў, не выязджаў на больш, чым 10 месяцаў, плаціў падаткі. А stały pobyt можа атрымаць той, у каго ёсць польскае паходжанне, Карта паляка. Гэта прасцейшы шлях.
нг