Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы запусціла праграму «wGotowości» (у гатоўнасці) — сістэму добраахвотных абаронных трэніровак для грамадзян. Урад прадстаўляе яе як крок да павышэння бяспекі і ўстойлівасці грамадства. Аднак апазіцыя абвінавачвае ўлады ў прапагандзе і палітычным піяры - піша Defence24.
Былы міністр абароны Марыюш Блашчак сцвярджае, што новы праект — гэта толькі аднаўленне ініцыятыў, створаных яшчэ пры ўладзе партыі «Права і справядлівасць» (PiS). Ён нагадвае, што падобныя васьмігадзінныя курсы для грамадзян ужо існавалі, а цяпер ім проста дадалі новыя элементы. Блашчак таксама крытыкуе скарачэнне фінансавання падрыхтоўкі рэзервістаў — з 30 тысяч у 2025 годзе да толькі 3 тысяч у наступным.
Былы віцэ-міністр абароны, цяпер еўрадэпутат Міхал Дворчык называе праграму «маркетынгам, які маскіруе сапраўдныя праблемы бяспекі». На яго думку, Польшчы патрэбна не аднаразовая падрыхтоўка, а сістэмнае аднаўленне рэзерваў — нават праз увядзенне абавязковай дзяржаўнай службы, якая ўключала б вайсковае і грамадзянскае навучанне.
Ён таксама адзначае, што падрыхтоўка 25 тысяч чалавек у год не паўплывае істотна на колькасць рэзервістаў, а Міністэрства абароны не павінна займацца тым, што належыць да кампетэнцыі МУС.
Паводле планаў Мінабароны, курсы працягласцю ў адзін дзень ахопяць больш за 130 вайсковых частак. Праграма стартуе 22 лістапада, а запіс будзе даступны праз дадатак mObywatel. Удзельнікаў навучаць першай дапамозе, самаабароне, кібербяспецы і дзеянням у крызісных сітуацыях. Міністр Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэслівае, што мэта — «навучыць палякаў, як паводзіць сябе ў часе пагрозы — ваеннай ці грамадзянскай».
нг