Паводле новага даследавання «Маладыя 2025», праведзенага навукоўцамі Кракаўскага ўніверсітэта Камісіі нацыянальнай адукацыі, сучасная моладзь (18–29 гадоў) у Польшчы больш за ўсё цэніць цікавую і добра платную працу, якая дае самастойнасць і магчымасць будаваць цікавае ўласнае жыццё - чытаем на сайце Forsal.
На другім месцы — удачныя адносіны з каханым чалавекам, а толькі пасля — здароўе. У топ-5 жыццёвых мэт таксама ўваходзяць спакой і адсутнасць стрэсу, асабістае развіццё і вольны час. Падарожжы, якія часта лічацца галоўнай каштоўнасцю маладых, апынуліся толькі на сёмым месцы.
Даследаванне паказала шмат парадоксаў. Хоць большасць маладых жыве ў добрых матэрыяльных умовах і мае ўласны пакой у сучасных кватэрах, каля траціны бачыць сваю будучыню ў цёмных колерах. Многія пакутуюць ад адчужэння, адзіноты і псіхалагічнага ціску.
Больш за палову рэспандэнтаў лічаць, што ў Польшчы цяжка атрымаць добрую працу без сувязяў, а галоўнай перашкодай для дасягнення мэт называюць высокія кошты жыцця, праблемы на рынку працы і жылля.
Пры гэтым амаль 60% маладых ужо працуюць або маюць свой бізнес. Большасць не чакае бясплатных кватэр, а хоча зарабляць дастаткова, каб купіць уласнае жыллё самастойна. У адносінах да сям’і тры чвэрці хацелі б мець дзяцей, але толькі кожны пяты называе гэта адной з галоўных жыццёвых мэт.
Нягледзячы на агульна добры ўзровень жыцця, кожны чацвёрты часта адчувае самоту, а 40% — пастаянны стрэс. Большасць шукае падтрымку ў сям’і і сяброў, рэдка — у святароў ці настаўнікаў. У цэлым маладыя палякі хочуць не раскошы, а спакойнага, стабільнага жыцця, дзе праца, любоў і самастойнасць важнейшыя за вялікія грошы і статус.
нг