Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, у 2024 годзе польскае грамадзянства атрымалі 16 647 чалавек. У папярэднім годзе іх было 12 166, а ў 2018 годзе — толькі 5 665.
Згодна з Законам, польскае грамадзянства набываецца ў сілу закона, шляхам прызнання польскага грамадзянства, прадастаўлення польскага грамадзянства або аднаўлення польскага грамадзянства.
Пра розныя шляхі атрымання грамадзянства Польшчы мы паразмаўлялі з Інай Сянкевіч, якая дапамагае замежнікам афармляць дакументы.
— Грамадзянства ў асноўным даецца пасля пастаяннага віда на жыхарства. Калі ён атрыманы па каранях або Карце паляка, тады дастаткова пражыць усяго год. Калі рэзідэнт – тады пасля трох гадоў, калі няма карыт рэзідэнта – пасля дзесяці гадоў. Так што ёсць розныя шляхі.
— Дарэчы, часта мільгае рэклама – “Карта паляка”, афармленне дакументаў. Як думаеце, гэта дапамога ў афармленні, ці нейкі падман?
— Па-рознаму можа быць. Магчыма, гэта і пасрэднікі. Але ёсць шмат людзей, якія займаюцца нядобрымі справамі. Я б не рэкамендавала з імі звязвацца. Усё правяраецца, дакументы адпраўляюцца на экспертызу. За гэта можа быць тэрмін або дэпартацыя.
— Часам чуваць розныя гісторыі пра фіктыўны шлюб. Хаця, здаецца, у Польшчы гэта не праходзіць. Калі я выйшла замуж, да нас прыходзіў паліцыянт, адпаведнік участковага, вельмі дакладна пра ўсё распытваў.
— Так, могуць задаваць розныя пытанні. Напрыклад, калі ў цешчы дзень народзін. Могуць задаць спачатку аднаму пытанні, а пазней другому тыя ж самыя. За пяць гадоў я ні разу не чула, каб хтосьці фіктыўна ажаніўся ў Польшчы.
— А што б вы параілі людзям, якія хочуць падавацца на грамадзянства?
— Рыхтавацца загадзя, паколькі трэба будзе здаваць экзамен. Пакуль што гэта В1, ёсць прапановы, каб гэта быў узровень С1. Калі закончылі ВНУ на польскай мове – не трэба здаваць іспыт па польскай мове. Невядома, што будзе далей, можа будзе яшчэ больш цяжкі экзамен.
— Ёсць таксама прапанова ад прэзідэнта Караля Наўроцкага, каб толькі праз 10 гадоў можна было падавацца на грамадзянства.
— Так, цікава, як гэта будзе выглядаць, і гэта будзе ўсіх датычыцца. Яшчэ ёсць прапанова, каб увесці экзамен па гісторыі, і інтэграцыйны. Можа, гэта было б і няблага. Раю думаць пра дакументы загадзя, нічога не губляць. І вучыць польскую мову.
нг