Ён выступіў супраць зрывання бел-чырвона-белых стужак на адным з мінскіх двароў, які на той час назвалі «Плошчай Перамен».
31-гадовага тады Рамана жорстка збілі людзі ў цывільным, зацягнулі ў бус і адвезлі ў аддзяленне міліцыі. На наступны дзень, 12 лістапада 2020 года, ён памёр у бальніцы ад атрыманых траўмаў.
Учора яго памяць у пятую гадавіну смерці ў Скверы Вольнай Беларусі перад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь ушанавалі беларусы, якія жывуць у Беластоку.
Ініцыятар пратэстаў і акцый салідарнасці ў скверы Вольнай Беларусі ў Беластоку Ян Абадоўскі:
«Сёння – пятая гадавіна забойства Рамана Бандарэнкі. Але насамрэч вельмі шмат смерцяў ужо зрабіў рэжым Лукашэнкі. І мы сёння таксама выходзім, каб нагадаць усім, што іх забілі за нашу свабоду, за тое, што яны верылі ў тое, што мы пераможам. Таму мы не можам здацца, не можам перагарнуць старонку. Мы павінны выходзіць таксама за тых людзей, якія сёння тысячамі сядзяць за кратамі і працягваюць нашу барацьбу. Я перакананы, што Лукашэнка не супакоіцца і забойствы далей будуць працягвацца, але мы павінны і далей змагацца – і мы гэта робім. Мы выходзім на розныя акцыі салідарнасці, як сёння, нагадваем, у тым ліку польскім грамадзянам, што ўсяго за 50 кіламетраў адсюль тысячы людзей сядзяць за кратамі, што там няма свабоды. І мы хочам паказаць, што мы далей змагаемся і будзем змагацца, пакуль гэты рэжым Лукашэнкі не падзе і пакуль наша краіна не стане вольнай».
Ян Абадоўскі дадае, што з часу так званых «прэзідэнцкіх выбараў» у 2020 годзе адбылося ўжо амаль 300 падобных пратэстаў. «Мы будзем прыходзіць сюды і надалей, пакуль слугі рэжыму Лукашэнкі не панясуць адказнасці», – гаворыць ён.
Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыё