Заветаваны законапраект прадугледжваў стварэнне нацыянальнага парку, які ахопліваў бы больш за 3800 гектараў каштоўных прыродных тэрыторый у ніжнім цячэнні ракі Одра ў Заходнепаморскім ваяводстве.
У абгрунтаванні рашэння прэзідэнт адзначыў, што законапраект выклікае занепакоенасць эканамічным развіццём рэгіёна, дзе рака Одра з'яўляецца ключавой крыніцай інвестыцыйнага патэнцыялу.
Прэзідэнт кіраваўся дзяржаўнай логікай, тлумачыць Блажэй Пабожы. Паводле слоў дарадцы прэзідэнта, Караль Наўроцкі прыйшоў да высновы, што аргументы праціўнікаў стварэння парку пераважаюць аргументы яго прыхільнікаў. Блажэй Пабожы заявіў, што стварэнне Нацыянальнага парку «Даліна Ніжняй Одры» можа пагражаць развіццю рэгіёна:
- Тэрыторыя даліны Ніжняй Одры ўжо сёння з’яўляецца часткай ландшафтнага парку, гэта абшар «Натура 2000». У сваю чаргу гэтая ідэя абмяжоўвала б іншыя аспекты функцыянавання рэгіёну. Між іншым, развіццё бізнесу, транспарт і рачны транспарт. Вынікам стала бы тое, што патэнцыял нашых партоў у Свінауйсці ці ў Шчэціне быў бы аслаблены, а бенефіцыярам стаў бы порт у Гамбургу.
Адміністрацыя прэзідэнта, сярод іншага, заявіла, што ініцыятыва «выклікае занепакоенасць з нагоды блакавання эканамічнага развіцця рэгіёна, дзе Одра зʼяўляецца ключавой крыніцай інвестыцыйнага патэнцыялу».
Удзельнік ініцыятывы па стварэнні нацпарку, арнітолаг Лукаш Лавіцкі не згодны з гэтымі аргументамі. Ён заявіў у эфіры Першай праграмы Польскага радыё, што гэта вельмі дзіўнае абгрунтаванне, якое не мае ніякага дачынення да рэальнасці:
- Калі казаць пра Одру, то яна цалкам выключаная з тэрыторыі планаванага нацыянальнага парку, буферная зона таксама. У абгрунтаванні паяўляецца аргумент, што Одра ад Шчэціна да Відуховай будзе ў межах парку. Гэта няпраўда. Рачны транспарт, што падкрэслівалася мноства раз, не будзе заблакаваны. Пра гэта гаварылі не толькі прадстаўнікі муніцыпальных улад, то бок, ініцыятары праекту, але і Міністэрства інфраструктуры, Польскія воды ці ўпраўленне порту Шчэцін-Свінавуйсце.
Прыхільнікі Нацыянальнага парку «Даліна Ніжняй Одры» сцвярджаюць, што гэта дапаможа абараніць унікальную экасістэму. Праціўнікі звярнулі ўвагу на пагрозы і абмежаванні мясцовага рыбалоўства і рачнога транспарту.
Стварэнне новага нацпарку стала б штуршком для развіцця рэгіёна. Менавіта такую думку выказаў дэпутат Гжэгаж Напяральскі, крытыкуючы вета прэзідэнта Караля Наўроцкага на законапраект аб стварэнні парку.
Дэпутат Грамадзянскай кааліцыі ад акругі, якая ахоплівае запланаваную ахоўную тэрыторыю, гаворыць, што стварэнне Нацыянальнага парку «Даліна Ніжняй Одры» будзе прадстаўляць сабой магчымасць для развіцця:
- Ёсць, напрыклад, такія месцы пад пагрозай паводкі, і там ніколі не ўзнікне ніводная будова, ніводная фабрыка, нават маленечкі дом. А калі сёння паглядзець на суму, якая паступіць у выніку стварэння нацпарку, то гэта 160 мільёнаў злотых на працягу 10 гадоў. Мог бы ўзнікнуць вялікі навуковы і адукацыйны цэнтр, гэта новыя месцы працы, нават 50 месцаў у гміне. Гэта вялікі патэнцыял.
Міністр клімату і навакольнага асяроддзя пракаментавала рашэнне прэзідэнта ў сацыяльных сетках.
«Гэтае рашэнне нас не спыніць, абяцаю! Мы будзем працягваць падтрымліваць ахову прыроды. Разам з мясцовымі органамі ўлады мы пачынаем працаваць над альтэрнатыўным рашэннем», – заявіла Паўліна Хеніг-Клоска.
Даліна Ніжняй Одры – унікальная тэрыторыя ў Польшчы. Гэта край тарфяных балот, вільготных лугоў, поймаў, азёр і лабірынта каналаў. Тут жыве больш за 220 відаў птушак. 21 від птушак занесены ў Чырвоную кнігу.
У цяперашні час у Польшчы існуе 23 нацыянальныя паркі агульнай плошчай прыблізна 317 000 гектараў, што складае толькі каля 1% ад агульнай плошчы краіны. Польшча знаходзіцца пад канец трэцяга дзясятка краін у Еўропы па долі паркаў у плошчы. Сярэдні паказчык па еўрапейскіх краінах складае каля 3%.
ав
слухайце аўдыё