У нядзелю, 16 лістапада, машыніст цягніка Варшава — Люблін паведаміў пра пашкоджанне чыгуначнага палатна ў раёне населенага пункта Жычын (Гарвалінскі павет), недалёка ад станцыі Міка. Паводле звестак паліцыі Мазавецкага ваяводства, папярэдні агляд пацвердзіў: участак чыгуначнага палатна сапраўды быў пашкоджаны.
Пазней увечары прэм’ер-міністр Дональд Туск пацвердзіў, што гаворка ідзе пра наўмысны падрыў.
«На жаль, пацвердзіліся найгоршыя чаканні. На чыгуначнай лініі Варшава–Люблін, у раёне вёскі Міка, адбыўся акт дыверсіі. Выбуховае прыстасаванне знішчыла ўчастак чыгуначнага шляху. На месцы працуюць службы бяспекі і пракуратура. На тым жа кірунку, бліжэй да Любліна, зафіксавана яшчэ адно пашкоджанне рэяк».
Інцыдэнт выклікаў шырокую рэакцыю ва ўрадзе і спецслужбах Польшчы. Прэм’ер падкрэсліў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з міністрам унутраных спраў і кіраўніцтвам Агенцтва ўнутранай бяспекі.
«Гэта надзвычай сур’ёзны інцыдэнт. Мы разглядаем яго як свядомае дзеянне, накіраванае супраць крытычнай інфраструктуры краіны», — адзначыў Дональд Туск.
Начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула ацаніў здарэнне на чыгунцы Варшава — Люблін як імаверны акт дыверсіі:
«Усё паказвае на дыверсійныя дзеянні. Гэта сапраўды тое, што ў жыцці называюць гібрыднай вайной. І насамрэч усё сведчыць пра тое, што гэтае здарэнне можа мець рысы дыверсіі. З нашага ваеннага пункту гледжання ўсе прыкметы ўказваюць на гэта. Праціўнік фармуе тут пэўны клімат, які павінен прывесці да падрыву даверу грамадства да ўрада, да асноўных інстытутаў дзяржавы, такіх як Узброеныя сілы, паліцыя, і стварыць умовы, спрыяльныя для патэнцыйнага вядзення агрэсіі на тэрыторыі Польшчы».
Эксперт у справах бяспекі і былы кіраўнік Агенцтва выведкі Польшчы Анджэй Дэрлятка лічыць, што расійскія спецслужбы маглі быць датычныя да інцыдэнту на чыгуначнай лініі Варшава–Люблін. Эксперт нагадаў, што Польшча ўжо даўно знаходзіцца ў стане гібрыднай канфрантацыі з Расіяй:
«Польшча знаходзіцца ў стане гібрыднай вайны з Расіяй. Праціўнік робіць розныя рэчы, каб нам нашкодзіць, каб нас напалохаць, каб нанесці як мага больш шкоды і стратаў. У выпадку гэтага здарэння пад Гарвалінам мы толькі цудам пазбеглі больш сур’ёзных наступстваў».
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі пацвердзіў, што паліцыя і Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) з раніцы, 17 лістапада праводзяць расследаванне на месцы здарэння. «Справа разглядаецца як прыярытэтная», — падкрэсліў Дабжыньскі.
Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык, адзначыў, што ў Польшчы ўжо пэўны час назіраецца серыя розных дыверсійных інцыдэнтаў.
«Дзейнічаюць службы — Агецнтва ўнутранай бяспекі, паліцыя, пракуратура. Думаю, заўтра або паслязаўтра інфармацыі будзе больш», — адзначыў Душчык.
Паводле яго, відавочна, што «рэйкі не маглі пашкодзіцца самі па сабе». Палітык заклікаў даць магчымасць спецыялістам высветліць, якім чынам і з выкарыстаннем якіх інструментаў былі пашкоджаныя чыгуначныя шляхі.
У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Марцін Басацкі заявіў, што не выключае датычнасці замежных спецслужбаў да гэтага інцыдэнту.
«Калі пацвердзіцца, што гаворка ідзе пра сабатаж, гэта будзе азначаць сур’ёзную эскалацыю дзеянняў гэтых службаў на тэрыторыі Польшчы. Аналагічныя дыверсійныя атакі адбываюцца па ўсёй Еўропе, і Польшча тут не з’яўляецца выключэннем. Расійскія дзеянні маюць сістэмны характар, яны ўзмацняюцца і тычацца не толькі Польшчы. Мы ўжо бачылі падпалы пасылак з выбухоўкай, спробы парушыць працу аэрапортаў і іншыя надзвычай небяспечныя інцыдэнты», — падкрэсліў польскі дыпламат.
Паводле генерала Багуслава Пацэка, спецыяліста ў сферы бяспекі, пашкоджанне рэек на лініі Варшава–Люблін — гэта спроба запалохаць грамадства і праверыць рэакцыю польскіх спецслужбаў. Ён мяркуе, што падобныя дзеянні могуць узмацняцца, а задача ўладаў — навучаць грамадзян, як правільна рэагаваць на такія пагрозы.
«Супрацьдзеянне можа быць толькі адно — эфектыўная праца спецслужбаў і паліцыі, якая дазволіць хутка выяўляць вінаватых у такіх здарэннях. Без дапамогі грамадства, без яго пільнасці, без паведамленняў пра падазроныя дзеянні самі службы з гэтым не справяцца. Патрэбныя не панічныя, а разумныя, узважаныя паводзіны грамадства, якое павінна праяўляць высокую ўстойлівасць да такога кшталту атак».
Тым часам чыгуначны преавозчык PKP Polskie Linie Kolejowe S.A. паведаміў, што абставіны інцыдэнту будуць дэталёва вывучаныя спецыяльнай чыгуначнай камісіяй. Пасля завяршэння працы спецслужбаў пачнуцца рамонтныя працы.
Рух цягнікоў на лініі Варшава–Люблін застаецца часткова адкрытым: паміж станцыямі Сабалева і Жычын цягнікі ходзяць па адным шляху. Чакаюцца нязначныя спазненні — да 10 хвілін.
pap/iar/pr/эж