Паліцыянты Цэнтральнага бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю затрымалі зламыснікаў, якія, паводле следства, былі аўтарамі звыш 380 фальшывых трывог пра падкладзеныя бомбы ў больш чым 1500 аб’ектах у Польшчы. Сярод іх — шпіталі, дзяржаўныя ўстановы і школы – чытаем на сайце Defence24.
Некалькі гадоў таму падчас выпускных экзаменаў школы атрымлівалі паведамленні пра нібыта закладзеныя ў іх будынках выбуховыя прыстасаванні. На месца выклікалі службы, праводзілі эвакуацыю, але падчас праверак выбуховых рэчываў не знаходзілі. Падобныя сцэнарыі адбываліся не толькі ў навучальных установах — усяго паведамленні атрымала больш за 1500 аб’ектаў, у тым ліку мэры гарадоў, палітыкі і Канцылярыя Прэзідэнта.
Дзеянні, распачатыя тады паліцыяй, праз некалькі гадоў далі вынікі. Як паведаміла Цэнтральнае бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю, праца падраздзяленняў з Познані, Быдгашчы, Катовіцаў і Кельцаў прывяла да затрымання шасці чалавек, падазраваных ва фальшывых трывогах пра бомбы. Акрамя таго, яны нібыта накіроўвалі пагрозы службовым асобам.
У ходзе следчых дзеянняў на камп’ютары аднаго з падазраваных знайшлі вялікую колькасць паштовых паведамленняў з несапраўднымі трывогамі, падрыхтаванымі да адпраўкі ў розныя ўстановы. На іншай прыладзе быў выяўлены каталог пад назвай «школы», які мог быць звязаны са справай аб фальшывых трывогах.
Дзеянні сілавікоў праводзіліся ў некалькіх рэгіёнах Польшчы. У выніку быў затрыманы 19-гадовы малады чалавек, які, паводле следства, дасылаў у службы паведамленні пра бомбы, а таксама накіроўваў крымінальныя пагрозы.
Тым часам супрацоўнікі аддзялення ў Кельцах затрымалі двух чалавек — 18-гадовага маладзёна ў Мазовіі і 20-гадовага ў Ніжняй Сілезіі. Ім ставяць у віну стварэнне як мінімум 100 фальшывых трывог у 60 месцах, а таксама крымінальныя пагрозы.
Што важна, яны таксама падбухторвалі іншых людзей да рассылкі паведамленняў; гэта былі пераважна непаўналетнія, з якімі яны пазнаёміліся праз камп’ютарныя гульні. На дадзены момант ідэнтыфікаваны трое непаўналетніх, якія дзейнічалі паводле інструкцый, і яны будуць несці адказнасць у судзе па справах непаўналетніх.
Познаньская паліцыя затрымала іншага падазраванага, якога шукалі чатыры гады, ён называў сябе кібертэрарыстам. У спісе аб’ектаў, якія атрымлівалі ад яго фальшывыя паведамленні пра выбухоўку і пагрозы, былі аэрапорты, рэлігійныя арганізацыі і медыцынскія ўстановы.
Супрацоўнікі аддзялення Цэнтральнага бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю (CBZC) у Быдгашчы таксама затрымалі двух чалавек. Падазраваныя быццам бы адправілі 40 электронных лістоў больш як 500 адрасатам, у тым ліку пракурорам, навучальным установам і спецслужбам.
Усім затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі і значныя фінансавыя пакаранні.
нг