Беларуская Служба

У апошнія месяцы рэзка павялічылася колькасць выпадкаў віруснага гепатыту А

24.11.2025 19:38
 Гэтую разнавіднасць часта называюць «хваробай брудных рук».
,      -      .
Гігіена, у тым ліку чыстыя рукі - гэта важнейшы элемент прафілактыкі гепатыту А.Фота: Adrian Slazok/REPORTER/East News

З пачатку года па ўсёй Польшчы зафіксавана ўжо звыш 700 заражэнняў вірусным гепатытам А, што ў некалькі разоў больш, чым летась - чытаем на старонках Onet. Падобныя ўсплёскі назіраюцца таксама ў Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

Спецыялісты папярэджваюць: першыя сімптомы могуць нагадваць звычайную прастуду або праблемы са страўнікам - млоснасць, слабасць, боль у цягліцах. Чалавек можа заражаць іншых яшчэ за два тыдні да таго, як з’явіцца жаўтуха — найбольш характэрны сімптом гепатыту.

Найбольш уразлівыя групы — людзі, якія жывуць у дрэнных санітарных умовах, бяздомныя, асобы, што ўжываюць наркотыкі, а таксама падарожнікі. Вірус перадаецца праз кантакт з забруджанымі паверхнямі, вадой, ежай, а таксама падчас інтымных зносін.

Лекары раяць пры першым падазрэнні зрабіць аналізы на ферменты печані і білірубін. Большасць выпадкаў лечыцца дома — патрэбныя адпачынак і ізаляцыя, каб не перадаць вірус іншым. Але пацыентам з аслабленай печанню — асабліва пры атлусценні, дыябеце або злоўжыванні алкаголем — хвароба можа пагражаць сур’ёзнымі ўскладненнямі.

Найбольш надзейная абарона — вакцынацыя. Сучасная прышчэпка дае імунітэт мінімум на 20 гадоў. Але нават вакцына не заменіць простых правіл гігіены: мыцця рук, выкарыстання пітной вады ў бутэльках падчас падарожжаў і бяспечных сексуальных паводзін.

нг