Новы даклад Банка нацыянальнай гаспадаркі Польшчы (BGK) паказаў, якія рэгіёны і гарады краіны могуць быць найбольш і найменш бяспечнымі ў выпадку вайны або іншых крызісных сітуацый. Эксперты ацэньвалі ўстойлівасць муніцыпалітэтаў, развітасць інфраструктуры і ўзровень патэнцыйных пагроз — ад прыродных катастроф да ваенных дзеянняў. Аб гэтым чытаем на сайце Forsal.
Аўтары адзначаюць: бяспека залежыць не толькі ад геаграфіі, але і ад якасці публічных паслуг, эканамічнай сілы рэгіёна і стану крытычнай інфраструктуры — як бальніцы, сістэмы энергазабеспячэння, транспарт і сховішчы.
Найбольш устойлівымі гарадамі ў Польшчы названыя Кракаў, Познань, Уроцлаў, Катавіцы і Жэшаў. Гэтыя гарады маюць развітую інфраструктуру, добрую сістэму аховы здароўя і крызіснага кіраўніцтва. Гэта азначае, што падчас вайны, эпідэміі або прыроднай катастрофы яны змогуць хутчэй і эфектыўней рэагаваць.
Згадваючы пра пагрозу ваенных дзеянняў, эксперты нагадваюць: найбольш небяспечнае месца на карце Польшчы — Сувалкскі калідор, тэрыторыя паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі. Гміны ў гэтым рэгіёне ў выпадку канфлікту могуць апынуцца ізаляванымі і падвяргацца найбольшым рызыкам.
Да гарадоў, якія ў разе вайны могуць стаць патэнцыйнымі цэлямі атакі, аднесеныя: Варшава, Гданьск, Кракаў, Уроцлаў, Кросна і Астралэнка. Высокае эканамічнае значэнне і канцэнтрацыя інфраструктуры робяць іх больш уразлівымі.
Калі казаць пра іншыя віды пагроз — прыродныя катастрофы і эпідэміі — то найбольш падрыхтаванымі аказаліся Сопат, Катавіцы, Познань, Жэшаў, Варшава, Кракаў, Уроцлаў і Гданьск. Тут дзейнічаюць моцныя службы рэагавання, медыцынскія цэнтры і сістэмы папярэджання.
Асобна ў справаздачы адзначаны гуманітарныя выклікі. У выпадку масавых перамяшчэнняў людзей найбольшыя нагрузкі могуць быць у Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Гданьску і Познані. Тым не менш, яны маюць высокі ўзровень падрыхтоўкі. А вось некаторыя гарады Сілезскага рэгіёна — Явожна, Рыбнік, Сасновец — могуць сутыкнуцца з большымі цяжкасцямі.
нг