На думку ваенных экспертаў, як Расія, так і Украіна маюць дастатковую колькасць марскіх дронаў, каб стварыць пагрозу бяспецы суднаходства на Балтыцы. На атакі ў Чорным моры глядзяць насцярожана, бо Расія нядаўна сцвярджала, што да такіх інцыдэнтаў дойдзе. У іх падрыхтоўцы яна абвінавачвала заходнія спецслужбы. «Гэта ідэальна ўпісваецца ў расійскі спосаб дзеяння. Такія атакі могуць здзейсніць і самі расіяне, робячы выгляд, што гэта ўкраінцы», – каментуе для Dziennik Gazeta Prawna Себасцьян Калітоўскі, прэзідэнт Maritime Safety & Security і спецыяліст па марской выведцы.
Ценявы расійскі флот на Балтыйскім моры / Dziennik Gazeta Prawna
Выданне нагадвае, што ў апошнія дні адбыліся выбухі на суднах у турэцкіх тэрытарыяльных водах, што насцярожыла ўлады Турцыі. Аднак паведамленні пра тое, што за атакамі нібыта стаялі ўкраінскія спецслужбы, выклікалі занепакоенасць і сярод еўрапейскіх лідараў.
Найбольш апасенняў выклікае магчымасць экалагічнай катастрофы на Балтыцы. Паводле ацэнак Цэнтра даследаванняў энергіі і чыстага паветра, штотыдзень Балтыйскім морам праходзяць больш за 40 суднаў, якія належаць да «ценявога флоту». «Яны перавозяць энергасыравіну на суму 1,5 млрд еўра і адказваюць за 60 працэнтаў расійскага экспарту на гэтай акваторыі», – гаворыцца ў артыкуле.
Выданне заўважае, што сярод экспертаў узнікае сумнеў: ці не з’яўляецца шырокае асвятленне нападаў на танкеры мэтанакіраванай дзеяй Крамля. Звяртаецца ўвага на тое, што абодва бакі – Украіна і Расія – маюць неабходныя інструменты для такіх удараў.
На пагрозу, як паведамляецца, адрэагавала НАТА, а Польшча прыняла ўласныя меры, змяніўшы закон, які дазваляе Ваенна-марскім сілам актыўна абараняць інфраструктуру.
вх