Беларуская Служба

Польшча павінна прызнаваць аднаполавыя шлюбы, заключаныя за мяжой. Справу тлумачыць адвакат

04.12.2025 11:48
У межах ЕС не можа ўзнікаць сітуацыя, калі адна і тая ж асоба мае розны грамадзянскі стан у розных дзяржавах-членах. 
Аўдыё
  • Польшча павінна прызнаваць шлюбы, заключаныя за мяжой. Справу тлумачыць польскі адвакат
  :        ,             -.
Суд ЕС падкрэсліў: у межах Еўрапейскага Саюза не можа ўзнікаць сітуацыя, калі адна і тая ж асоба мае розны грамадзянскі стан у розных дзяржавах-членах. Alexandros Michailidis / Shutterstock.com

У краіне разгарнулася вострая дыскусія наконт прызнання аднаполых шлюбаў, зарэгістраваных у іншых дзяржавах ЕС. Кансерватыўныя сілы рэзка выступаюць супраць любых зменаў, тады як урад падтрымлівае выкананне прававых абавязкаў перад Еўрапейскім Саюзам. Паводле рашэння Суда ЕС, Польшча павінна прызнаваць такія шлюбы на сваёй тэрыторыі, нават калі нацыянальнае заканадаўства пакуль не прадугледжвае іх рэгістрацыі.

Суд ЕС падкрэсліў: у межах Еўрапейскага Саюза не можа ўзнікаць сітуацыя, калі адна і тая ж асоба мае розны грамадзянскі стан у розных дзяржавах-членах. Гэта падрывае паслядоўнасць і цэласнасць прававой сістэмы ЕС. Таму прызнанне шлюбаў, заключаных за мяжой, павінна забяспечваць роўнасць правоў незалежна ад сямейнага статусу.

Адвакат пары, якая ініцыявала разгляд справы ў Судзе ЕС, Артур Куля тлумачыць сутнасць рашэння:

— Сітуацыя, якая існавала дагэтуль, была абсурднай: пара мужчын, што ўступіла ў шлюб у Германіі ці Партугаліі, пасля вяртання ў Польшчу імгненна «страчвала» свой сямейны статус. За мяжой яны — сужэнцы, а пасля перасячэння польскай мяжы — ужо два халастыя, якія з юрыдычнага пункту гледжання не маюць нічога агульнага.

Паводле адваката, гэта выклікала мноства практычных цяжкасцяў: пры запаўненні падатковых дакументаў, у пытаннях спадчыны, пры рэгістрацыі права ўласнасці на нерухомасць і ў іншых сітуацыях, дзе неабходная інфармацыя пра сямейны стан.

— Суд ЕС адзначыў, што такія супярэчнасці недапушчальныя. Акрамя таго, гэтая нявызначанасць магла прывесці да яшчэ больш складаных выпадкаў, напрыклад да бігаміі, калі чалавек пасля шлюбнага саюза за мяжой мог бы заключыць другі шлюб у Польшчы.

Юрыст падкрэслівае: рашэнне Суда ЕС не азначае аўтаматычнага ўвядзення аднаполых шлюбаў у Польшчы. Іх рэгістрацыя ў краіне па-ранейшаму не прадугледжана законам. Пытанне датычыць толькі прызнання адносін, аформленых законным чынам у іншай дзяржаве-члене ЕС.

Дадатковыя ўмовы для прызнання шлюбу

Артур Куля адзначае, што патрабуецца мінімальная сувязь пары з той краінай, дзе быў заключаны шлюб:

— Рашэнне Суда ЕС згадвае неабходнасць «развіцця або ўмацавання сямейнага жыцця» за мяжой. Але цяжка ўявіць, каб дзяржава пачала строга вымяраць, колькі месяцаў хто жыў у іншай краіне. Сутнасць — у агульным разглядзе канкрэтнай сітуацыі.

Юрыст нагадвае, што пазіцыя Суда ЕС узгоднена з рашэннямі Еўрапейскага суда па правах чалавека, у прыватнасці ў справе «Пшыбышэўская і іншыя супраць Польшчы», дзе ўжо было прызнаны абавязак дзяржавы забяспечваць базавыя правы для аднаполых пар.

Палітыкаў абыйдуць: дастаткова адмены тэхнічных бар’ераў

Рашэнне стварае магчымасць для зменаў без удзелу Сейма і прэзідэнта Польшчы:

— Гэта адміністрацыйнае пытанне, — тлумачыць адвакат. — Пасля адказу Суда ЕС Вышэйшы адміністрацыйны суд у Варшаве вынесе канчатковае рашэнне па справе маіх кліентаў і абавяжа выдаць ім польскі акт шлюбу. З гэтага моманту іншыя ўстановы павінны будуць кіравацца такім жа падыходам.

Куля адзначае, што цяпер неабходна толькі змяніць распараджэнне, што рэгулюе формы дзяржаўных актаў:

— Гэта можа зрабіць міністр лічбавых тэхналогій: увесці новыя бланкі з гендарна нейтральнымі азначэннямі, напрыклад «сужэнец і сужэнец».

Ці пачнецца «шлюбны турызм»? Юрыст прызнае, што попыт на яго можа сапраўды з'явіцца:

— Магчыма, некаторыя пары будуць ездзіць за мяжу спецыяльна дзеля шлюбу. Але ўсё ж такі будзе дзейнічаць патрабаванне пра рэальныя сувязі з краінай, дзе афармляецца шлюб. Спачатку мы пабачым транскрыпцыі ў тых выпадках, дзе гэта відавочна.

Якія правы атрымаюць сужэнцы? Прызнанне шлюбу ў Польшчы аўтаматычна адкрые доступ да правоў, якія вынікаюць з еўрапейскай і нацыянальнай судовай практыкі. Сярод іх:

  • маёмасныя і спадчынныя правы,
  • падаткавыя льготы,
  • сацыяльнае і медыцынскае страхаванне,
  • права на аліменты,
  • пенсійныя гарантыі,
  • правы, звязаныя з працоўнымі адносінамі (напрыклад адпачынак па сямейных абставінах).

— Калі заканадаўства выкарыстоўвае паняцце «сужонкі», — падкрэслівае Куля, — няма падстаў пазбаўляць аднаполыя пары часткі правоў. Аб’ём правоў будзе ўдакладняцца на практыцы, праз канкрэтныя справы.

Увядзенне рашэння ў дзеянне — значны крок наперад у забеспячэнні роўных правоў. Але адвакат нагадвае: для поўнай упэўненасці патрабуецца далейшая праца.

— Грамадства ўсё больш падтрымлівае прызнанне правоў ЛГБТ+-пар, але палітыкі пакуль не гатовыя да маштабных зменаў. Таму шлях — юрыдычны, крок за крокам. Першая перамога ўжо ёсць. Астатняе — наперадзе.

Слухайце аўдыё!

эж

Міністр юстыцыі: Рразважаем, як рэалізаваць вырак Суда ЕС аб аднаполых шлюбах 

01.12.2025 17:28
Рашэнне Суда ЕС тычыцца тых выпадкаў, калі грамадзянін ЕС заключыў аднаполы шлюб  за мяжой і перасяліўся ў Польшчу, тады гэты факт будзе адлюстраваны ў польскіх актах грамадзянскага стану.