Беларуская Служба

Gazeta Wyborcza: палякі ўсё бліжэй да выхаду з ЕС

05.12.2025 17:22
У Польшчы ўжо кожны чацвёрты гатовы пакінуць Супольнасць. Горш толькі ў Францыі: 27 % «за» выхад, 67 % — «за» далейшае членства.
.   .
Ілюстрацыя. Падняцце польскага сцяга. PAP/Adam Warżawa

Gazeta Wyborcza апублікавала вынікі сацыялагічнага апытання Eurobazooka, якія паказваюць трывожныя настроі ў Польшчы адносна далейшага ўдзелу краіны ў ЕС. За тое, каб краіна засталася ў Еўрасаюзе, выказаліся толькі 69 % апытаных палякаў, а 25 % падтрымліваюць ідэю PolExit.

Даследаванне па замове французскага выдання Le Grand Continent праводзілася ў канцы лістапада метадам aнлайн-апытанняў (CAWI) у Германіі, Францыі, Польшчы, Іспаніі, Партугаліі, Бельгіі, Нідэрландах і Харватыі. Выбарка ў кожнай краіне — больш за тысячу чалавек.

У сярэднім па васьмі дзяржавах 74 % лічаць, што іх краіны павінны заставацца ў ЕС, 19 % выступаюць за выхад, 7 % не маюць меркавання. З улікам геапалітычных пагроз, ціску Расіі і крытычнай пазіцыі ЗША, дзе прэзідэнт Дональд Трамп лічыць ЕС супернікам, такі вынік ацэньваецца як адносна пазітыўны.

Аднак Польшча істотна адрозніваецца ад іншых. У Партугаліі супраць выхаду — 90 %, у Іспаніі — 89 %, у Германіі — 78 %. Затое ў Польшчы ўжо кожны чацвёрты гатовы пакінуць Супольнасць. Горш толькі ў Францыі: 27 % «за» выхад, 67 % — «за» далейшае членства.

Gazeta Wyborcza нагадвае: у 2022 годзе ЕС падтрымлівалі 92 % палякаў, у 2024-м — 77 %. Сённяшнія вынікі сведчаць пра рэкордны ўзровень еўраскептыцызму сярод палякаў. Эксперты папярэджваюць: Польшча разам з Францыяй можа стаць слабым звяном еўрапейскай інтэграцыі.

Газета ставіць пытанне: ці ўплываюць на гэта перамога на мінулых парламенцкіх выбарах еўраскептыка Караля Наўроцкага, рост падтрымкі праварадыкальнай «Канфедэрацыі» і антысеміцкай партыі Гжэгажа Браўна або ўсё больш жорсткая антыеўрапейскай рыторыка лідара «Права і справядлівасці» Яраслава Качыньскага?

эж