Польшча належыць да дзяржаў, дзе назіраецца адзін з самых высокіх каэфіцыентаў хатняй жывёлы на аднаго жыхара. У краіне жыве прыкладна 13,5 мільёна сабак і катоў. Пры гэтым, як заўважаюць часам беларусы, якія пераехалі жыць у Польшчу, тут на вуліцах практычна няма бяздомных сабак. З катамі крыху іншая справа, паколькі многія ўладальнікі выпускаюць сваіх “мурак” самастойна на панадворак. Кожнай жывёлай, якая бадзяецца па вуліцы і выглядае бяздомнай, раней ці пазней, а хутчэй раней, хтосьці зацікавіцца і даставіць у прытулак для бяздомных жывёл.
У сувязі з такой вялікай любоўю палякаў да хатняй жывёлы, сабак дапускаюць да ўсё большай колькасці сфер жыцця, якія раней былі даступныя толькі людзям. Напрыклад, часта можна ўбачыць сабак у крамах, кавярнях ці на пляжах (якія адведзеныя спецыяльна для людзей з сабакамі). Але ёсць месцы, куды ўваход сабак катэгарычна забаронены, напрыклад, бальніцы ці дамы састарэлых. Аднак і гэта мяняецца.
Эксперты адзначаюць, што кантакт з сабакамі дабратворна ўплывае на здароўе пажылых людзей. І аб гэтым кажуць арганізатары праекту па догатэрапіі ў дамах сацыяльнай апекі. У рамках праекту спецыялісты са сваімі сабакамі наведваюць жыхароў дамоў састарэлых па ўсёй Польшчы. Меркаваннем Катажыны Чэрэшэўскай (Katarzyna Czereszewska) з фонду «Доктар Клоўн», жыхарам такіх устаноў не хапае блізкіх кантактаў з іншай жывой істотай, яны адчуваюць адзіноту.
— Мы бачым, як мяняецца іх энергія, як пажылыя асобы чакаюць кантакту з жывёлай. Тое, што ім перашкаджае больш за ўсё, гэта адзінота. А калі паяўляецца сабака, ён уносіць у кантакт сваю радасць і безумоўную любоў да іншага. Ён выцягвае гэтых пажылых з адзіноты.
Ветэрынар доктар Малгажата Главацка (Małgorzata Głowacka) падкрэслівае, наколькі важная адна з рысаў характару сабак – яны ніколі не ацэньваюць і не асуджаюць людзей, як іншыя людзі.
— Сабака прымае нас без якіх-небудзь умоў. Для яго не важна, як мы выглядаем, як пахнем, ці мы здаровыя ды моцныя, ці ў нас ёсць нейкія слабасці. Дзякуючы жывёлам, чалавек адчувае, што іншая істота прымае яго з усімі ягонымі добрымі і дрэннымі бакамі. І гэта вельмі важна для кожнага чалавека – ад маленькага дзіцяці да старога чалавека. Гэта тое, што даюць нам нашыя жывёлы.
Зоапсіхолаг і спецыяліст па паводзінах жывёл Сабіна Златаровіч (Sabina Złotorowicz) наведвае дамы састарэлых са сваёй аўстралійскай аўчаркай Холкай. Яна тлумачыць, што сустрэчы з сабакамі і сумесная актыўнасць актывізуюць і паляпшаюць самаадчуванне пажылых людзей.
— Пацыенты вельмі ахвотна выконваюць нейкія заданні. А гэта звязана з тым, што ім прыходзіцца зрабіць нейкі рух, які раней ім не хацелася зрабіць. Або ім самі прыходзіцца ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Яны часта ўпадаюць у такую старэчую пасіўнасць, ім нічога не хочацца рабіць. А калі сабака нешта зробіць, і зробіць з вялікім энтузіязмам і радасцю, дык пазней пажылому чалавеку лягчэй зрабіць такое заданне.
У рамках праграмы, арганізаванай фондам «Доктар Клоўн», у трынаццаці дамах састарэлых былі праведзены сотні сустрэч. Дзякуючы вялікай карысці ад такіх візітаў сабак да сеньёраў, праект будзе працягнуты і пашыраны на іншыя дамы састарэлых па ўсёй Польшчы.
А вось кіраўнік Клінікі Паліятыўнай Медыцыны Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта доктар Томаш Дзержаноўскі (Tomasz Dzierżanowski) ідзе далей і прапануе замацаваць права на развітанне смяротна хворага пацыента з яго хатняй жывёлай у “Хартыі правоў пацыента”. На яго думку, гэта важнае права чалавека, які знаходзіцца ва ўстанове аховы здароўя – магчымасць перад смерцю ўбачыць свайго ката ці сабаку і развітацца з ім. Доктар падрыхтаваў адмысловую петыцыю, якую можна падпісаць у інтэрнэце.
IAR/нг