Беларуская Служба

Ці ўдасца дапамагчы ўсім? Арганізатары дабрачыннай акцыі «Высакародны падарунак» просяць дапамогі ў палякаў

10.12.2025 14:35
На некалькі дзён перад фіналам штогадовай дабрачыннай акцыі «Высакародны падарунак» сваіх донараў чакае яшчэ некалькі тысяч сем’яў.
Аўдыё
  • Арганізатары дабрачыннай акцыі «Высакародны падарунак» просяць дапамогі ў палякаў
C
Cтаршыня Асацыяцыі «Вясна» Яанна СадзікPAP/Marcin Obara

Калядны перыяд – гэта час асаблівай шчодрасці, які з'яўляецца часткай традыцыі святкавання Калядаў. У гэтым часе ў Польшчы праходзяць шматлікія дабрачынныя акцыі, арганізаваныя Caritas, Вялікім аркестрам каляднай дапамогі, праграмай «Дапамога палякам на Усходзе», школамі, рознымі дабрачыннымі арганізацыямі ці грамадскім Польскім радыё «Ялінкі Адзінкі – ДАПАМАГАЕМ» («Choinki Jedynki»).

Між тым, у бліжэйшую суботу і нядзелю ў Польшчы пройдуць «Выходныя цудаў», то бок фінал дабрачыннай акцыі «Высакародны падарунак», якую ўжо 25-ы раз праводзіць Асацыяцыя «Вясна». У прыватнасці ў бліжэйшыя выгодныя валанцёры арганізацыі даставяць дапамогу сем’ям, якія апынуліся ў патрэбе. Між тым, арганізатараў непакоіць факт, што за некалькі дзён да фіналу сёлетняй акцыі, надалей не ўдалося забяспечыць дапамогу для больш за 3 000 сем’яў са спісу, складзенага асацыяцыяй.

Магдалена Лукасік (Magdalena Łukasik) з асацыяцыі «Вясна», прызнае, што гэта выключная сітуацыя, бо ў гэтым годзе валанцёры вызначылі надзвычай вялікую колькасць людзей, якім неабходная дапамога:

- Сапраўды сітуацыя, калі за некалькі дзён да фіналу, столькі сем’яў надалей патрабуе дапамогі – выключная і вельмі нас непакоіць. Таму мы заклікаем спадарства зрабіць гэты апошні жэст перадкаляднай дабрыні.

Паводле віцэ-старшыні асацыяцыі Конрада Кручкоўскага (Konrad Kruczkowski), павелічэнне колькасці сем'яў, якім патрэбная дапамога, гэта адначасова добрая і дрэнная навіна:

- Мяне заўсёды кранае, але і раздражняе тое, што ў буйной дзяржаве ў цэнтры Еўропы жывуць бацькі, якія просяць нас даць ім запас пральнага парашку, каб іх дзеці хадзілі ў школу ў чыстым адзенні. Часам, гаворка ідзе пра большыя патрэбы, як лядоўня, бо старая сапсавалася і няма дзе захоўваць прадукты.

Значную групу сярод асобаў, якім імкнецца дапамагчы асацыяцыя, складаюць пажылыя людзі:

- Часам штодзённы бюджэт гэтых асобаў складае 70-80 злотых. У асноўным гэта пажылыя людзі, якім даводзіцца вырашаць – купіць ежу ці лекі? Паколькі голад адчуваецца ў першую чаргу, то зразумела яны вырашаюць купіць ежу. Між тым, што можна купіць за такую суму? Як выжыць? Таму часам вялікай дапамогай для іх з’яўляецца запас прадуктаў харчавання ці бытавой хіміі.

Паводле дадзеных, змешчаных на старонцы арганізацыі, да гэтай пары ўдалося арганізаваць дапамогу для амаль 18 000 семʼяў.

Паколькі сёлета патрэбы большыя, чым у мінулым годзе, то старшыня Асацыяцыі «Вясна» Яанна Садзік (Joanna Sadzik) заклікае мабілізавацца ўсіх, хто жадае далучыцца да акцыі. Яна таксама набліжае гісторыі тых, хто чакае дапамогі:

- Хто чакае дапамогі? Напрыклад, спадарыня Наталля з сынам Крысціянам, якія пасля раптоўнай смерці мужа-бацькі і пажару, які знішчыў частку іхнага дома, апынуліся ў складанай сітуацыі. Яны патрабуюць паліва для ацяплення дома, сродкаў гігіены і прадуктаў харчавання.

Валанцёрка Наталля Прухневіч (Natalia Pruchniewicz) кажа, што не хоча расчароўваць людзей, якім абяцала дапамагчы:

- Як валанцёр, я не ўяўляю сабе сітуацыі, калі буду прымушаная патэлефанаваць сем’ям і паведаміць ім, што дапамогі не будзе. Мы правялі з імі шмат часу, пераадольваючы барʼер страху і сораму перад просьбай аб дапамозе. Мы далі ім надзею і адчуваем адказнасць перад імі. Таму я прашу вас дапамагчы.

Аб намеры дапамагчы канкрэтнай сямʼі можна паведамляць на сайце арганізацыі www.szlachetnapaczka.pl да пятніцы, 12 снежня. Там знаходзіцца спіс семʼяў і іх канкрэтныя патрэбы. Падарункі можна сабраць на працягу бліжэйшых выходных, каб пасылку можна было даставіць на наступным тыдні.

Паколькі некаторым семʼям патрэбныя больш дарагія рэчы, такія як спецыялізаванае медыцынскае абсталяванне або бытавая тэхніка, то пакет можа падрыхтаваць большая група донараў. У мінулым годзе ў сярэднім адзін пакет рыхтавала каля 30 чалавек.

Акцыя «Высакародны падарунак» – агульнанацыянальны сацыяльны праект, арганізаваны Асацыяцыяй «Вясна», галоўнай мэтай якога зʼяўляецца матэрыяльная і псіхалагічная дапамога семʼям і асобам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Арганізацыйна праект заснаваны на скаардынаванай працы некалькіх тысяч валанцёраў па ўсёй Польшчы. Падрыхтаваныя донарамі пакеты размяркоўваюць валанцёры падчас «Выходных цудаў», якія штогод праходзяць у сярэдзіне снежня.

Спіс сем’яў і іх канкрэтныя патрэбы штогод публікуюцца на старонцы Асацыяцыі «Вясна» ў сярэдзіне лістапада.
Ідэя акцыі «Высакароднага падарунка» нарадзілася на пачатку 2000 гадоў у студэнцкім каталіцкім асяроддзі ў Кракаве. З часам акцыя стала праводзіцца не толькі ў Польшчы, але таксама за мяжой. У 2009 годзе ў яе ўключылася таксама тагачасная першая лэдзі Марыя Качыньска, тым самым паклаўшы пачатак традыцыі падрыхтоўкі падарункаў прэзідэнцкай парай.

Сёлета акцыя «Высакародны падарунак» арганізуецца ў 25-ы раз. У мінулым годзе больш за 17 000 семʼяў атрымалі дапамогу на агульную суму 72,5 мільёна злотых ад больш чым паўмільёна ахвярадаўцаў.

Нагадваем, «Высакародны падарунак» – не адзіная дабрачынная акцыя, якія праходзяць у Польшчы ў перадкалядным перыядзе. У іхных рамках дапамога ў рознай форме накіроўваецца не толькі палякам, якія пражываюць у краіне, але таксама за мяжой. 

аз