Беларуская Служба

Уладальнікі сацсетак маглі б хутка закрыць акаўнты, якія распаўсюджваюць хлусню. Чаму яны гэтага не робяць?

16.12.2025 19:10
Дэзінфармацыя, незаконны кантэнт і розныя віды махлярства складаюць значны адсотак даходаў. 
Аўдыё
  • Сацсеткі перабудавалі наш свет. Чаму іх уладальнікі не спяшаюцца змагацца з дэзінфармацыяй?
 .
Ілюстрацыйная графіка.Фота: Pixabay/WOKANDAPIX

Медыязнаўцы б’юць трывогу, што сацыяльныя сеткі сталі крыніцай вялікай колькасці шкоднай дэзінфрамацыі, якая значна хутчэй пашыраецца ў інтэрнэце, чым праўдзівая інфармацыя. Вялікія кампаніі, якія валодаюць сацсеткамі, не спяшаюцца ўводзіць абмежаванні на распаўсюд інфрамацыі, каб змагацца з фэйкамі. Яны засланяюцца аргументам свабоды слова. Пры гэтым, яны не скрываюць, што атрымліваюць ад непраўдзівага кантэнту вялізныя даходы.

Ці ёсць магчымасць такім чынам змяніць заканадаўства, каб прымусіць гэтыя кампаніі больш эфектыўна змагацца са шкоднай інфрамацыяй у сацыяльных сетках? Гэтае пытанне мы задалі старшыні Інстытуту Заменгофа Паўлу Прусу (Paweł Prus), які даследуе тэматыку дэзінфармацыі.

— У мяне складваецца ўражанне, што справа не толькі ў саміх законах, паколькі законы ствараюцца людзьмі. Праблема ў тым, што, прынамсі ў Польшчы, палітычны клас яшчэ не гатовы, каб супрацьстаяць пагрозе дэзінфармацыі, асабліва дэзінфармацыі ў інтэрнэце. Звярніце ўвагу на тое, што 90% дэзінфармацыі распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, што належаць да платформаў, якімі кіруюць буйныя, вельмі заможныя кампаніі са Злучаных Штатаў. На жаль, гэтыя кампаніі фактычна дазваляюць распаўсюджваць дэзінфармацыю, бо атрымліваюць ад гэтага вялікі прыбытак. Нядаўна кампанія Meta, якая валодае сацсеткай Facebook, паведаміла, што дэзінфармацыя, незаконны кантэнт і розныя віды махлярства складаюць значны працэнт даходаў. Буйныя лічбавыя платформы, якія валодаюць сацыяльнымі сеткамі, ведаюць пра гэта, але яны нічога з гэтым не робяць, каб не страціць прыбыткаў. Нядаўна былі апублікаваныя дакументы, якія сведчаць аб тым, што кіраўніцтва Facebook можа нават выдатна падлічыць, колькі мільярдаў долараў Facebook заробіць на махлярстве, дэзінфармацыі і розных відах незаконнага кантэнту. Карацей кажучы, каб распаўсюджваць дэзінфармацыю, вам патрэбны толькі вельмі тоўсты кашалёк, каб плаціць Facebook, Ікс і TikTok за іх ахопы, і тады гэтыя дэзінфармацыйныя арганізацыі могуць дзейнічаць практычна без якіх-небудзь абмежаванняў.

— Магчыма, калі б гэтыя кампаніі паходзілі з іншай часткі свету, чым магутныя дзяржавы, прэсінг на іх у Еўропе быў бы большы. Але ні з Амерыкай (айчынай Фэйсбук), ні з Кітаем (адкуль паходзіць ТікТок) ніхто не хоча псаваць адносіны.

— Праблема ў тым, што польскі палітычны клас, і не толькі польскі, але і еўрапейскі, працягвае быць занадта паблажлівым у адносінах буйных лічбавых платформаў са Злучаных Штатаў, якія дазваляюць дэзінфармацыі квітнець. У выніку жыхары Польшчы пакутуюць ад негатыўных наступстваў гібрыдных атак. Але гэтыя кампаніі зарабляюць грошы, а нашы палітыкі баяцца што-небудзь з гэтым зрабіць. Гаворка ідзе не пра тое, каб караць за дэзінфармацыю, таму што гэта было б вельмі складана. Ідэя заключаецца ў тым, каб прымусіць уладальнікаў гэтых платформаў кантраляваць інфармацыю. Яны добра ведаюць, што дэзінфармацыя распаўсюджваецца праз іх платформы, але пакуль што яны зарабляюць на гэтым шмат грошай і не адчуваюць ціску з боку палітыкаў. Францыя і Іспанія спраўляюцца крыху лепш. Напрыклад, лічбавы падатак мог бы стаць такім інструментам уплыву. Скажам, для ўсіх кампаній 3-працэнты лічбавы падатак, а 8-працэнты для тых, хто на дэзінфармацыю глядзціь праз пальцы. Такі падатак мог бы стаць інструментам ціску. Гэта ўжо вялікая сума грошай, таму я думаю, што гэтым кампаніям было б больш выгадна кантраляваць кантэнт. Шчыра кажучы, кампаніі могуць зрабіць гэта за адзін дзень. Калі Facebook або TikTok хацелі бы, яны маглі б хутка заблакаваць усе акаўнты, якія вядуць дэзынфармацыйную дзейнасць, таму што яны пра іх ведаюць. Проста пакуль што яны не адчуваюць ніякага ціску з боку палітыкаў.

— Пра неабходнасціь увесці такі лічбавы падатак час ад часу згадваюць прадстаўнікі розных бакоў палітычнай сцэны. Чаму яго дагэтуль яшчэ няма?

— Гэта надта складанае і шматграннае пытанне. Можна, канешне, напісаць закон, і гэты падатак будзе. Аднак у міжнародных адносінах Польшча павінна браць пад увагу вельмі розныя інтарэсы. З аднаго боку, Злучаныя Штаты з'яўляюцца партнёрам па НАТА, мы купляем шмат узбраення ў ЗША, амерыканскія салдаты знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, і таму польскі палітычны клас вельмі клапоціцца пра добрыя адносінамі са Штатамі. Такім чынам, гэты лічбавы падатак павінен быць рэалізаваны так, каб можна было дасягнуць пэўнага балансу, партнёрства. Нельга проста раптоўна яго ўвесці, бо гэта можа прывесці да крызісу ў адносінах. Тады Польшча магла б атрымаць карысць у сферы СМІ і фінансаў, але прайграла б у многіх іншых галінах. Гэта вельмі складаная задача, і я разумею, чаму яна да гэтага часу не рэалізавана.

нг