Беларуская Служба

Прастора для ўсіх: як працуе Беларускі хаб у Беластоку

17.12.2025 13:18
Беларускі хаб «Новая Зямля» ў Беластоку ўжо тры гады застаецца ключавой прасторай для супольнасці, дыялогу і культурных ініцыятыў.
Аўдыё
  • Беларускі хаб «Новая Зямля» ў Беластоку ўжо тры гады застаецца ключавой прасторай для супольнасці, дыялогу і культурных ініцыятыў.
Białostocki rynek
Białostocki rynekPixabay

У Беластоку ўжо тры гады працуе Беларускі хаб «Новая Зямля». Ён ствараўся дзеля таго, каб беларусы, якія пражываюць у сталіцы Падляскага ваяводства, мелі сваё месца — прастору для правядзення розных мерапрыемстваў і нефармальных сустрэч. За гэты час у хабе адбылося больш за тысячу івэнтаў.

Год таму хабу давялося змяніць лакацыю і разам з гэтым распачаць дзейнасць Chill Time Club, які цяпер яшчэ больш пашырае сваю працу, што спрыяе развіццю пляцоўкі.

З Надзеяй Салаўёвай, якая кіруе працай Беларускага хаба «Новая Зямля» і Chill Time Club, размаўляе Яраслаў Іванюк.

— Надзея, як можна падсумаваць гэтыя месяцы вашай працы тут?

— Гэтыя месяцы нашай працы — гэта змаганне і цяжкая праца, а таксама складаны час выпрабаванняў. Можна сказаць, што ўвесь гэты год мы спрабавалі зарыентавацца: куды нам ісці і што рабіць далей. Галоўная мэта нашага выжывання і змагання тут — захаваць пляцоўку для беларусаў. Не пабаюся гэтага слова: гэта фактычна адзінае месца ў Беластоку, якое адкрыта для ўсіх — для людзей з рознымі патрэбамі і з розным узроўнем досведу: экспертаў, спікераў, актывістаў. Мы працуем тут штодня з раніцы да вечара.

Мы сутыкаемся з цяжкасцямі і праблемамі, таму і прыйшлі да пэўнай канцэпцыі. Яна не новая — падобныя пляцоўкі існавалі ў Беларусі і існуюць у беларускай дыяспары ў ЗША. Ідэя ў тым, што мы зарабляем на жыхарах Беластока, прапаноўваючы ім нашы паслугі: арэнду памяшканняў, арганізацыю розных імпрэз. Гэтыя сродкі ідуць на развіццё і пакрыццё выдаткаў на ўтрыманне хаба.

Нягледзячы на праблемы, у хабе адбыліся дзясяткі, а магчыма, і сотні мерапрыемстваў. Калі ж лічыць увесь час існавання, то за тры гады — а 3 або 4 снежня нам спаўняецца роўна тры гады — гэта больш за тысячу падзей, калі глядзець у нашы Google-календары. Апошні год быў менш насычаны, таму мы вырашылі зрабіць адмысловы фармат: адзін тыдзень для беларускіх ініцыятыў, арганізацый і мерапрыемстваў, якія людзі ўсё яшчэ хочуць тут праводзіць. Мы аддаём усю прастору — усе чатыры пакоі — бясплатна, з 10 раніцы да 21 вечара. (...)

Слухайце аўдыё!

Яраслаў Іванюк