Беларуская Служба

Польскую дзяржмедыцыну чакаюць рэформы. Сярод прапаноў – фінансаванне з падатку на тлустыя і салодкія прадукты

18.12.2025 07:08
Сёлетні дэфіцыт дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя складзе больш за 3 млрд 325 млн еўра.
Аўдыё
  • Польскую дзяржмедыцыну чакаюць рэформы. Сярод прапаноў – фінансаванне з падатку на тлустыя і салодкія прадукты
Карэта варшаўскай хуткай медыцынскай дапамогі фота: Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

У апошні час у Польшчы ўзмацнілася дыскусія наконт функцыянавання дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя. Хоць праблемы ў ёй назіраюцца здаўна, аднак цяпер яны абвастрыліся ў сувязі з вялікім дэфіцытам сродкаў, з якіх фінансуецца польская медыцына. Пра спецыфіку дзяржаўнай медыцыны ў Польшчы, яе праблемы, а таксама пазітыўныя бакі сёння мы раскажам у нашым эфіры.

Ахова здароўя ў Польшчы заснаваная на абавязковай сістэме сацыяльнага медыцынскага страхавання праз NFZ (Нацыянальны фонд аховы здароўя) і фінансуецца за кошт узносаў ад заробкаў. Усе працуючыя і блізкія члены іх сем’яў, уключаючы замежнікаў, якія плацяць узносы, маюць права на бясплатнае абслугоўванне ў дзяржаўных медыцынскіх установа, хоць часта сутыкаюцца з чэргамі. Прыватны сектар прапануе хуткі доступ да лекараў, але патрабуе аплаты ці дадатковай страхоўкі, хоць і танней, чым у некаторых краінах Заходняй Еўропы. У Польшчы дзяржаўная медыцына трохузроўневая: першаснае звяно (лекар агульнай практыкі), спецыялізаваная дапамога і стацыянары, пры гэтым першасная дапамога (POZ) з'яўляецца «ўваходнай кропкай» у сістэму.

Усе грошы, сабраныя з узносаў на дзяржаўную медыцыну, паступаюць у NFZ, а адтуль размяркоўваюцца па медыцынскіх установах. І тут узнікае першая праблема: фінансавых сродкаў, якія паступаюць ад грамадзян, нашмат менш, чым патрэбна на функцыянаванне дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя.

У польскім Нацыянальным фондзе аховы здароўя – вялізны дэфіцыт. Сёлета ён складае 14 млрд злотых (больш за 3 млрд 325 млн еўра), у наступным годзе прадбачыцца ў памеры 23 млрд злотых (больш за 5 млрд 463 млн еўра). Дэфіцыт прыходзіцца пакрываць з рэзерваў дзяржаўнага бюджэту.

Вялікай праблемай у Польшчы з’яўляецца таксама дэфіцыт медыцынскіх кадраў і іх старэнне. Так, сярэдні ўзрост польскай медсястры – 55 гадоў, а лекара – 52 гады.

У сувязі з недахопам фінансавых сродкаў ва ўрадзе Польшчы з’явілася ідэя замарозіць штогадовае павышэнне зарплат медыцынскаму персаналу. Некалькі гадоў таму ў Польшчы быў прыняты закон, які стаў кансэнсусам паміж урадам краіны і медыцынскім асяроддзем, згодна з якім заробкі медыкаў кожны год будуць павышацца. Для прыкладу, сёлета павышэнне склала крыху больш за 14%. Такім чынам, актуальны ўрад хоча прыпыніць дзеянне дамоўленасці, дасягнутай паміж папярэднім кіраўніцтвам Польшчы і медыцынскім асяроддзем.

Дарэчы, рост заробкаў пазітыўным чынам паўплываў на сістэму аховы здароўя, таму што медыкі перасталі выязджаць за мяжу за працай, паколькі ў Польшчы іх заробкі сталі нядрэннымі. Але ўрад, шукаючы ашчаднасцей, думае прыпыніць штогадовае павышэнне зарплат медыкам. У адказ на такія планы прадстаўнікі розных медыцынскіх прафесій заявілі, што не згаджаюцца на тое, каб бюджэтная дзірка латалася за іх кошт.

Медасяроддзе і прафсаюзы паведамілі, што ў абароне сваіх правоў не выключаюць масавых пратэстаў і забастовак.

Супрацоўнік варшаўскай хуткай медыцынскай дапамогі (медыцынскі ратаўнік). Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Супрацоўнік варшаўскай хуткай медыцынскай дапамогі (медыцынскі ратаўнік). Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Кожны польскі ўрад баіцца праводзіць рэформу аховы здароўя, паколькі прыйдзецца прымаць непапулярныя рашэнні, якія ў канчаткова не спадабаюцца грамадзянам, што можа паўплываць на вынік падчас чарговых выбараў. Аднак актуальны ўрад вырашыў нешта зрабіць з дзяржаўнай медыцынай, бо ў адваротным выпадку сітуацыя, якая склалася, можа закончыцца катастрофай. У прыватнасці, прапануецца закрыццё аддзяленняў і бальніц, дзе лечыцца мала людзей. Хоць з іншага боку, прапанова наконт замарожання павышэння зарплат медыкаў – не прадуманае рашэнне, бо гэта сапраўды можа пагражаць забастоўкай медыцынскага асяроддзя, а ў выніку – адтокам медыцынскіх кадраў за мяжу.

Польскія палітычныя сілы прапануюць розныя вырашэнні ў дзяржаўнай медыцыне.

У прыватнасці, каталіцка-кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць», якая кіравала краінай цягам васьмі гадоў і прайграла выбары ў 2023 годзе, прапануе поўнасцю аддзяліць прыватную і дзяржаўную медыцыну. Гэта значыць, што медык, які працуе ў прыватных медыцынскіх установах, не змог бы працаваць у дзяржаўных, і наадварот. Гэта, паводле палітыкаў ПіС, прымусіла б медыкаў зрабіць выбар на карысць дзяржаўнай медыцыны, дзе заробкі падобныя, як і ў прыватнай, аднак існуюць шанцы на кар’екрны і навуковы рост.

А вось сацыял-дэмакраты прапануюць адмяніць медыцынскі ўзрос, які плаціць кожны грамадзянін, а дзяржаўную сістэму аховы здароўя фінансаваць са сродкаў спецыяльных падаткаў. Левыя сілы прапануюць увядзенне 12-працэнтнага медыцынскага падатку ад фізічных і юрыдычных асоб, падатку на нездаровае харчаванне, напрыклад, на тлустыя ці салодкія прадукты, а таксама з акцызнага падатку ад алкаголю і тытунёвых вырабаў.

Сенатар Войцех Канечны лічыць, што медыцынскі ўзнос проста неабходна адмяніць.

- Медыцынскі ўзнос не выконвае сваёй ролі, гэта, можна сказаць, паталогія.

Дэпутат Яанна Віха мяркуе, што новы спосаб фінансавання дзяржаўнай медыцыны створыць палёгку для грамадзян, якія ўносяць найбольш у дзяржаўную медыцыну.

- Цяпер найбольш на ахову здароўя плацяць штатныя супрацоўнікі, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.

Паводле падлікаў сацыял-дэмакратаў, дзякуючы такому вырашэнню паступленні ў Нацыянальны фонд здароўя вырастуць да ўзроўня 9% ВУП (цяпер – 8,1% ВУП), а 90% грамадзян у выніку заплацяць на ахову здароўя менш, чым цяпер.

Дарэчы, калі нехта ў Польшчы не мае дзяржаўнай страхоўкі, ці то грамадзянін краіны, ці то іншаземец, то гэта не азначае, што, трапіўшы ў бальніцу ў скрайнім выпадку, яму не акажуць дапамогі. Яна будзе аказаная, толькі што пасля лячэння выставяць рахунак для аплаты.
Дарэчы, лічба людзей без страхоўкі невысокая: паводле падлікаў, яна складае каля 5% ад агулу насельніцтва.

Цалкам бясплатнай у Польшчы з’яўляецца Дзяржаўная служба хуткай медыцынскай дапамогі, прычым незалежна ад таго, ці нешта застрахаваны, ці не.

Дарэчы, польская медыцына на фоне іншых краін Еўропы не адстае па ўзроўню, а ў некаторых выпадках пераўзыходзіць. Так, у Польшчы на высокім узроўні – экстранная медыцына, уключна з Дзяржаўнай службай хуткай медыцынскай дапамогі, кардыялогія і кардыяхірургія, транспланталогія, анкалогія і іншыя галіны.

вс

слухайце аўдыёфайл

відэа: працэдура каранараграфіі ў Варшаўскім Мазавецкім Брудноўскім шпіталі (верхняе відэа); 

Аперацыя робатам-хірургам у Варшаўскім вайсковым медыцынскім інстытуце (ніжняе відэа).