Беларуская Служба

Палякі выступаюць за выхад з Еўрасаюза? Нечаканыя вынікі апытання

22.12.2025 12:48
Польшча застаецца падзеленай у пытанні сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Photo: Grand Warszawski/Shutterstock

Паводле апытання, праведзенага United Surveys by IBRIS для Wirtualna Polska, амаль траціна рэспандэнтаў выказваецца за пачатак працэдуры выхаду з ЕС.

Найбольш моцны еўраскептыцызм назіраецца сярод выбарцаў «Права і Справядлівасці».

У даследаванні, вынікі якога былі апублікаваныя ў панядзелак, рэспандэнтаў запытвалі, ці павінна Польшча ў бліжэйшы час распачаць крокі ў кірунку выхаду з Еўрапейскага Саюза. 48,6 працэнта рэспандэнтаў далі адказ «катэгарычна не», яшчэ 17,1 працэнта выбралі «хутчэй не». У суме гэта дае 65,7 працэнта праціўнікаў Polexitu.

Разам з тым 13,1 працэнта апытаных адказалі «хутчэй так», а 11,6 працэнта – «катэгарычна так», што азначае: амаль кожны чацвёрты рэспандэнт падтрымлівае гэтую ідэю.

Астатнія 9,6 працэнта апытаных не мелі меркавання на гэты конт.

Еўраскептыцызм сярод электарату PiS і Канфедэрацыі

Аналіз вынікаў даследавання паказвае, што наймацнейшы еўраскептыцызм мае месца сярод выбарцаў «Права і Справядлівасці». Ажно 47 працэнтаў рэспандэнтаў, якія ідэнтыфікуюць сябе з гэтым палітычным аб’яднаннем, падтрымліваюць Polexit, прычым 29 працэнтаў з іх заяўляюць «катэгарычную» падтрымку выхаду з ЕС. Адначасова 33 працэнты выбарцаў PiS рашуча выступаюць супраць выхаду з Еўрасаюза.

На другім месцы паводле ўзроўню еўраскептыцызму апынуліся выбарцы Канфедэрацыі. Сярод іх 41 працэнт падтрымлівае Polexit, з якіх 19 працэнтаў выбралі адказ «катэгарычна так». Што цікава, толькі 8 працэнтаў прыхільнікаў гэтай партыі выказалі катэгарычную нязгоду з выхадам з ЕС, што робіць іх найменш праеўрапейскай групай у даследаванні.

Прыхільнікі Грамадзянскай кааліцыі, Новай Левіцы і Трэцяга Шляху застаюцца амаль аднадушнымі ў падтрымцы сяброўства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе. Супраць Polexitu тут выказваюцца адпаведна 83 працэнты, 88 працэнтаў і 83 працэнты апытаных. У гэтых групах амаль не зафіксавана асоб, якія катэгарычна падтрымліваюць выхад з ЕС – у выпадку ГК і Левіцы гэты паказчык складае 0 працэнтаў.

Маладыя – за Еўрасаюз

Як адзначае Wirtualna Polska, вынікі даследавання абвяргаюць стэрэатып, быццам найбольш скептычна да Еўрапейскага Саюза ставяцца старэйшыя людзі. Найбольшую дыстанцыю да ЕС дэманструюць асобы ва ўзросце 30–49 гадоў, якія часцей за ўсё ўказваюць на цяжкасці, звязаныя з рынкам працы і коштам жыцця. У гэтай узроставай групе 38 працэнтаў апытаных падтрымліваюць Polexit, у тым ліку 17 працэнтаў – «катэгарычна», а 21 працэнт – «хутчэй». Адначасова толькі 36 працэнтаў трыццаці- і саракагадовых рашуча пярэчаць выхаду з Супольнасці.

У сваю чаргу маладыя палякі ва ўзросце 18–29 гадоў з’яўляюцца найбольш праеўрапейскай групай у даследаванні. Ажно 61 працэнт з іх «катэгарычна» выступае супраць Polexitu, а сумарная доля прыхільнікаў выхаду з ЕС у гэтай групе складае ўсяго 13 працэнтаў.

вх