Амаль палова палякаў (48,9%) падтрымлівае прызнанне аднаполых шлюбаў, заключаных у іншых краінах ЕС. 44,1% рэспандэнта – супраць такой прапановы, а 7% не маюць меркавання па гэтай справе. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага інстытутам IBRiS для газеты Rzeczpospolita.
Пытанне афіцыйнага прызнання аднаполых саюзаў выклікае моцныя эмоцыі ў польскім грамадстве ўжо шмат гадоў, што адлюстроўваецца і ў выніках апытання, падчас якога рэспандэнты часцей за ўсё выбіралі адказы «адназначна так» (25,3%) або «адназначна не» (32,4%).
Найбольшую падтрымку для прызнання аднаполых шлюбаў выказваюць выбаршчыкі «Левых сілаў» (99%), «Грамадзянскай кааліцыі» (84%) і былой выбарчай кааліцыі «Трэцяя дарога»(80%). У сваю чаргу, сярод прыхільнікаў правай партыі «Права і справядлівасць» падтрымка такіх саюзаў, безумоўна, найменшая і складае ўсяго 1%. 38% рэспандэнтаў сярод прыхільнікаў крайне правай «Канфедэрацыі», на пытанне аб магчымай падтрымцы ідэі прызнання аднаполых шлюбаў, заключаных у іншых краінах ЕС, адказалі: «хутчэй так»».
«Нельга тады сказаць, што па гэтай справе ў Польшчы пераважаюць кансерватары, хоць іх галасы сапраўды найбольш чутныя ў публічных дэбатах», – лічыць сацыёлаг і дырэктар Інстытута грамадскіх спраў доктар Яцэк Кухарчык.
У канцы лістапада Суд Еўрапейскага Саюза пастанавіў, што дзяржава-член абавязана прызнаць аднаполы шлюб, законна заключаны ў іншай краіне ЕС, нават калі яе ўласнае заканадаўства гэтага не прадугледжвае.
Справа, па якой Суд ЕС вынес сваё рашэнне, тычылася шлюбу двух палякаў, заключанага ў Берліне ў 2018 годзе. Пасля пераезду ў Польшчу пара падала заяву аб рэгістрацыі іх нямецкага пасведчання аб шлюбе ў польскі ЗАГС. Заява была адхілена з-за адсутнасці ў польскім заканадаўстве нормаў, якія дазваляюць аднаполыя шлюбы.
Справа паступіла ў Вышэйшы адміністрацыйны суд, які накіраваў у Суд ЕС запыт, ці супярэчаць заканадаўству Еўрасаюза нацыянальныя нормы, якія забараняюць прызнанне такіх шлюбаў і ўнясенне ў нацыянальны рэестр грамадзянскага стану.
аз