Слухайце гукавы файл
Навагоднія святы ў міграцыі могуць стаць сапраўдным выпрабаваннем: сям’я засталася на радзіме, а сяброў у новым месцы яшчэ няма. У такіх умовах асабліва важна захаваць пазітыўны настрой і знайсці спосабы стварыць адчуванне святкавання нават у незнаёмай абстаноўцы.
Беларускі падзяліліся сваімі лайфхакамі, якія дапамагаюць ім аднавіць сямейныя традыцыі, падтрымліваць сувязь з роднымі ці нават стварыць новыя, сучасныя рытуалы. Пра тое, як зрабіць святы ў чужой краіне цёплымі і запамінальныя.
Інтэграцыя ў новай краіне можа пачынацца з новых знаёмстваў, пошуку аднадумцаў або людзей з падобным досведам. Пра гэта шчыра распавяла Ксенія, якая некалькі разоў праходзіла праз вымушаную міграцыю.
Па яе словах, сяброў можна шукаць праз прыкладанні для знаёмстваў, хэштэгі ў сацыяльных сетках, а таксама ў тэматычных супольнасцях на Facebook, што дазваляе хутчэй адчуць сябе часткай новай супольнасці.
Святы — гэта час для аднаўлення: магчымасць прыгатаваць страву, на якую звычайна бракуе часу, або выйсці на доўгі шпацыр са сваім хатнім гадаванцам.
Падчас святаў можна не толькі сустракацца з сям’ёй, гатаваць вялікі стол з разнастайнымі стравамі і чакаць у госці блізкіх, якіх увесь год было так цяжка сабраць разам, а таксама прыдзяліць час сабе, свайму ментальнаму здароўю, а таксама прыватнай прасторы. Пра гэта з намі падзялілася фатографка і графічная дызайнерка Яна.
«У дзяцінстве мы святкавалі Каляды вялікай сям’ёй, а цяпер мусім арганізоўваць іх толькі для двух чалавек», — распавяла псіхалагіня Святлана.
Яна падзялілася, якія падыходы выкарыстоўвае для сябе, каб аднавіць сямейныя традыцыі, пры гэтым уносячы ў свята нешта новае і сучаснае, што робіць яго асаблівым нават у невялікім коле.
Псіхалагіня Святлана нагадвае пра Каляды як пра рэлігійнае свята, пра сямейныя традыцыі і маленькія рытуалы, а таксама падкрэслівае, як важна захоўваць іх на чужбіне.
Для стварэння навагодняга настрою таксама варта візуальна ўпрыгожыць кватэру, апрануць прыгожую вопратку і зрабіць макіяж. Такія рытуалы дапамагаюць стварыць святочную атмасферу і радаваць вока, раіць псіхалагіня Святлана.
І яшчэ трэцяя парада ад псіхалагіні Святланы: Каб свята адчувалася не толькі дома, але і навокал, мае сэнс парадаваць маленькімі падарункамі сваіх суседзяў або нават прадаўца ў краме, куды заходзіш пасля працы, дзеліцца з намі спадарыня Святлана.
Вы маеце магутную зброю ў сваіх руках, таму святы павінны атрымацца такімі, як вы сабе толькі пажадаеце.
Падрыхтавала Алеся Мерынава