Эксперты папярэджваюць пра беспрэцэдэнтны рост пагроз у кіберпрасторы. Паводле ацэнак спецыялістаў, 2026 год можа стаць крытычным для ІТ-бяспекі ў Еўропе і свеце. Пра гэта піша польскае выданне Rzeczpospolita.
Аналітыкі не выключаюць як геапалітычныя кібератакі, так і напады з мэтай выкупу. Асобную занепакоенасць выклікае рызыка ўдараў па сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, ад стабільнай працы якіх залежыць базавая бяспека насельніцтва.
Як адзначыў старшыня праўлення Linux Polska Дарыюш Свяндар, найбольш уразлівымі застаюцца сферы, крытычна важныя для функцыянавання дзяржавы: ахова здароўя, транспарт, інфармацыйныя тэхналогіі і фінансавы сектар. Эксперты падкрэсліваюць, што ўмацаванне кіберўстойлівасці водна-каналізацыйнай інфраструктуры павінна стаць адным з галоўных прыярытэтаў у 2026 годзе.
Прадстаўнік кампаніі Dagma Bezpieczeństwo IT Пётр Зеляскевіч дадае, што пад пагрозай не толькі камунальная інфраструктура. Павышанай увагі таксама патрабуе цеплазабеспячэнне, ад якога напрамую залежыць якасць штодзённага жыцця людзей.
Паводле выдання Rzeczpospolita, кіберазлачынцы актыўна цікавяцца фінансавым сектарам і крыптавалютнымі кампаніямі, аднак банкі застаюцца найбольш жаданай мэтай. Адначасова ўзмацняецца ціск на тэлекамунікацыйныя кампаніі. Дадатковым выклікам становіцца шырокае ўкараненне штучнага інтэлекту, якое павышае рызыку махлярства і лічбавых падробак — і гэтая тэндэнцыя, як папярэджваюць эксперты, будзе толькі ўзмацняцца.
эж