Дэмаграфічная сітуацыя ў Польшчы імкліва пагаршаецца і ўсё больш нагадвае сцэнар Паўднёвай Карэі — краіны з самым нізкім узроўнем нараджальнасці ў АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця). Як паведамляе Puls Biznesu, ужо ў 90 з 380 паветаў каэфіцыент нараджальнасці апусціўся ніжэй за адно дзіця на адну жанчыну.
Паводле звестак за 2024 год, сумарны каэфіцыент нараджальнасці (TFR) для ўсёй краіны склаў усяго 1,099 — гэта найніжэйшы паказчык за ўсю гісторыю статыстычных назіранняў. У практычным вымярэнні гэта азначае, што на тысячу пар нараджаецца крыху больш за тысячу дзяцей, што катастрафічна недастаткова для простага ўзнаўлення пакаленняў. Для стабільнай дэмаграфічнай раўнавагі каэфіцыент нараджальнасці павінен дасягаць мінімуму 2,1.
Асабліва трывожныя высновы вынікаюць з падрабязных дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. У тым ліку, у гарадах з правамі павета, паказчык нараджальнасці ўжо ніжэй за 1. Найгоршая сітуацыя зафіксаваная ў Сопаце, дзе TFR складае ўсяго 0,57 — менш, чым у Паўднёвай Карэі.
Аналітыкі адзначаюць, што ў статыстыцы цяжка выявіць выразную залежнасць паміж нараджальнасцю і эканамічнымі ці сацыяльнымі фактарамі. Амаль адзіным выключэннем з’яўляецца геаграфія: узровень нараджальнасці вышэй за сярэдні назіраецца ў паветах, размешчаных вакол найбуйнейшых гарадоў. Пры гэтым у саміх метраполіях дэмаграфічная сітуацыя застаецца адной з самых кепскіх у Польшчы.
эж