Беларуская Служба

2025 год стаў трэцім самым цёплым годам за ўсю гісторыю назіранняў

09.01.2026 07:12
Паводле прагнозаў, 2026 будзе такім жа. 
Аўдыё
  • 2025 год стаў трэцім самым цёплым годам за ўсю гісторыю назіранняў
 .
Ілюстрацыйны здымак.ejaugsburg/pixabay.com/CC0

У 2025 годзе хапала складаных з'яў надворʼя і анамалій, у тым ліку гэта чарговы год без снежнай зімы, што прывяло да засухі, надзвычай халоднага мая, маразоў, якія адчулі садаводы, і моцных ападкаў, якія прывялі да раптоўных паводак. Чэрвень прынёс станоўчыя дадзеныя: аднаўляльныя крыніцы энергіі выпрацоўвалі больш электраэнергіі, чым вугальныя электрастанцыі. У пачатку снежня была зафіксавана 15-я па велічыні сярэднесутачная тэмпература ў годзе. Такія цёплыя дні, як 9, 10 і 11 снежня, не фіксаваліся з 1951 года.

Пра кліматычныя вынік 2025 года расказвае Пётр Флёрэк з Фонду кліматычнай адукацыі: 

- У глабальным маштабе 2025 год стаў трэцім самым цёплым годам за ўсю гісторыю інструментальных вымярэнняў тэмпературы, гэта значыць, як мінімум за 200 гадоў. Сярэдняя глабальная тэмпература была прыкладна на 1,45 градуса Цэльсія вышэйшай за сярэднюю тэмпература з другой паловы 19 стагоддзя. У Польшчы 2025 год, безумоўна, увайшоў у дзясятку самых цёплых гадоў за ўсю гісторыю назіранняў і быў цяплейшым за любы год у 19 і 20 стагоддзях. У нас быў толькі адзін значна халодны месяц – май. 2025 год таксама запомніцца нізкай колькасцю ападкаў у першай палове года, што спрыяла развіццю гідралагічнай засухі. Змяненне клімату прызвычаіла нас да зім без працяглага снежнага покрыва. Мінулы год не быў выключэннем. Вясна таксама была сухой, і толькі ліпень прынёс вышэйшую за сярэднюю колькасць ападкаў, звязаных са штормамі, моцнымі дажджамі і паводкамі.

Інфармацыя пра тое, што гэта трэці самы гарачы год за ўсю гісторыю назіранняў, гэта не добрая навіна, як і ўвесь кліматычны крызіс, гаворыць прафесар Варшаўскага ўніверсітэту, выкладчык у Інстытуце геафізікі Яцэк Пнеўскі. Яна, аднак, вельмі добра адпавядае навуковым прагнозам: сярэдняя тэмпература не будзе павялічвацца кожны год, а гаворка хутчэй пра сталы рост трэнду. Некаторыя ваганні, як станоўчыя, так і адмоўныя, магчымыя, але ўсе яны супадаюць з пэўнай тэндэнцыяй росту тэмпературы:

- Навукоўцы тут не падымаюць панікі ў тым сэнсе, што заўтра адбудзецца канец свету, і мы ўсе памром. Так, канешне, не будзе. Аднак мы не можам ігнараваць выдаткі, звязаныя ў першую чаргу з моцна інтэнсіўнымі метэаралагічнымі зʼявамі, але і з рознымі сацыяльнымі зʼявамі, бо, напрыклад, хваробы таксама актывізуюцца пры больш высокіх тэмпературах. У нас ужо ёсць вопыт многіх краін, напрыклад, што хвалі спякоты, якія адбываюцца ўсё часцей, становяцца больш сурʼёзнымі, і з пункту гледжання тэмпературных анамалій яны ўплываюць на здароўе. Гэта проста адлюстроўваецца ў выдатках. Нават колькасць смерцяў у перыяды такога суровага надворʼя павялічваецца, і гэта статыстычна бачна, таму ў цэлым гэта не добра. У нас ёсць магчымасць дзейнічаць, і гэта вельмі важна.

2025 год стаў трэцім самым цёплым за апошнія як мінімум 200 гадоў. Прафесар Яцэк Пнеўскі падкрэслівае, што ўжо няма сэнсу спасылацца на даіндустрыяльную эпоху, бо на практыцы мы так далёкія ад яе, што вымушаныя ўстанаўліваць новыя, больш высокія ўзроўні, што, відавочна, кепска.

Можна пачуць аргумент, што гэта толькі трэці самы цёплы год, што ў розныя эпохі існавання планеты былі перыяды з рознымі максімальнымі і мінімальнымі тэмпературамі, што прырода і чалавек у стане прызвычаіцца да новых умоваў.

Наш эксперт кажа, што эвалюцыйна людзі адаптаваліся як да ўзроўню вуглякіслага газу, так і да тэмпературы больш-менш на цяперашнім узроўні, які яшчэ прымальны. Людзі не могуць адаптавацца да хуткіх змен за кароткія тэрміны. Калісьці гэтыя змены займалі некалькі мільёнаў гадоў, яны былі вельмі павольнымі, у адрозненні ад таго, што адбываецца цяпер:

- Цяпер мы сціснулі гэта да ста гадоў і змянілі клімат настолькі радыкальна, што бачым: мы не можам адаптавацца. Проста кажучы, высокі ўзровень вуглякіслага газу прыводзіць да неспрыяльных змен. Калі хтосьці сядзіць, напрыклад, у душным пакоі, дзе канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў два ці тры разы вышэйшая за сярэднюю, ён пачынае адчуваць сябе дрэнна, таму што належных суадносін кіслароду і вуглякіслага газу проста больш няма. Немагчыма памяняцца на працягу жыцця некалькіх пакаленняў. У гісторыі геалогія, вядома, паказвае нам шмат розных эпох, усе вельмі доўгія, а мы цалкам змяняем працэсы на працягу дзесяцігоддзяў. Пра парніковы эфект мы ведаем з пачатку 19 стагоддзя. Мы, па сутнасці, удасканальваем гэтыя веды. Гэта вельмі класічная, цвёрдая фізіка. Пакуль што гэта ніяк не падвяргалася сумневу.

Якім будзе надыходзячы 2026 год? Згодна з прагнозамі Брытанскага метэаралагічнага бюро, сярэдняя глабальная тэмпература будзе на 1,34–1,58 °C вышэй за сярэдні паказчык даіндустрыяльнага перыяду. Вядомы амерыканскі кліматолаг Джэймс Хансен прагназуе падобныя значэнні. Гэта будзе чарговы год запар, калі сярэдняя глабальная тэмпература будзе набліжацца да парога 1,5 °C. З-за большай міжгадавой зменлівасці надворʼя немагчыма сфармуляваць прагноз з падобнай дакладнасцю для Польшчы, але вельмі верагодна, што гэта будзе чарговы цяплейшы за кліматалагічную норму год.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце