Беларуская Служба

Скандал у паліцыі: паяўляецца шмат фэйкаў, звязаных са згвалтаваннем супрацоўніцы службы

09.01.2026 18:29
Паліцыя папярэджвае аб адказнасці за распаўсюд дэзінфармацыі. 
Ілюстрацыя Фота: shutterstock/Tinnakorn jorruang

Скандал вакол згвалтавання паліцыянткі працягвае выклікаць шырокі рэзананс у Польшчы. Падазраваным у злачынстве з’яўляецца п’яны камандзір роты, які, паводле следства, згвалтаваў маладую супрацоўніцу паліцыі на тэрыторыі падраздзялення – чытаем у выданні Super Express.

Інцыдэнт адбыўся трэцяга студзеня ў казармах паліцыі ў Пясэчне каля Варшавы. Пацярпелая заявіла дзяжурнаму, што стала ахвярай згвалтавання з боку свайго непасрэднага камандзіра. Неадкладна былі задзейнічаны працэдуры, следства перадалі ў Бюро ўнутраных спраў паліцыі і пракуратуры. Падазраванага затрымалі, прад’явілі абвінавачанні і змясцілі пад варту на тры месяцы.

Следства ўстанавіла, што ў падраздзяленні праходзіла вечарына з алкагольнымі напоямі. Эксперты і былыя кіраўнікі паліцыі падкрэсліваюць: ужыванне алкаголю на тэрыторыі службы — недапушчальна і сведчыць пра адсутнасць належнага кантролю, што магло спрыяць паталагічным паводзінам.

5 студзеня 2026 года супраць камандзіра роты была ўзбуджана дысцыплінарная справа, яго адхілілі ад службы, а сталічны камендант распачаў працэдуру звальнення. Праз некалькі дзён быў адкліканы і намеснік камандзіра падраздзялення.

Тым часам, варшаўская паліцыя выступіла з заявай пра распаўсюд дэзінфармацыі. У інтэрнэце з’яўляюцца ілжывыя звесткі і незаконна выкарыстоўваюцца выявы паліцыянтаў, якія не маюць дачынення да справы. Праваахоўныя органы папярэджваюць пра жорсткую рэакцыю ў дачыненні да аўтараў фэйкаў і заклікаюць грамадскасць правяраць крыніцы інфармацыі.

нг