У зону дазволены ўезд бензінавых аўтамабіляў, выпушчаных не раней за 2005 год, і дызельных аўтамабіляў, выпушчаных з 2014 года. Уезд старых аўтамабіляў забаронены. Жыхары, людзі з інваліднасцю і пацыенты кракаўскіх медыцынскіх устаноў вызваленыя ад правілаў.
На мінулых выходных перад гарадскім упраўленнем адбыліся пратэсты.
Галоўнае патрабаванне ўдзельнікаў пратэсту – гэта адмена зоны чыстага транспарту:
- Я не згодзен, што грамадства дабіваюць правіламі, якія абмяжоўваюць свабоду.
-Чаму мы кожны год павінны даказваць, што мы жыхары Кракава і ў нас той жа самы аўтамабіль.
На пратэст прыйшлі не толькі жыхары Кракава, але падкракаўскіх населеных пунктаў:
- Я фермер. Еду сваім аўто на рынак і што? Мушу заплаціць за аўтамабіль. Цяпер гэта 100 злотых. А што праз тры гады? Аўтамабіль на сметніцу?
Філіп Ермакоўскі з Кракаўскай смогавай трывогі, адносячыся да пратэстаў, гаворыць, што цяжка сказаць, якая колькасць жыхароў супраць зон чыстага транспарту, бо яны вызваленыя ад абмежаванняў. Супраць у пераважнай большасці жыхары населеных пунктаў пад Кракавам.
Цікавімся ў актывіста, на колькі пазітыўны вынік дадуць змены ў выпадку, калі забарона на ўезд старымі аўтамабілямі тычыцца толькі жыхароў іншых мясцовасцяў?
- Апошняе маштабнае даследаванне аўтамабільнага руху ў Кракаве, якое ахоплівае ўвесь горад, было праведзена ў 2016 ці 2017 годзе. Тады яно паказала, што прыкладна 40-45% аўтамабільнага руху ў Кракаве генеруецца наведвальнікамі горада. Згодна з нашымі разлікамі, новыя правілы, якія дзейнічаюць у цяперашні час, фактычна ахопяць 9% аўтамабільнага руху, гэта менавіта прыезджыя. 90 працэнтаў дызельных аўтамабіляў адказныя за 30% выкідаў дыяксіду азоту, шкоднага газу, з якім у першую чаргу змагаецца зона чыстага транспарту.
Зона чыстага транспарту – гэта барацьба за здароўе жыхароў Кракава, сцвярджае Кракаўская смогавая трывога. Актывісты, рэагуючы на нядаўнія пратэсты праціўнікаў зоны, спасылаюцца на дадзеныя Інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя. Яны паказваюць, што 77 працэнтаў жыхароў Кракава жывуць у раёне, дзе перавышаюцца дапушчальныя нормы шкоднага дыяксіду азоту. На вымяральнай станцыі на Alei Trzech Wieszczów нормы шкоднага злучэння перавышаюцца больш за 100 дзён у годзе.
- Закон аб электрамабільнасці і альтэрнатыўных відах паліва прадугледжвае, што мэтай з'яўляецца скарачэнне гэтых шкодных выкідаў. У гэтым выпадку мы ў першую чаргу засяроджваемся на дыяксідзе азоту. Дыяксід азоту – гэта газ, які, сярод іншага, пашкоджвае крывяносную, лёгачную і дыхальную сістэмы, а таксама спрыяе развіццю астмы. Існуюць таксама даследаванні, якія паказваюць, што ён пагаршае кагнітыўныя функцыі, у тым ліку ў дзяцей. У Ягелонскім універсітэце ў Кракаве праводзіцца праект пад назвай NeuroSmok, у якім вывучаецца ўплыў дыяксіду азоту, сярод іншага, на кагнітыўныя функцыі дзяцей школьнага ўзросту. Карацей кажучы, дарожны рух пагаршае іх паспяховасць у навуцы, – гаворыць Філіп Ермакоўскі.
Кракаўская зона чыстага транспарту – другая такая зона ў Польшчы пасля Варшавы, дзе абмежаванні на ўезд распаўсюджваюцца на старыя аўтамабілі. Правілы ўступілі ў сілу 1 студзеня 2026 года і распаўсюджваюцца на кожны аўтамабіль, які ўязджае ў гэтую зону, якая ахоплівае больш за палову тэрыторыі горада. Бензінавыя аўтамабілі (у тым ліку на звадкаваным газе) будуць дапушчаныя ў зону чыстага транспарту, калі яны адпавядаюць стандарту Еўра-4 або былі выраблены пасля 2004 года. Гэта азначае, што дапушчаныя бензінавыя аўтамабілі ва ўзросце да 21 года.
Дызельныя аўтамабілі павінны адпавядаць крыху больш строгім патрабаванням. Для легкавых аўтамабіляў да 3,5 тон гэтым стандартам зʼяўляецца Еўра-6 або год выпуску не старэйшы за 2014 год, гэта значыць, будуць дапушчаныя дызельныя рухавікі ва ўзросце да 12 гадоў.
Цяжкія грузавікі (дызельныя) павінны адпавядаць стандарту Еўра-6 і быць выраблены ў 2012 годзе або пазней.
Забарона на ўезд у ЗЧТ не распаўсюджваецца на аўтамабілі, зарэгістраваныя людзьмі з інваліднасцю або пацыентамі, якія атрымліваюць спецыялізаваныя медыцынскія паслугі ў дзяржаўных установах аховы здароўя Кракава (напрыклад, рэабілітацыя, хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія). Выключэнні таксама даступныя для спецыяльных транспартных сродкаў (кемпераў, фудтракаў) і старадаўніх аўтамабіляў.
Транспартныя сродкі, якія належаць жыхарам Кракава (тым, хто прапісаны і плаціць падаткі), але не адпавядаюць патрабаванням, таксама вызваляюцца ад абмежаванняў пры ўмове, што яны належалі жыхару да 26 чэрвеня 2025 года.
Кракаўская смогавая трывога праводзіла даследаванне ў Кракаве ў 2023 годзе. Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) па канцэнтрацыі дыяксіду азоту (10 мкг/м³) не былі выкананы ні ў адным з 44 месцаў, а новыя патрабаванні ЕС (20 мкг/м³), якія будуць дзейнічаюць з 2030 года, былі выкананы толькі ў трох месцах.
У цяперашні час у Еўрапейскім Саюзе дзейнічае больш за 320 зон чыстага транспарту, і да 2030 года плануецца стварыць больш за 500. У Польшчы два гарады прынялі рэзалюцыі аб стварэнні зон чыстага транспарту: Варшава і Кракаў. У Варшаве зона чыстага транспарту працуе з 1 ліпеня 2024 года. Катавіцы і Шчэцін таксама пачалі працу над такімі зонамі.
ав