Беларуская Служба

Кампанія Amnesty International нагадвае, што правы чалавека не маюць тэрміну дзеяння

20.01.2026 17:56
У кампаніі «Я ёсць» пажылыя людзі кажуць пра набалелае. 
Аўдыё
  • Amnesty International пачала кампанію пад назваю «Я ёсць».
  .
Удзельніца кампаніі Малго. Фота: Amnesty International

Польскі аддзел Amnesty International дае голас пажылым людзям, каб нагадаць грамадству пра іх існаванне і неабходнасць падрыхтаваць юрыдычныя правілы, якія абараняюць іх правы. Пажылыя людзі часта пакутуюць ад адзіноты, пачуцця адчужанасці і немагчымасці карыстацца рознымі сферамі жыцця, што прыводзіць да паступовага зыходу з жыцця. Гэта рэальнасць многіх пажылых людзей ва ўсім свеце, у тым ліку ў Польшчы. 

Кожны чацвёрты жыхар Польшчы – старэйшы за шэсцьдзесят гадоў, а кожнаму пятаму ўжо больш чым шэсцьдзесят пяць. Гэта не ананімныя людзі – гэта нашы бабулі, дзядулі, суседзі, бацькі. Аднак з узростам яны больш не ўспрымаюцца як асобы, у якіх роўныя правы з маладымі. Іх  успрымаюць як залежных ад іншых, каму неабходная дапамога. З часам яны пазбаўляюцца магчымасці самастойнасці. Amnesty International, арганізацыя, якая змагаецца за правы людзей, пачала кампанію пад назваю «Я ёсць», каб нагадаць пра правы пажылых. Мы запыталі каардынатара арганізацыі Аляксандру Галянт (Aleksandra Galant), ці трэба размяжоўваць людзей паводле ўзроставай прыкметы, паколькі ўсе людзі павінны мець аднолькавыя правы.

— Вы правільна задалі пытанне, гэта выдатны пункт гледжання, бо мы звяртаем увагу на тое, што пажылыя людзі з’яўляюцца вельмі значнай і важнай сацыяльнай групай. Насамрэч няма абсалютна ніякіх падстаў, каб у іх адбіралі правы. Зразумела, правы нельга адабраць ні ў аднаго чалавека, аднак мы, Amnesty International, канстатуем, што пажылыя людзі штодзённа сутыкаюцца, між іншым, з камунікацыйнай і лічбавай ізаляцыяй, часам з вельмі складанай фінансавай сітуацыяй, а таксама з абмежаваным доступам да медыцынскай дапамогі. У Польшчы не хапае лекараў-герыятраў, пажылыя часта становяцца ахвярамі махляроў, але асабліва трывожна тое, што яны таксама пакутуюць ад гвалту, у тым ліку з боку сваіх блізкіх. Гэта ізаляцыя ад знешняга свету, папіканне хваробамі. Пажылыя людзі часта адчуваюць сябе не вартымі ўвагі ці грошай. Усё гэта мы лічым парушэннем правоў пажылых людзей. Менавіта на гэта мы і хочам звярнуць увагу. Сказаць, што пажылыя людзі павінны быць больш бачнымі ў грамадстве, каб ім не даводзілася хавацца ў сваіх дамах, у тым ліку з-за таго, што ў дамах няма ліфта, а ім цяжка падымацца па лесвіцы. Бо толькі калі чалавек бачны, у яго з’яўляецца шанец нагадаць пра свае правы.

Свет вельмі хутка мяняецца. Калі ў даўнія часы пажылыя людзі былі скарбніцай ведаў, вопыту і ўменняў, якіх паважалі і слухалі, дык цяпер яны адчуваюць сябе разгубленымі ў свеце, дзе раз за разам адна тэхналогія змяняе другую. Мала пастаянных рэчаў, да якіх чалавек можа прывыкнуць і карыстацца. А ў пажылым узросце не заўсёды ўдаецца аператыўна вучыцца. Адна з удзельніц кампаніі  «Я ёсць» Малго (Małgo) адзначае, што яна стараецца сачыць за навінкамі, але ёсць боязь, што прынясе будучыня.

— Я стараюся ісці нага ў нагу з новымі тэхналогіямі, сачыць за іх развіццём. У нашым жыцці ўсё больш лічбавых магчымасцяў, таму я вывучаю новыя праграмы, інтэрнэт-прыкладанні і стараюся карыстацца новымі прыладамі. Пры гэтым, я не ведаю, што прынясе будучыня, і гэтага я баюся. Нядаўна мой банк закрыў некалькі аддзяленняў, дзе я магла аформіць розныя справы. Непадалёк ад майго месца пражывання ўсё менш банкаматаў, іх ліквідуюць. А я часта карыстаюся наяўнымі грашыма.

У Польшчы рэзка не хапае спецыялістаў па хваробах старых людзей. Ацэньваецца, што існуе недахоп каля 2,5 тысяч лекараў-герыятраў (патрэбна 3 тысячы, а ў 2023 годзе працавалі толькі 574 такія спецыялісты). Пажылыя людзі становяцца ахвярамі махляроў (у 2024 годзе ў іх было скрадзена агулам 156 мільёнаў злотых), а таксама гвалту, у тым ліку з боку блізкіх, якія ізалююць іх, абвінавачваюць у хваробе і інваліднасці або забіраюць грошы

Адзін са спосабаў падкрэсліць важнасць правоў пажылых людзей — гэта ўключыць іх у канвенцыю ААН. Адсутнасць адпаведных правіл ускладняе іх адстойванне. Аўтары кампаніі патрабуюць, каб польскі ўрад актыўна і кампетэнтна ўдзельнічаў у гэтай працы, імкнучыся стварыць міжнародны прававы акт, які ўстановіць высокі стандарт абароны правоў пажылых людзей.

У рамках кампаніі быў падрыхтаваны прававы аналіз «Мы ёсць — у нас ёсць правы, або чаму нам патрэбна канвенцыя аб абароне правоў пажылых людзей», а таксама бясплатны анлайн-курс па праблеме парушэння правоў пажылых людзей у Польшчы. Акрамя таго, даступная петыцыя, якую можна падпісаць на сайце Amnesty International. Таксама кампанія прымеркавана да Дня бабулі (у Польшчы ён адзначаецца 21 студзеня) і Дня дзядулі (22 студзеня).

нг