Беларуская Служба

«Пешшу па Беластоку»: як гарадскія гульні вяртаюцца ў жыццё беларусаў

21.01.2026 13:26
Падчас мінулых выходных гульня «Пешшу па Беластоку» адбылася ўпершыню ў гэтым годзе.
Аўдыё
  • Падчас мінулых выходных гульня «Пешшу па Беластоку» адбылася ўпершыню ў гэтым годзе.
Удзельнікі гульні «Пешшу па Беластоку» Фота: Я. Іванюк / https://www.polskieradio.pl/396

Гарадскія пешаходныя гульні на постсавецкай прасторы былі папулярныя каля 15–20 гадоў таму. Квэсты такога тыпу ладзіліся таксама і ў польскіх гарадах. Апошнім часам да гэтай формы актыўнасці заахвочваюцца гарадзенцы, якія цяпер жывуць у Беластоку. Сярод іх — Аляксей Шота, галоўны рэдактар партала Hrodna.life. Падчас мінулых выходных гульня «Пешшу па Беластоку» адбылася ўпершыню ў гэтым годзе.

Праўда, цяпер на двары снег і моцны мароз, але з гэтым можна справіцца, арганізаваўшы частку гульні ў гандлёвых цэнтрах — галерэях, — кажа Аляксей Шота:

«Хочацца займацца чым-небудзь такім, што прыносіла б радасць і табе, і іншым. І адначасова дазваляла людзям лепш пазнаваць горад, у якім яны жывуць, кантактаваць з ім, інтэгравацца.

Такія гульні былі ў нас вельмі папулярныя, напрыклад у Гродне. Гадоў дваццаць таму там існавала вельмі знакамітая гульня. Але гэта быў зусім іншы ўзровень: тэрыторыяй гульні быў цэлы раён, людзі цэлую ноч ездзілі на аўтамабілях. Узровень быў вельмі сур’ёзны.

Падобныя гульні былі і ў Мінску, і ў Брэсце — “Detected”. У Мінску гэта быў проста адрыў. Увогуле, па ўсёй постсавецкай прасторы такія гульні існавалі.

Цяпер гэта ўжо, канешне, гісторыя — можа, пятнаццаці-дваццацігадовай даўніны. Але мне падалося, што можна паспрабаваць зрабіць нешта падобнае тут.

Быў прыклад у Беластоку: калегі з Брэста рабілі гульню “Detected” — даволі паспяховую. Яна была трошкі больш сямейная, можа, прасцейшая за нашу — гэта, канешне, маё ўражанне. Потым яны пераехалі ў Торунь.

І я падумаў: святое месца пустым не бывае — трэба займаць. Раней я таксама шмат займаўся квізамі тут, у Беластоку, пап-квізамі.

Мы разам з Андрэем, сябрам, які меў досвед у гарадскіх гульнях, паспрабавалі напісаць некалькі сцэнарыяў. Людзі ходзяць — гэта не масавая з’ява, а хутчэй нішавая рэч. Пяць–восем каманд. Для мяне гэтага дастаткова».

Слухайце аўдыё!

Яраслаў Іванюк