Беларуская Служба

Залатыя бутсы прэм’ера – адзін з гітоў аўкцыёна, які пройдзе ў рамках сёлетняй акцыі Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці (ВІДЭА)

22.01.2026 15:01
У 34-ы фінал сусветнавядомай дабрачыннай акцыі традыцыйна ўключылася ўсе праграмы грамадскага Польскага радыё.
Аўдыё
  • 25 студзеня адбудзецца 34-ы фінал Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасці
25   34-
25 студзеня адбудзецца 34-ы фінал Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасціwośp/youtube/скрыншот

У нядзелю 25 студзеня адбудзецца 34-ы фінал Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасці. Сёлета дабрачынная акцыя праходзіць пад лозунгам «Здаровыя жывоцікі нашых дзяцей».

Падрыхтоўка да фіналу акцыі Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці (па-польску скарочана WOŚP) на завяршальнай стадыі, запэўніла ў эфіры Польскага радыё 24 прэс-сакратарка фонду Аляксандра Руткоўска (Aleksandra Rutkowska):

- У нас 33 гады досведу, нагадваю, гэта 34-ы фінал. За гэты час нам прыйшлося пераадольваць розныя выклікі і перашкоды, у тым ліку, холад. Ужо цяпер мы запрашаем у нашую студыю, дзе гарачай будзе не толькі атмасфера.

Мэта сёлетняга збору ахвяраванняў – дыягностыка і лячэнне страўнікава-кішачных захворванняў, нагадаў ініцыятар дабрачыннай акцыі і старшыня Фонду «Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці» Ежы Оўсяк (Jerzy Owsiak):

- Сёлета мы «іграем» для «здаровых жывоцікаў нашых дзяцей», то бок гастраэнтэралогіі. Мы плануем купіць медыцынскае абсталяванне, якое дапаможа дыягнаставаць, лячыць і рэабілітаваць нашых дзяцей. Гаворка ідзе пра абсталяванне, якое дазваляе выкарыстоўваць самыя сучасныя метады лячэння.

Плануецца, што дзякуючы чарговаму зборы ахвяраванняў, які пройдзе ў рамках акцыі Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці, сучаснае медыцынскае абсталяванне атрымае 16 шпіталяў у Польшчы.

З кожным годам колькасць маленькіх пацыентаў, якім патрэбная дапамога спецыялістаў, павялічваецца, кажа лекар з Вялікапольскага педыятрычнага цэнтра Бартломей Банцэж (Bartłomiej Bancerz):

- Напрыклад, эндаўльтрасанаграфія, якая выкарыстоўваецца ў дыягностыцы дарослых пацыентаў, у педыятрыі амаль не выкарыстоўваецца. Такім абсталяваннем ніякі педыятрычны аддзел пахваліцца не можа. WOŚP плануе таксама інвеставаць у капсульную эндаскапію, якая пашырае дыягностыку тонкай кішкі. Традыцыйныя эндаскопы не ўстане там зазірнуць.

У рамках сёлетняй акцыі Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці ў Польшчы і ва ўсім свеце былі заснаваныя 1 681 рэгіянальны штаб, у рамках якога працуе 120 тысяч валанцёраў. Сёлета, у першыню акцыя WOŚP пройдзе на Мальце і ў Індыі. Да гэтай пары зборы ахвяраванняў у рамках польскай акцыі праходзілі ў 25 краінах свету і, практычна, на ўсіх кантынентах.

У рамках 34-га фіналу WOŚP па ўсёй Польшчы запланаваныя розныя атракцыёны. Канцэрты з'яўляюцца іх асноўным элементам. На галоўнай сцэне ля Нацыянальнага стадыёна PGE ў Варшаве выступяць такія артысты, як Lanberry, Łydka Grubasa, IGO, Nocny Kochanek, LemON, Lor, Happysad, Dżem, Ich Troje, Myslovitz, Helʼenine Oči і Tabu.

У сваю чаргу інтэрнэт-аўкцыёны – адна з самых папулярных формаў падтрымкі. Тут вы можаце рабіць стаўкі на ўнікальныя рэчы і падзеі, як паездка ў Бяшчады з WWF, вячэра з баскетбалістамі, магчымасць напісаць рэпартаж пра ўласнае мерапрыемства на вядучым вэб-сайце іг.д.

Многія мясцовыя штабы арганізуюць дадатковыя імпрэзы, як: забегі, дабрачынныя гарадкі, дзе можна паглядзець ваенную тэхніку, навучыцца першай дапамозе і паўдзельнічаць у сямейных мерапрыемствах. Больш інфармацыі пра мясцовыя мерапрыемствы ў вашым рэгіёне можна знайсці на афіцыйных вэб-сайтах дабрачыннага фонду «Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці» у раздзеле «Мерапрыемствы».

Да акцыі далучаюцца ўстановы, арганізацыі, суб’екты гаспадарання, а таксама палітыкі. Прэм'ер Дональд Туск (Donald Tusk) выставіў на аўкцыён свае залатыя бутсы. Да ўдзелу ў аўкцыёне кіраўнік польскага ўрада заклікае на відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках. На пераможцу чакаюць залатыя бутсы з надпісам «Дональд Туск» і сустрэча з палітыкам у Канцылярыі прэмʼера:

- Гэтыя новенькія залатыя бутсы, якія я атрымаў у падарунку ад маіх сяброў. Таму для мяне гэта каштоўны прадмет і таму я вырашыў перадаць яго на аўкцыён Вялікага аркестра каляднай дапамогі. Гэта аднак не ўсё. Той, хто выйграе гэтыя бутсы зможа сесці разам са мной тут, у гэтай зале, дзе раней гасцілі прэзідэнт Абама, прынц Караль, прэм’ер Трудо. Будзе кава, пірожнае і размова.

Акцыю Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці традыцыйна падтрымлівае таксама грамадскае Польскае радыё. У тым ліку радыёстанцыя ахвяравала на аўкцыён калекцыю ўнікальных вінілавых пласцінак з запісам сарака, ніколі не публікаваных твораў сусветнавядомага джазавага трубача Тамаша Станькі («Tomasz Stańko Polish Radio Sessions»), якія былі знойдзеныя ў Архіве Польскага радыё, гаворыць віцэ-старшыня Польскага радыё і дырэктар Музычнага агенцтва Польскага радыё Юліюш Кашыньскі (Juliusz Kaszyński):

- Гэта белыя, вінілавыя пласцінкі з лімітаванай серыі. Агулам было выпушчана толькі 100 такіх пласцінак. Ахвяраваная на аўкцыён калекцыя мае першы нумар – гэта дадатковая каштоўнасць, скажам так, «белы крумкач» сярод пласцінак. Зараз прапанаваная сума – гэта некалькі тысяч злотых. За пласцінку змагаецца больш за дзесяць удзельнікаў аўкцыёна. Спадзяюся, што змаганне будзе працягвацца да апошняга моманту, а стаўка яшчэ вырасце.

Унікальныя дабрачынныя аўкцыёны для WOŚP падрыхтавалі і таксама ўсе праграмы грамадскага Польскага радыё. Гэта, між іншым, каментаванне футбольнага матчу з журналістамі Першай праграмы, урок ігры на фартэпіяна з піяністам Пятром Паўлякам, ігра на трыкутніку з аркестрам Польскага радыё, Дзень з Польскім радыё для замежжа, роля ў вядомым радыёспектаклі «Matysiakowie» і запіс уласнага падкаста на Польскім радыё.

Выйграць на аўкцыёне можна таксама экскурсію па Архіве Польскага радыё, кажа яго дырэктар архіва Анджэй Мяткоўскі (Andrzej Mietkowski):

- Гэта куратарская экскурсія па нашых калекцыях. Нагадваю, у нашых архівах больш за 1 200 000 тысяч гуказапісаў: 500 тысяч гэта выказванні і амаль 700 тысяч – гэта музыка. Гэта кіламетры паліц. Зараз мы прымаем усё ў файлах на дысках, але раней – гэта былі стужкі, грамафонныя пласцінкі… Усё гэта мы плануем паказаць.

Аўкцыёны на платформе Allegro працягнуцца да 9 лютага.

У дзень фіналу Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасці Першая праграма Польскага радыё таксама правядзе аўкцыён «Залатога сэрца» з нумарам 11.

У мінулым годзе, Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці збіраў грошы на падтрымку дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Тады было сабрана больш за 289 мільёнаў злотых, то бок на амаль 8 мільёнаў больш, чым годам раней.

Да гэтай пары, у рамках 33-ох збораў фонд сабраў агулам больш за 2 мільярды 600 мільёнаў злотых (616 мільёнаў еўра), прызначаючы згаданыя сродкі, на набыццё амаль 81 000 адзінак медыцынскага абсталявання.

IAR/аз