Ва ўмовах дынамічных геапалітычных выклікаў і гібрыдных пагроз роля польска-літоўскага супрацоўніцтва ва ўмацаванні стабільнасці і ўстойлівасці граніцы ЕС з Беларуссю і Расіяй мае ключавое значэнне. Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Польшчы правяло міжнародны семінар «Літоўска-польскае супрацоўніцтва ва ўмовах сучасных геапалітычных выклікаў». Адной з тэм форуму была «Агульная бяспека: Польшча і Літва перад абліччам сучасных пагроз».
У канферэнцыі прымаў удзел прафесар Анджэй Падраза з кафедры міжнародных адносін і бяспекі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II. Даследчык падзяліўся сваімі меркаваннямі пра тое, як краіны на ўсходзе ЕС і НАТА, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй, могуць гарантаваць бяспеку і спакой сваім грамадзянам.
— Як можна абараніць нашы краіны ад расійскай агрэсіі? Я маю на ўвазе не толькі магчымасць адкрытага ваеннага нападу з боку Расіі, але таксама гібрыдныя пагрозы і іншыя дзеянні, напрыклад тыя, што звязаны з крытычнай інфраструктурай, якая мае надзвычай важнае значэнне. Трэба глядзець шырэй і браць пад увагу Балтыйскі рэгіён і ролю ў ім НАТА. Адказ на пытанне, як альянс можа абараніць сябе і рэгіён, важны не толькі для краін рэгіёна, але і для НАТА ў цэлым, уключаючы іншыя дзяржавы блока.
Расія не без падтрымкі Беларусі вядзе вайну супраць Украіны і гібрыдную агрэсію ў краінах ЕС, у тым ліку ў Польшчы. А што робіць НАТА? Ці здольны альянс супрацьстаяць Расіі, калі, напрыклад, ЗША, член НАТА, хацелі б забраць Грэнландыю ў іншага члена НАТА, Даніі. Ці не расцярушвае гэта сілы НАТА ў тым ліку на ўсходнім флангу?
— Польшча мае агульную граніцу з Украінай. Але мы таксама павінны памятаць, што некаторыя члены НАТА, некаторыя дзяржавы рэгіёна Балтыйскага мора адначасова з’яўляюцца арктычнымі краінамі. У Арктыцы існуе велізарная канкурэнцыя. Безумоўна, ёсць Данія і яе тэрыторыя Грэнландыя. Ёсць Фінляндыя, Ісландыя і Нарвегія. Гэта краіны, у якіх прысутнічаюць інтарэсы Злучаных Штатаў Амерыкі і Кітая. Кітай знаходзіцца далёка ад Арктыкі, але, тым не менш, ён вельмі актыўны ў гэтым рэгіёне. Такім чынам, калі мы разглядаем тры розныя перспектывы — Балтыйскае мора, Чорнае мора і Украіну, а таксама Арктыку, — мы бачым своеасаблівую лінію стрымлівання, калі гаворым пра расійскую пагрозу, асабліва ў яе ваенным аспекце.
Аднак рэальнае напружанне назіраецца менавіта на граніцы з Расіяй і яе саюзніцай Беларуссю.
— Граніцы з Расіяй і Беларуссю, безумоўна, маюць вялікае значэнне, бо мы ведаем, што Беларусь шчыльна супрацоўнічае з Расіяй. На гэтых граніцах існуе шэраг праблем. Напрыклад, нелегальныя мігранты, якія спрабуюць трапіць у ЕС. Дагэтуль такія краіны, як Польшча, прымалі меры для абароны сваёй граніцы з Беларуссю, але, безумоўна, застаюцца пэўныя прабелы. Ніводная сістэма не з’яўляецца ідэальнай, асабліва калі гаворка ідзе пра людзей, якія рашуча настроены перайсці граніцу. Гэта, мабыць, самая надзённая праблема. Калі гаварыць пра інфармацыйную бяспеку, то Расія ажыццяўляе мноства розных дзеянняў. Калі мы абмяркоўваем гібрыдныя пагрозы, варта памятаць, што, як вызначае сама Расія, яе дзеянні супраць любой краіны не абмяжоўваюцца ваеннай сферай, але распаўсюджваюцца і на іншыя сферы. Іншымі словамі, ідзе свайго роду татальная вайна.
Расія і яе саюзніца Беларусь усё больш актыўна атакуюць тым ці іншым чынам краіны рэгіёна Балтыйскага мора.
— Калі гаварыць пра бяспеку Балтыйскага рэгіёна, сітуацыя з’яўляецца даволі складанай, перш за ўсё з-за расійскай агрэсіі супраць Украіны. Зразумела, гаворка ідзе не толькі пра агрэсію, якая пачалася ў 2022 годзе, бо часта ўвага засяроджваецца выключна на поўнамаштабнай вайне. Аднак канфлікт паміж Расіяй і Украінай фактычна пачаўся яшчэ ў 2014 годзе, і з таго часу ён адыгрывае вельмі важную ролю ў спробах гарантавання бяспекі, асабліва для краін Балтыі. Да іх адносяцца Літва, Латвія і Эстонія, а таксама іншыя краіны рэгіёна, такія як Фінляндыя і Швецыя. Дзве апошнія прынялі рашэнне ўступіць у Паўночнаатлантычны альянс менавіта ў выніку пагрозы з боку Расіі — з-за яе вайны супраць Украіны, якая абвастрылася ў 2022 годзе. Варта таксама згадаць Данію і Германію, якія з’яўляюцца часткай больш шырокага фармату рэгіянальнага супрацоўніцтва. Існуе свайго роду скаардынаванае ўзаемадзеянне паміж гэтымі дзяржавамі, і яно не носіць ізаляваны характар. Калі гаварыць пра краіны Балтыі ў кантэксце адносін з Расіяй, неабходна таксама ўлічваць Польшчу і Літву, якія маюць агульную граніцу з Калінінградскай вобласцю РФ. Фінляндыя мае самую працяглую граніцу з Расіяй, і не варта забываць пра Нарвегію, бо яна таксама адыгрывае ключавую ролю ў гарантаванні рэгіянальнай бяспекі.
Анджэй Падраза падкрэслівае, што ў НАТА рэагуюць на выкліку з боку Расіі.
— Калі мы гаворым пра расійскую пагрозу і, безумоўна, пра ваенную прысутнасць НАТА ў Балтыйскім рэгіёне, існуе шэраг даволі важных момантаў. Мы можам назіраць рост ваеннай прысутнасці НАТА, што пачалося з разгортвання шматнацыянальных батальёнаў. Батальёны размешчаны ў чатырох краінах, і гэта вельмі важна. Кожная баявая група налічвае прыблізна ад 1000 да 2000 салдат у кожнай краіне. Гэта ініцыятыва, пачатая ў 2017 годзе, атрымала далейшае развіццё. Напрыклад, у 2024 годзе НАТА сфарміравала шматнацыянальную брыгаду ў Латвіі. Калі гаварыць пра агульную колькасць салдат, то іх не менш за 5000. Гэта мае вялікае значэнне.
Вучоны адзначае, што ў НАТА ўжо даўно ўсвядомілі пагрозу, якая зыходзіць ад Расіі.
— Мадрыдскі саміт НАТА ў 2022 годзе быў надзвычай важны, бо Расія на ім была афіцыйна названа прамой ваеннай пагрозай. Гэта стала выразным паваротам, паколькі Расія больш не разглядаецца як партнёр ці сябар. Калі гаварыць пра рэгіянальную стратэгію НАТА ў перыяд халоднай вайны, існавала свайго роду абмежаваная стратэгія, распрацаваная альянсам. Напрыклад, калі паглядзець на былы Заходні Берлін, то НАТА не мела дастатковых сіл для абароны горада ў выпадку савецкай агрэсіі. Але «стратэгія трыгера» азначала, што нават нязначная прысутнасць НАТА, нават адзін салдат у пэўным месцы, аўтаматычна азначала б запуск больш шырокага адказу. Сёння, калі мы глядзім на Балтыйскі рэгіён, гаворка ідзе пра маштабнае стрымліванне. Неабходна мець як мага больш войск у рэгіёне — не проста фармальную прысутнасць, а значную і надзейную ваенную сілу. Менавіта гэта цяпер і рэалізуецца. Напрыклад, можна прывесці словы міністра замежных спраў Германіі, які ў 2022 годзе заявіў, што папярэдняя логіка трыгера, заснаваная на мінімальнай прысутнасці ў краінах Балтыі і Польшчы для дэманстрацыі таго, што напад на адну краіну НАТА азначае напад на ўсіх, больш не з’яўляецца дастатковай у яе цяперашнім выглядзе. Акрамя сухапутнай прысутнасці сіл НАТА, існуюць і іншыя важныя элементы, такія як ратацыйнае разгортванне саюзных ваенна-паветраных сіл, што таксама мае вялікае значэнне.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё