У апошнія дні 2025 года польскія спецслужбы выявілі скаардынаваную кібератаку на нацыянальную энергетычную сістэму. Мэтай былі не асобныя аб’екты, а ўся інфраструктура, адказная за пастаўкі электраэнергіі і цяпла. У выпадку поспеху Польшча магла сутыкнуцца з адным з найбуйнейшых энергетычных крызісаў у сваёй гісторыі, піша forsal.pl.
Для атакі выкарыстоўвалася шкодная праграма тыпу wiper — DynoWiper. Такія вірусы не патрабуюць выкупу і не шыфруюць дадзеныя: яны проста знішчаюць іх без магчымасці аднаўлення. DynoWiper быў распрацаваны для сістэм Linux, якія шырока выкарыстоўваюцца ў энергетычнай інфраструктуры, і мог доўга заставацца неактыўным, маскуючыся пад звычайныя абнаўленні. Пасля атрымання каманды вірус запускаецца адначасова на ўсіх заражаных прыладах.
Эксперты звязваюць атаку з хакерскай групай Sandworm, якую раней неаднаразова асацыявалі з расійскай вайсковай выведкай. Менавіта гэтая група стаяла за першай у свеце паспяховай кібератакай на энергасістэму Украіны ў 2015 годзе. Сімвалічна, што спроба атакі на Польшчу адбылася роўна праз дзесяць гадоў — 29 снежня 2025-га.
Атака была накіравана як на традыцыйныя цеплаэлектрацэнтралі, так і на аб’екты аднаўляльнай энергетыкі — ветракі і сонечныя фермы. Мэтай было парушэнне сувязі паміж вытворцамі энергіі і аператарамі сеткі. Паводле аператара PSE, атака не прывяла да збою ў крытычнай інфраструктуры, хоць у асобных месцах фіксаваліся часовыя збоі сістэм маніторынгу.
Інцыдэнт не скончыўся блэкаўтам у Польшчы, але стаў сур’ёзным папярэджаннем. Улады плануюць узмацніць інвестыцыі ў кібербяспеку, правесці стрэс-тэсты энергетычных сістэм і ўвесці новыя патрабаванні да абароны крытычнай інфраструктуры. Кібервайна, хоць і бяскроўная, усё больш непасрэдна пагражае паўсядзённаму жыццю палякаў.
эж