Беларуская Служба

Іэн Гарнэр: Пад выглядам выхавання патрыётаў у Расіі гадуюць фашыстаў. Гэта закранае і Беларусь

29.01.2026 16:01
У Варшаве выйшла кніга Іэна Гарнэра з Інстытута салідарнасці і мужнасці імя В. Пілецкага Za Putina. Mroczny portret faszystowskich ruchów młodzieżowych w Rosji.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". І.Гарнэр пра фашызацыю моладзі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.EPA/MAXIM SHIPENKOV

Маладое пакаленне Расіі і Беларусі атручваецца прапагандай «русского мира», што ў будучыні пагражае бяспецы Беларусі, а таксама Польшчы і іншых суседзяў.

Сочачы за прапагандай рэжыму Лукашэнкі, няцяжка заўважыць, што яна — рускамоўная і прарасійская. Цяжка ў такой атмасферы заставацца нацыянальна свядомым беларусам ці палякам. Сярод прапагандыстаў мінскага рэжыму нямала тых, хто толькі для адводу вачэй агітуе за Лукашэнку. Многія з іх мараць, калі ў Беларусь прыйдзе Пуцін. Зрэшты, Пуцін не вечны. Але ён гадуе сабе пакаленне на змену. І пуціноіды — гэта праблема не толькі Расіі, але і Беларусі і іншых краін, куды дацягваюцца шчупальцы «русского мира».

Партрэт ідэйных нашчадкаў Пуціна намаляваў Іэн Гарнэр (Ian Garner), канадскі вучоны англійскага паходжання, які цяпер працуе ў Варшаве, у Інстытуце салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага (Instytut Solidarności i Męstwa im. Witolda Pileckiego). Кніга Гарнэра Za Putina. Mroczny portret faszystowskich ruchów młodzieżowych w Rosji («За Пуціна. Змрочны партрэт фашысцкіх маладзёжных рухаў у Расіі») выйшла ў канцы 2025 года па-польску.

— Кніга ўпершыню была апублікавана ў Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 2023 года, і я вельмі рад, што цяпер выйшла другое выданне на польскай мове. У ім з’явіўся новы дадатковы раздзел, у якім аналізуюцца падзеі аж да канца 2025 года. Я лічу, што гэта важная кніга для польскіх чытачоў, бо ім, вядома, я, канадзец, не павінен напамінаць пра гісторыю адносін Польшчы з Расіяй і расійскую агрэсію. Я не думаю, што новае пакаленне расіян сёння рыхтуюць да прамога ўварвання ў Польшчу ў бліжэйшай будучыні, аднак іх цалкам мэтанакіравана рыхтуюць, на маральным узроўні, да гібрыднай вайны супраць Польшчы. Іх вучаць успрымаць Польшчу як другарадную краіну — як быццам бы агрэсіўную і небяспечную для Расіі. Ці прывядзе гэта ў бліжэйшыя гады да прамога ваеннага сутыкнення або да эканамічнага ціску і праблем у розных сферах культуры і палітыкі? Расія нікуды не знікне. Расія імкнецца да экспансіўнай знешняй палітыкі, і Польшча, падабаецца нам гэта ці не, вымушана жыць па суседстве з Расіяй. Гэта суседняя краіна, і яна застанецца такой.


Іэн Гарнэр. Іэн Гарнэр.

Кніга Іэна Гарнэра Za Putina паказвае, як Расія дайшла да сённяшняга стану і да чаго можа прывесці сацыяльная інжынерыя Пуціна — да з’яўлення фашысцкага пакалення, яшчэ больш жорсткага і ідэалагізаванага, чым ранейшыя.

— Я вывучаю Расію ўжо 20 гадоў. Упершыню я пачаў цікавіцца Расіяй, калі быў студэнтам універсітэта. Тая тэма, пра якую мы сёння гаворым, — вайна, нацыяналізм, зацікавіла мяне каля пяці гадоў таму. У апошні раз я змог наведаць Расію ў якасці даследчыка ў 2019 годзе — да пандэміі, да поўнамаштабнай вайны і да таго, як мне забаранілі прыязджаць у Расію. Я заўважыў ужо тады, што многія з маіх знаёмых, якія працавалі ў сферы адукацыі — ва ўніверсітэтах і школах, — пачалі гаварыць мне пра тое, што жыццё становіцца больш «патрыятычным». Дзяржава не проста прасіла іх, а фактычна прымушала ўключаць усё больш «патрыятычных» і нацыяналістычных матэрыялаў у іх працу і паўсядзённае жыццё. Яны пачалі расказваць мне пра ваенізаваныя групы для дзяцей, такія як «Юнармия» і «Волонтеры Победы». Ёсць і іншыя падобныя арганізацыі, у якія дзяржава ўкладае мільёны долараў, і якія з’яўляюцца ў школах і ўніверсітэтах па ўсёй краіне. Для мяне гэта выглядала зусім інакш нават у параўнанні з той мякка аўтарытарнай Расіяй, якую я ўпершыню наведаў 20 гадоў таму, калі было ясна, што краіна не з’яўляецца паўнацэннай дэмакратыяй, але яна магла мець іншую долю і будучыню. Цяпер жа ўрад, і асабіста Пуцін, вырашылі, што бачаць будучыню зусім інакш.

А калі параўнаць, напрыклад, моладзь у Расіі, Польшчы і Канадзе, што ў яе агульнага, а што адрознівае адну ад другой?

— У Канадзе, а таксама, як мне здаецца, і сярод моладзі ў Польшчы, ёсць адна агульная рыса, якая радніць іх з маладымі расіянамі, — гэта залежнасць ад смартфона. Але існуе прынцыповае адрозненне. Расійская дзяржава, асабліва за апошнія пяць гадоў, і ў прыватнасці, з пачатку пандэміі COVID, калі яна пачала эксперыментаваць з новымі лічбавымі формамі ўзаемадзеяння з моладдзю, сапраўды ўсвядоміла, што смартфон можа быць інструментам, з дапамогай якога можна распаўсюджваць у жыцці маладых людзей прапаганду і ідэалогію кругласутачна. Калі звярнуцца да ХХ стагоддзя, таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы па ўсёй Усходняй Еўропе заўсёды сутыкаліся з адной праблемай: людзі вярталіся дадому, зачынялі дзверы сваіх кватэр і пачыналі гаварыць больш свабодна. У гэты момант моладзь апыналася адрэзанай ад дзяржавы. Але цяпер маладыя людзі прыходзяць дадому, заходзяць у свае пакоі, зачыняюць дзверы, дастаюць тэлефон — і дзяржава можа пастаянна звяртацца да іх з паведамленнямі. Расійская дзяржава робіць гэта ўсё больш вытанчанымі спосабамі, выкарыстоўваючы аплачаных інфлюэнсераў, лічбавыя кампаніі і гульні — усё для таго, каб прасоўваць вобраз мілітарызму, вайны і ўдзелу ў імперскіх праектах дзяржавы.

У Расіі і залежных ад яе краінах, асабліва ў Беларусі, навязваецца стэрэатып пра нейкую асаблівую каштоўнасць рускай мовы і культуры — нібы яны лепшыя і вышэйшыя за іншых. Але людзі, каб знайсці агульную мову, выкарыстоўваюць на нашай планеце часцей не рускую, а англійскую, а таксама іспанскую, нямецкую, французскую, арабскую, кітайскую, урэшце.

Ці сутыкаліся вы, Іэн, з чымсьці накшталт англійскага моўнага нацыяналізму, фашызму, калі так можна сказаць, падобнага да рускага?

— Ну вядома, гэтыя дыскусіі — асабліва ў Канадзе — усё яшчэ працягваюцца. Канада, на мой погляд, цяпер знаходзіцца ў постімперскай фазе, у рамках якой яна спрабуе асэнсаваць сваё мінулае і сумленна паглядзець на вельмі складаную гісторыю. Гаворка ідзе перш за щсё пра адносіны канадскіх улад і канадскай дзяржавы да карэнных народаў. Раней да іх ужывалася маштабнае насілле і тое, што сама дзяржава сёння называе культурным генацыдам. Многія людзі загінулі, многія пацярпелі ў выніку гэтага.

Разважаючы на гэтую тэму, Іэн Гарнер зноў звярнуўся да сітуацыі ў Расіі.

— Я думаю, што адна з прычын сучаснага становішча Расіі заключаецца ў тым, што яна застаецца шматнацыянальнай дзяржавай з вялікай колькасцю этнічных меншасцей, але пры гэтым так і не паглядзела пасля 1991 года шчыра ў твар сваёй імперскай мінуўшчыне. Не было рэальнай дэсталінізацыі, люстрацыі або дэкамунізацыі — магчыма, не ўсе гэтыя тэрміны карэктныя, але вы разумееце, пра што я гавару. У выніку, імперскія наратывы працягваюць сілкаваць і грамадства, і дзяржаву, а ўлады актыўна гэтым карыстаюцца. Людзям гавораць, што пасля 1991 года Расія нібы страціла сваю гісторыю. Адначасова этнічным меншасцям, якія жывуць у Расіі, навязваюць перакананне, што яны могуць стаць рускімі, і гэта, на мой погляд, істотна адрознівае Расію ад многіх іншых імперый. Гэта пасланне сапраўды мэтанакіравана прасоўваецца. Некалькі гадоў таму быў паказальны прыклад, звязаны з «Юнармией» — ваенізаванай маладзёжнай арганізацыяй. Адзін з яе членаў — дзяўчына з Узбекістана, прыкладна 17–18 гадоў, расказвала, што прыехала ў Расію ў дзесяць гадоў і з яе  здзекаваліся, бо яна дрэнна гаварыла па-руску, мела акцэнт і выглядала інакш. Затым яна ўступіла ў «Юнармию», апранула форму і сказала: «Глядзіце на мяне цяпер: я папулярная, я адчуваю сябе моцнай і паспяховай!». Такім чынам, мы бачым нешта падобнае на працэс паўторнай імперыялізацыі праз падобныя наратывы.

Падобным чынам выхоўваюць моладзь і ў Беларусі — у псеўдабеларускім патрыятызме, з акцэнтам на рускасць і з ігнараваннем беларускай мовы і ідэнтычнасці. У гэтым плане кніга Іэна Гарнэра карысная: каб зразумець, якую пагрозу нясе моладзь, заражаная рускім фашызмам.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі эксперт: Рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Расіяй і стварае праблемы для суседзяў

22.01.2026 15:21
Анджэй Падраза каменціруе сітуацыю на граніцы Польшчы, ЕС і НАТА з Расіяй і Беларуссю.