Статыстычныя дадзеныя пацвярджаюць, што палякі, якія эмігравалі за мяжу гады таму, усё часцей выбіраюць вяртанне на радзіму, піша Businessinsider.com.pl.
У мінулым годзе гэты факт прызналі Вялікабрытанія і Германія, два асноўныя напрамкі для польскіх эмігрантаў у гэтым стагоддзі. Да гэтай групы далучыліся цяпер Нідэрланды.
Міграцыйны баланс з Польшчай для гэтых краін упершыню ў найноўшай гісторыі – адмоўны. Адтуль вярнулася больш палякаў, чым вырашылі з'ехаць. Падобныя тэндэнцыі бачныя і ў іншых краінах.
На пачатку гэтага стагоддзя Нідэрланды былі адным з трох самых папулярных напрамкаў эміграцыі палякаў на працу, пасля Германіі і Вялікабрытаніі.
«Палякі вяртаюцца на радзіму не таму, што ў Нідэрландах адбываецца нешта дрэннае, а таму, што ў Польшчы адбываецца нешта добрае », – адзначае Businessinsider.
Галандцы доўгі час былі аднымі з самых заможных грамадстваў Еўрапейскага Саюза. Польшча, якая далучылася да ЕС толькі ў 2004 годзе, была ў супольнасці «бедным сваяком заходніх краін».
Аднак з таго часу Польшча развівалася значна хутчэй, чым прадстаўнікі «старога ЕС», як па росце ВУП, так і па іншых паказчыках, такіх як узровень жыцця грамадзян.
У 2010 годзе сярэдні заробак у Польшчы складаў прыкладна 1000 долараў. У той жа час жыхары Нідэрландаў зараблялі ў сярэднім у пяць разоў больш.
Дадзеныя Еўрастата паказваюць, што ў 2024 годзе розніца ўсё яшчэ бачная, але не такая каласальная, як 15 гадоў таму. Сёння жыхары Нідэрландаў зарабляюць удвая больш, чым у Польшчы. Сярэдні заробак складае прыкладна 3800 еўра, што эквівалентна 15000 злотых.
У сваю чаргу, сітуацыя змянілася ў пытанні беспрацоўя. У 2010 годзе ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 9-10%, у той час Нідэрланды фіксавалі ў грамадстве 4-5% беспрацоўных.
Сёння, паводле звестак Еўрастата, Польшча ўваходзіць у лік еўрапейскіх лідараў, маючы ўзровень беспрацоўя ў 3,2 працэнта, а ў Нідэрландах – надалей каля 4%.
Статыстычныя дадзеныя з Ісландыі, куды палякі таксама масава ехалі за працай, таксама паказваюць, што міграцыйны баланс з Польшчы становіцца менш станоўчым для гэтай краіны. Нарвегія таксама стала менш вабіць палякаў.
«Шмат фактараў можа спрыяць вяртанню на радзіму. Павышэнне ўзроўню жыцця ў Польшчы – гэта адно, але павялічылася значнасць сацыяльных фактараў, асабліва тых, што звязаны з сямейнымі абставінамі». (...) аднак «Не варта меркаваць, што павелічэнне колькасці вяртанняў з эміграцыі раптоўна вырашыць дэмаграфічныя праблемы Польшчы» – адзначаецца ў публікацыі Businessinsider.com.pl
Міграцыю палякаў у краіны ЕС вывучалі доктар Дамініка Пшчалкоўская і доктар Сара Баярчук з Цэнтра даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэта. Іх даследаванне паслужыла асновай для гэтага артыкула.
яс